Лінкі ўнівэрсальнага доступу

107. Унівэрсытэцкі дыплём - праз Інтэрнэт.


Пройдзе яшчэ некалькі год і ўнівэрсытэцкія будынкі будуць зруйнаваныя… Магчыма іх прададуць на патрэбы прыватных фірмаў і дзяржаўных установаў… Такую карціну будучыні ўсясьветнай адукацыі малююць часам спэцыялісты ў галіне пэдагогікі. Наколькі ж рэальны падобны вобраз будучыні адукацыі? І якімі шляхамі разьвіцьця пойдуць заўтра ўнівэрсытэты сьвету?

32-гадовая амэрыканка Сільвія Чэні, матка дваіх дзяцей, нядаўна скончыла ўнівэрсытэт Маршала ў Заходняй Вірджыніі і атрымала дыплём эканаміста. Факт здавалася б шараговы ў амэрыканскай рэчаіснаснасьці, калі б ня тое, што жыве Сільвія ў Каліфорніі, і свой унівэрсытэт яна ніколі ня бачыла.

Цікава і тое, што на працягу чатырох год Сільвія вучылася не на завочным аддзяленьні, а на нармальнай “дзённай”, калі можна так сказаць, форме навучаньня. Яна на працягу гэтых гадоў практычна амаль штодня рэгулярна прысутнічала на занятках. Праслухоўвала лекцыі, удзельнічала ў сэмінарах, адказвала на пытаньні выкладчыкаў, здавала залікі і экзамены, дыскутавала з калегамі-студэнтамі на розныя тэмы, датычныя сучасных праблемаў эканоміі.

А рабіла яна гэта наступным чынам. Кожны раз у дзень заняткаў дакладна а 10 гадзіне раніцы Сільвія праз свой хатні кампутар падключалася да інтэрнэтаўскай старонкі свайго ўнівэрсытэту. Рабіла яна гэта з дапамогай толькі ёй і ўладам унівэрсытэту вядомага спэцыяльнага кодавага знаку – “пасворду”. Як толькі яна падключалася, настаўнік мог праверыць яе прысутнасць і весьці зь ёй дыялёг. Дыялёг гэты праз кампутар мог таксама ператварацца ў агульную дыскусію з іншымі студэнтамі, якія ўдзельнічалі ў занятках.

І вось так дзень за днём Сільвія Чэні ўдзельньчала ў занятках, ніколі фізычна так і не наведаўшы свой ўнівэрсытэт. Больш за тое, праз інтэрнэтаўскую старонку свайго ўнівэрсытэту яна мела доступ да больш як трох тысячаў сучасных падручнікаў у галіне эканамічных навукаў. Практычна дома яна мела ўсю патрэбную для заняткаў літаратуру з унівэрсытэцкай бібліятэкі.

Калі ж Сільвія хварэла ці па нейкіх іншых прычынах не была ў стане прысутнічаць на занятках, яна магла зрабіць гэта пазьней у выгодны для яе час. У памяці яе кампутара захоўваюцца сёньня ўсе заняткі, якія адбыліся на працягу 4-х гадоў навучаньня, і яна заўсёды можа іх прагледзець. Можа таксама такім чынам паўтарыць адпаведны найбольш цяжкі матэрыял.

Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце Заходняй Вірджыніі Сільвія таксама мела некаторыя перавагі перад тымі студэнтамі, якія жывуць ва ўнівэрсытэцкім кампусе і непасрэдна ўдзельнічаюць у занятках. Так, напрыклад, курс інтэрнэтаўскага навучаньня прадугледжвае магчымасьць сталай праверкі сваіх ведаў з дапамогай тэстаў, вынікі якіх вядомыя толькі самому студэнту.

Кошт інтэнэтаўскага навучаньня ў ЗША прыблізна ў 5-6 разоў меншы, чымся традыцыйная форма адукацыі. І ў сувязі з тым, што на сьвеце назіраецца сталая тэндэнцыя патаненьня сродкаў электроннай сувязі, у будучыні, магчыма, патанее і адукацыя праз Інтэрнэт.

Але ці здолее вышэйшая адукацыя праз інтэрнэт выцясьніць традыцыйныя формы ўнівэрсытэцкага навучаньня? Прыхільнікі Інтэрнэту лічаць, што з кожным годам перавагі кампутарнай адукацыі будуць рабіцца ўсё больш і больш відавочнымі, і раней ці пазней яна стане дамінаваць.

Ужо сёньня ёсьць пляны і канкрэтныя крокі на шляху да стварэньня гэткай глябальнай унівэрсытэцкай кампутарнай аўдыторыі, дзе б у якасьці выкладчыкаў выступалі ўсясьветна вядомыя вучоныя. У занятках у гэткай інтэрнэтаўскай аўдыторыі ўдзел маглі б прымаць дзясяткі тысяч, а можа і мільёны студэнтаў.

Праціўнікі ж празьмернай кампутарызацыі сьцьвярджаюць, што нішто ня можа замяніць беспасрэднага кантакту паміж студэнтам і выкладчыкам. Яны лічаць, што інтэрнэтаўскі ўнівэрсытэт можа забіць гуманістычны характар вышэйшай адукацыі, што ён можа спрыяць бездухоўнасьці і абыякавасьці.

Пакінем, аднак, у баку гэтыя спрэчкі праціўнікаў і прыхільнікаў Інтэрнэту на ўнівэрсытэтах. Факты сьведчаць аб тым, што Інтэрнэт у адукацыі заваёўвае адну пазыцыю за другой. Толькі ў Злучаных Штатах Амэрыкі больш за 2 млн. студэнтаў вучацца ў інтэрнэтаўскіх клясах унівэрсытэтаў. На нядаўніх слуханьнях у Кангрэсе ЗША на тэму рэформы нацыянальнай сыстэмы адукацыі было сьцьверджана, што ў будучыні ніводзін з амэрыканскіх унівэрсытэтаў не абыйдзецца без разьвіцьця інтэрнэтаўскіх формаў навучаньня.

На гэтых слуханьнях Джэймс Дудэрстадт, дэкан інжынернага факультэту ўнівэрсытэту штату Мічыган, заявіў, што Інтэрнэт – гэта надзвычайны сродак адукацыі людзей, якія ўжо працуюць, тых, хто ня мае часу штодня рэгулярна наведваць унівэрсытэт. Але амаль кожны з іх, падкрэсьліў Дудэнстадт перад кангрэсмэнамі, мае 2-3 гадзіны штодня, каб правесьці іх каля кампутара.

Летам сёлета 18 вядомых унівэрсытэтаў з ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Сынгапуру стварылі новую кампутарную адукацыйную праграму пад назвай “Унівэрсытат 21”, якая, на думку яе стваральнікаў, павінна ў хуткім часе ператварыцца ва ўніфікаваны глябальны ўнівэрсытэт.

“Унівэрсытат 21” плянуе выдаваць сваім выпускнікам дыплёмы за подпісамі ўсіх 18 рэктараў унівэрсытэтаў, якія ўваходзяць у гэтую новую структуру. У плянах значнае пашырэньне “Унівэрсытата”, ператварэньне яго ў глябальны ўнівэрсытэт, які будзе навучаць студэнтаў на ўсіх пяці кантынэнтах.

Шэф новай ўнівэрсытэцкай структуры пісаў на старонках часопіса Chronicle of Higher Education, што аб’яднаньне дазваляе выразна падвысіць агульны ўзровень навучаньня. “Калі ўнівэрсытэт у Таронце, пісаў ён, мае выдатнага выкладчыка-прафэсара хіміі, а ўнівэрсытэт у Лёс-Анджэлесе добрага гісторыка, дык чаму б не абменьвацца лекцыямі гэтых прафэсараў?”

Стварэньне глябальнай ўнівэрсытэцкай клясы, як бачым, гэта ўжо ня мара, а канкрэтныя практычныя дзеяньні, дзеяньні, якія накіраваныя на падвышэньне агульнага ўзроўню вышэйшай адукацыі. І калі меркаваць паводле водгукаў слухчоў “Гаўдэамусу”, у Беларусі ёсьць вельмі шмат здольных маладых людзей, якія б хацелі навучацца ў ёй.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG