Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мы будзем у ХХІ стагодзьдзі працягваць свой род?


(эфір 17 сьнежня 1999)

Аўтар і вядучы – Віталь Цыганкоў.

Тэма сёньняшняе спробы зазірнуць у будучыню, у ХХІ стагодзьдзе – вечная, як самое жыцьцё. Гэта – працяг роду. Дакладней – форма, у якой гэты працяг будзе ажыцьцяўляцца. Іншымі словамі – сэкс у трэйцім тысячагодзьдзі – пэрспэктывы, зьмены, пагрозы – у ацэнках міжнародных экспэртаў.

Пачнем з добрага: у 2025 годзе людзі ўсё яшчэ будуць імкнуцца зацягнуць адзін аднаго ў ложак, хаця спосабы знаёмства будуць адрозьнівацца ад цяперашніх, – так пачынае свой артыкул ў часопісе “Time” Мэт Рыдлі, аўтар кнігі “Чырвоная каралева: сэкс і эвалюцыі чалавечай прыроды”.

А цяпер рэвалюцыйная (ці хутчэй – эвалюцыйная) навіна: сэкс будзе выглядаць не такім патрэбным, як цяпер. Займацца сэксам для нас занадта вялікае задавальненьне, каб ад яго адмовіцца, але ў будучым гэты занятак застанецца пераважна дзеля асалоды, а не дзеля размнажэньня. Многія асобы, найперш багатыя, пыхлівыя і амбітныя, будуць усё часьцей ужываць лябараторныя прабіркі для таго, каб працягваць свой род, аднак, ня столькі з прычыны бясплоднасьці і недахопу адпаведных партнэраў, колькі на тое, каб клянаваць сябе і падпраўляць свае гены.

Ёсьць жывыя істоты, якія размнажаюцца бяз сэксу – гэта некаторыя яшчаркі, тля, мікрабактэрыі. А цяпер, канешне, і людзі. Ад нараджэньня ў 1980 годзе Луізы Браўн, першага чалавека, зачатага ў прабірцы, сотні тысячаў людзей былі зачатыя ў лябараторыях, а ня ў ложках

Калі клянаваньне чалавека стане магчымым (а пасьля зьяўленьня знакамітай авечкі Долі, мала хто сумняецца, што гэта можна будзе зрабіць ужо да 2025 году), сама сувязь паміж сэксуальнымі ворганамі і рэпрадукцыяй будзе скасаваная.

Чалавек будзе мець магчымасьць узяць фрагмэнты ад свайго цела і вырасьціць зь іх новага чалвека, нібыта ён лазовае дрэва. Калі ж стане магчымым дасьледваць на экране і генетычна падпраўляць эмбрыёны, каб палепшыць іхнае штучнае апладненьне, клянаваньне можа стаць нормай, а не выключэньнем – прынамсі для тых, хто зможа сабе гэта дазволіць.

У прынцыпе, людзі ўжо правялі мяжу паміж сэксам і размнажэньнем. У 60-ыя гг. пігулкі кантрацэпцыі вызвалілі жанчыну, дазволілі ёй захапляцца сэксам дзеля сябе самой. Разам з тым, узрасла талеранцыя грамадзтва да гомасэксуальнасьці, што выявіла ягоную гатовасьць прымаць сэкс іншага кшталту.

Аднак гэтыя зьмены ёсьць толькі працягам тэндэнцыяў, якія ўзьніклі мільён гадоў таму. Рычард Ранхам, прафэсар антрапалёгіі Гарварду, кажа: “Большасьць сысуноў страціла цікавасьць да сэксу па-за межамі кароткага шлюбнага пэрыяду. Для самкі шымпанзэ, злучка абмяжоўваецца часам, калі яна мае ружовую пухліну на сваёй крыжавіне. Па-за гэтым пэрыядам бадзёрасьці, самка шымпанзе нават ніколі і ня думае спакушаць самца. Зрэшты, і ён таксама жахнуўся б ад такой перспэктывы”, – тлумачыць гарвардзкі прафэсар.

Апрача людзей інтарэс да інфертальнага сэксу – гэта значыць, сэксу без ідэі зачацьця – падзяляюць таксама дэльфіны, сякія-такія віды птушак ды некаторыя іншыя жывёлы. Цікава, што расьце колькасьць людзей, якія наагул адмаўляюцца ад сэксу для размнажэньня. Многія з тых, што нарадзіліся, так бы мовіць, у прабірцы, цяпер самі бясплодныя. Гэтую бясплоднасьць яны атрымалі ў спадчыну ад сваіх генетычных бацькоў. У выніку колькасьць бсплодных людзей будзе расьці, а разам з гэтым ростам будзе павялічвацца колькасьць замоваў на прабірачныя зачацьці. Дадайце да гэтага геяў і лесбіянак, а таксама людзей, якія ня хочуць перадаваць сваім дзяцям спадчынныя хваробы – і стане зразумелым, што колькасьць несэксуальных размнажэньняў будзе павялічвацца.

Паміж дзьвюма радасьцямі – сэксу і мацярынства – пралягае не заўсёды бясхмарны, а часам, нават, пакутлівы шлях. Каб пазьбегнуць гэтых пакутаў і не папсаваць цяжарнасьцю сваёй фігуры (прынамсі, так яны гэта разумеюць) некаторыя галівудскія акторкі адаптавалі, ці як у нас кажуць, узялі сабе чужых дзяцей. Для людзей з такой матывацыяй жаданьне стаць клянаваным праз пэўны час стане неадольным.

Пакуль клянаваньне яшчэ застаецца недаступным, але жаданьне палепшыць гэнэтычны код дзяцей можа ажыцьцявіцца ўжо неўзабаве. Знаўца малекулярнае біялёгіі з Кембрыджу Грэм Мітчысан кажа: “Мы ўсе можам быць прыгожымі – ніякіх лысінаў, ніякіх маршчакоў, ніякіх вуглаватых каленяў”.

Алівія Джудсан, аўтар кнігі “Сэксуальныя парады доктара Тацьцяны для ўсіх істотаў”, глядзіць на гэта крыху інакш: “Калі існуе такая моцная варожасьць да генетычна вырабленай соі, можна ўявіць, якое будзе стаўленьне да генетычна мадыфікаваных людзей”.

Мы аднак не зьбіраемся выкарыстоўваць клянаваньне, каб стварыць усё наступнае пакаленьне з аднаго чалавека. Нават калі будзе даказана, што сэкс гэнэтычна неабавязковы, ён па-ранейшаму застанецца адной з найбольшых асалодаў, бо дзякуючы сэксу мы маем бальшыню тых рэчаў, якія складаюць наш эстэтычны сьвет. Бяз сэксу ня будзе ні кветак, ні птушыных сьпеваў.

“Калі б ня было жанчынаў, усе грошы на сьвеце ня мелі б ніякага значэньня”, – казаў мільярдэр Арыстоцель Анасіс, які, напэўна ж, ведаў пра што кажа. Альбо, як адзначыў Генры Кісінджэр, “улада – гэта найбольшы афрадызыяк” (aprodisiac).

“Дзе людзі і ўся іхная цывілізацыя апынуліся б бяз сэксу? – пытаецца Мэт Рыдлі, аўтар кнігі “Чырвоная каралева: сэкс і эвалюцыі чалавечай прыроды”, – і сам адказвае: “Напэўна, размнажаліся б як яшчаркі, без залішніх намаганьняў, і пры гэтым не стварылі б ні дзяржаваў ні помнікаў архітэктуры”. (Ні сямі цудаў сьвету?).

Іншае пытаньне, зьвязанае з нашчадкамі – ці можам мы зрабіць сваіх дзяцей разумнейшымі? Прафэсар малекулярнай біялёгіі Прынстанскага ўнівэрсітэту і аўтар кнігаў на гэтую тэму Лі Сільвер паспрабававала зазірнуць у будучыню. Уявім сабе рэклямную аб’яву ў нейкай радзільнай клініцы ў 2024 годзе. “Чаму б не даць вашаму малому найлепшы жыцьцёвы старт?” – чытаюць наведнікі аб’яву і далей бачаць на экране поўны тэкст прапановы. “Разгледзьце нашую адмысловую праграму “Арганічнага ўзмацненьня”. Яна забясьпечыць вашаму дзіцю натуральную абарону ад сардэчных хваробаў, дыябету, васьмі формаў раку, таксама як абсалютную ахову ад СНІДу, алергіі, астмы і хваробы Алцгаймера. Але майце на ўвазе, вы мусіце дзейнічаць перад тым, як станеце цяжарнай. Гэта сапраўды адзіная ў жыцьці мажлівасьць для вашага будучага дзіцёнка”.

Рынак адрэагаваў імгненна. Попыт па праграму “Арганічнага ўзмацненьня” перавысіў усе чаканьні. Але і крытыкі адрэагавалі адразу. Яны засьведчылі, што тэхналёгія ўзмацненьня дадала новыя гены ў кожную клетку арганізму малога, а значыць ёсьць вельмі вялікая верагоднасьць таго, што потым гэтае дзіцё перадасьць згаданыя гэнэтычныя зьмены сваім нашчадкам. “Ці не зьяўляецца гэтая праграма проста новай назвай для для геннай інжынерыі?” пытаюцца крытыкі.

Генетычная інжынерыя была ўпершыню пасьпяхова ўжываная на жывёлах і расьлінах ў канцы 80-х. Напрыканцы тысячагодзьдзя гэнэтыкі ўжо не сумняваліся, што гэтую тэхналёгію можна ужываць і для людзей. Але на той час, навуковае разуменьне чалавечых генаў было ўсе яшчэ вельмі фрагментарным. Заканчэньне да 2003 году праекту чалавечых генаў зьменіць апісаную сытуацыю. Праект забясьпечыць навукоўцаў каталёгам, у якім будзе зафіксаваны кожны ген чалавека. На працягу наступнага дзесяцігодьдзя, фармацэўтычныя кампаніі пачнуць ужываць каталёг для сваіх дасьледаваньняў. Адной з найвялікшых знаходак ёсьць адкрыцьцё, што амаль для кожнай хваробы ёсьць пэўная колькасьць людзей, якія маюць спэцыфічныя і вельмі моцныя абаронныя гены. Да 2020 года, сьпіс такіх генаў натуральнай аховы моцна пашырыцца і распаўсюдзіцца на ўсе асноўныя інфекцыі і неінфекцыйныя хваробы.

Дагэтуль асноўная тэхнічная пярэчаньне генетычнай інжынерыі было ў тым, што мы ніколі ня можам ведаць, які эффект дададзеныя гены будуць мець да нараджэньня дзіцяці. Пасьля нараджэньня, будзе ўжо вельмі позна пазьбегнуць непажаданых негатыўных наступстваў. Але калі падобныя гены існуюць ў іншых людзей, мы можам вывучыць гэтых асобаў перад тым, як вызначыць бясьпечнасьць генаў.

Генныя інжэнеры мелі імідж навукоўцаў накшталт Франкенштайна, якія ствараюць маленькіх монстраў. Гэты імідж відавочна не дапамагаў справе. Таму кансультанты прапанавалі проста зьмяніць назву гэтых дасьледаваньняў. Так зьявілася Арганічнае ўзмацненьне. І заможныя бацькі пацягнуліся у клініку Сьвятога гена.

У часе прэсавай канферэнцыі пасьля нараджэньня першага генетычна спраектаванага дзіцяці журналісты выкрыквалі свае пытаньні да маці, якая трымала на руках немаўлятку. “Ці гэта этычна? Як вы маглі зьмяніць гены сваёй дачкі, калі яна была няздольная даць на гэта згоду?”

“Што неэтычнага ў тым, што я забясьпечу майму дзіцяці найлепшыя ўмовы для здаровага жыцьця? – Адказала маці. –Чаму я не магу даць сваёй дачцэ абарончыя гены, якія іншыя дзеці маюць ад прыроды?”

У хуткім часе, калі ўсё больш і больш бацькоў прыносілі дадому шчасьлівых і здаровых немаўлятак, спрэчкі на гэты конт заціхлі.

Так, у даволі сьветлых фарбах, бачыць будучыню геннай інжынерыі прафэсар Прынстану Лі Сілвер.

Віталь Цыганкоў, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG