Сёньня ў Ню-Ёрку ў аэрапорце імя Кэнэдзі быў арыштавны Дзяржаўны сакратар
Саюзу Беларусі і Расеі Павал Барадзін. Арышт абыўся ў адпаведнасьці з судовым даручэньнем
пракуратуры Швайцарыі. Арышт Барадзіна сёньня А.Лукашэнка назваў вельмі непрыязным актам ЗША
ў дачыненьні да Беларусі як да часткі саюзнае дзяржавы з Расеяй.
(А.Лукашэнка: ) "Гэта скрайне непрыязны выпад Злучаных Штатаў Амэрыкі
ці нейкае галавацяпства чыноўнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі ў дачыненьні
да абедзьвюх дзяржаваў. Інакш разглядаць я гэта не магу".
Як толькі зь Нью-Ёрку паведамілі пра затрыманьне ў аэрапорце імя Кэнэдзі
дзяржаўнага сакратара саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі П.Барадзіна, старшыня
Вышэйшае дзяржаўнае рады гэтае дзяржавы А.Лукашэнка склікаў у Менску апэратыўную
нараду са сваімі сілавікамі.
Ён адразу заявіў, што расцэньвае арышт Барадзіна як вельмі непрыязны
ўчынак з боку ЗША ў дачыненьні да дзьвюх дзяржаваў — Беларусі ды Расеі,
і найперш да іхнага саюзу.
(Лукашэнка: ) "Я вымушаны рэагаваць на гэта яшчэ й таму, што я старшыня
найвышэйшага дзяржаўнага савету Беларусі й Расеі. І дазвол на выезд Паўла
Паўлавіча Барадзіна ў гэтую камандзіроўку афіцыйна ўчора даў я".
А.Лукашэнка распавёў, што абмяркоўваў паездку П.Барадзіна ў ЗША пад
час свайго нядаўняга візыту ў Маскву з расейскім кіраўніцтвам 16 студзеня.
Спадар Лукашэнка, паводле ягоных словаў, вельмі падрабязна гаварыў пра
гэта з прэм’ер-міністрам Расеі Міхаілам Касьянавым.
(Лукашэнка: ) "І мы гэта ўспрынялі за вельмі добры жэст з боку Злучаных
Штатаў Амэрыкі. Во дакумэнты, што перада мной — учора я іх падпісаў. Тут
запрашэньне Барадзіну як дзяржаўнаму сакратару саюзу Беларусі й Расеі.
І мы вельмі добра расцанілі гэта ўчынак з боку ЗША. Напісаў гэтае запрашэньне
член Камітэту па інаўгурацыі прэзыдэнта Буша Джэймс Зэнга. "Вас сустрэнуць
у аэрапорце…" Сустрэлі во ў аэрапорце, кайданкі начапілі. Гэта, між іншым,
паказчык высокай дэмакратыі з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі", — заявіў спадар
Лукашэнка свайму дзяржаўнаму сакратару Ў.Латыпаву, які да апарату Рады
Бясьпекі ўзначальваў беларускае Міністэрства замежных справаў.
Адначасова з Лукашэнкавай нарадай брыфінг ладзіў прэсавы сакратар МЗС
П.Латушка, які быў больш стрыманы ў ацэнках. Ён найперш зазначыў, што
пытаньнем Барадзіна будзе займацца расейская амбасада ў ЗША, хаця й беларускае
МЗС даручыла сваім прадстаўніцтвам у Вашынгтоне ды Нью-Ёрку “адсочваць
разьвіцьцё сытуацыі й пры магчымасьці браць удзел у разьбіральніцтве, калі
гэты працэс будзе адкрытым”.
Пасьля гэтага спадар Латушка заявіў:
(Латушка: ) "Мы разглядаем Паўла Барадзіна як дзяржаўнага сакратара
саюзнай дзяржавы. Што да астатніх пытаньняў, гэта юрысдыкцыя Расейскай
Фэдэрацыі, бо вядома, што Павал Барадзін — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі".
Павал Латушка дадаў, што Менск падтрымлівае кантакт з расейскім бокам
у гэтай сытуацыі.
На маё пытаньне, ці ёсьць дыпляматычны статус у Паўла Барадзіна й ці
была зарэгістраваная ў ААН беларуска-расейская саюзная дзяржава, прэсавы
сакратар МЗС адказаў толькі гэтак:
(Латушка: ) "Мы не хацелі б камэнтаваць гэтага пытаньня ў гэты момант".
П.Латушку паправіў А.Лукашэнка:
(Лукашэнка: ) "У гэтым выпадку я не кранаю правапарушэньняў, якія, магчыма,
былі ў Барадзіна — фінансавага характару, гэта мяне не датычыць, я тут
абсалютна некампэтэнтны. Я кажу толькі пра дыпляматычны скандал, які сёньня
выбухнуў, прычынай якога сталі Злучаныя Штаты Амэрыкі, таму што Барадзін
меў пры сабе дыпляматычны пашпарт і таму меў дыпляматычную недатыкальнасьць",
— заявіў А.Лукашэнка.
Але гэтую заяву Лукашэнкі абвяргаюць у Швайцарыі. Летась, 30 чэрвеня,
я браў у Жэнэве інтэрвію ў генэральнага пракурора гэтага швайцарскага кантону
Бэрнара Бэртусы.
(Бэртуса: ) “Мы абвiнавачваем спадара Барадзіна ў адмываньні грошай
тут у Жэнэве, а не ў карупцыi ў Расеi, — сказаў мне спадар Бэртуса й дадаў:
— Фiрмы “Мабэтэкс” i “Мэрката” перадалi розным расейскiм чыноўнiкам вельмi
вялiкiя сумы так званых камiсiйных.
Паводле нашых законаў, нельга перасьледаваць каго-небудзь проста за
карупцыю ў Расеi. Але калi гэты чалавек спрабуе схаваць грошы ў Швайцарыi,
то можна. Пра Барадзiна мы ведаем вельмi шмат. Ён атрымаў вельмi вялiкiя
сумы грошай”, — зазначыў генпракурор Жэнэвы.
Паводле ягоных словаў, агульная сума замарожаных сродкаў у справах фiрмаў
“Мабэтэкс” i “Мэрката” складае 65 мiльёнаў даляраў, але спадар Бэртуса
ў iнтарэсах сьледзтва адмовіўся сказаць, якая частка гэтай сумы належыць
Паўлу Барадзiну.
Я задаў генпракурору Жэнэвы гэткае пытаньне: “Калi раптам спадар Барадзiн
паедзе ў Заходнюю Эўропу — прыкладам, прадстаўляць расейска-беларускую
саюзную дзяржаву на нейкiм форуме, — цi будзе ён арыштаваны?”
Бэрнар Бэртуса даў наступны адказ, цытую: “Ордэр на арышт можа дзейнiчаць толькi на тэрыторыi Швайцарыi, а можа
й ва ўсёй Эўропе, i ва ўсiм сьвеце. Калi судзьдзя выдае такi ордэр, ён
не раскрывае ягонага тыпу”, — заявіў спадар Бэртуса.
На пытаньне, цi ўлiчвалi жэнэўскія пракуроры цяперашнi статус Паўла
Барадзiна як мiжнароднага расейска-беларускага чыноўнiка, Бэрнар Бэртуса
адказаў гэтак: “Мяне гэта не хвалюе. Ён ня мае тут анiякага iмунiтэту.
Гэта мела б значэньне, калi б ён меў такi iмунiтэт у Швайцарыi, але тут
iншы выпадак”.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1