Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Вашынгтоне пачынаецца першая сэсія Сэнату ЗША новага скліканьня. Яго першачарговая задача – зацьвярджэньне новага ўраду.

Інаўгурацыя і афіцыйнае заняцьце пасады новым кіраўніком дзяржавы адбудзецца 20-га студзеня, але ўрад зацьвярджаецца ўжо зараз. Паводле Канстытуцыі менавіта Сэнат – верхняя палата Кангрэсу – зацьвярджае сябраў ураду, Вярхоўнага суду, федэральных судзьдзяў і амбасадараў. Учора Джордж Буш завершыў фармаваньне свайго кабінэту, назваўшы імёны апошніх з 14-ці міністраў. Абраны прэзыдэнт схарактарызаваў свой выбар наступным чынам:

(Буш: ) “Я з вялікім задавальненьнем прадстаўляю Вам гэтых сябраў майго кабінэту. Найлепшы пачатак новага году – завершыць фармаваньне ўраду – я мяркую аднаго з найлепшых урадаў, якія прэзыдэнт ЗША калі-небудзь зьбіраў”.

У Сэнаце новага скліканьня, дзе 100 дэпутацкіх мейсцаў, галасы паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі падзеленыя дакладна пароўну 50 на 50. Праўда, віцэ-прэзыдэнт Рычард Чэйні па Канстытуцыі зьяўляецца і старшынём Сэнату, і яго голас можа быць вырашальным.

Хаця галасаваньне “за” ці “супраць” міністраў адбываецца ня ў жорсткай адпаведнасьці з партыйнай прыналежнасьцю сэнатараў. Досьвед паказвае, што звычайна Сэнат ідзе насустрач кіраўніку дзяржавы: за больш чым 200 гадоў існаваньня ЗША толькі 5% кандыдатураў міністраў былі адхіленыя верхняй палатаю Кангрэсу. З другога боку, звычайна і прэзыдэнты, асабліва напачатку свайго праўленьня, падбіраюць такія кандыдатуры міністраў, якія б не выклікалі антыпатыяў заканадаўцаў.

Назіральнікі прыгадваюць, як у 1989 годзе тагачасны прэзыдэнт Буш – бацька цяперашняга абранага прэзыдэнта – пацярпеў няўдачу з прапанаваным ім міністрам абароны Таўэрам. Падчас шумных слуханьняў у Сэнаце Тауэра абвінавацілі ў злоўжываньні гарэлкаю і ў сэксуальнай распусьце, і падчас галасаваньня большасьць сэнатараў прагаласавала супраць яго кандыдатуры.

На гэты раз наглядальнікі не прагназуюць ніякіх нечаканасьцяў, хутчэй за ўсё ўсе прапанаваныя Джорджам Бушам кандыдатуры будуць ухваленыя без асаблівых праблемаў. Пэўныя сумненьні выклікаюць толькі пэрспэктывы зацьверджаньне міністра юстыцыі Джона Эшкрофта. Былы сэнатар ад Мінэсоты Эшкрофт вызначаецца даволі кансэрватыўнымі поглядамі: ён выступае катэгарычна супраць права на аборты і ня надта прыхільна ставіцца да правоў меншасьцяў – афраамэрыканцаў, лацінаамэрыканцаў, гамасэксуалістаў ды іншых. Шэраг сэнатараў-дэмакратаў лібэральнага накірунку ўжо паведамілі, што ня будуць галасаваць за гэтую кандыдатуру. Апанэнты кандыдата кажуць, што асоба, якая будзе адказнаю за забесьпячэньне законнасьці, ня мусіць мець настолькі выразныя кансэрватыўныя погляды. Яго прыхільнікі адказваюць на гэта, што былы сэнатар вядомы як прыхільнік законнасьці і на пасадзе міністра юстыцыі будзе кіравацца не сваімі палітычнымі поглядамі, а законам.

Амэрыканскі друк надае даволі вялікую ўвагу асобе Эшкрофта. Такая ўвагу, адзначаюць аналітыкі, як мінінімум павялічвае колькасьць пытаньняў, якія будуць яму зададзеныя падчас абмеркаваньня яго кандыдатуры сэнатарамі. Барацьба вакол зацерджаньня Эшкрофта стане перашай сутычкаю паміж абраным прэзыдэнтам і яго палітычнымі апанэнтамі ў Кангрэсе.

Юры Дракахруст, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG