Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У 1990 годзе, калі камунізм ва Ўсходняй Эўропе сканаў, дзяржаўны сакратар ЗША Джэймс Бэйкер выступіў у Празе з гістарычнай прамовай, у якой заклікаў міжнародную супольнасьць падтрымаць незалежнае вяшчаньне ў савецкіх рэспубліках. З таго часу неабходнасьць у незалежных мэдыях узрасла яшчэ больш для краінаў, дзе дэмакратыя не ўмацавалася альбо захаваліся дыктатарскія рэжымы. “Дэмакратыя вымагае шматгалосься” – так называецца артыкул Дэвіда Гофмана ў сёньняшнім нумары New York Times.

“Нішто так не палохае рэпрэсіўныя рэжымы, як страта кантролю над інфармацыяй. І няма нічога больш важнага за інфармацыю ў працэсе стварэньня грамадзянскай дэмакратычнай супольнасьці,” – піша Дэвід Гофман . Свабода прэсы, асабліва вяшчаньня застаюцца пад пагрозай у многіх рэспубліках былога СССР і усходняга блёку.

На думку аўтара, перасьлед Уладзімера Гусінскага – уладальніка ўплывовай тэлекампаніі НТВ, якая крытыкавала вайну ў Чачні й паводзіны прэзыдэнта Пуціна ў выпадку з субмарынай “Курск”, паказаў, што можа стацца з сотнямі маленькіх незалежных тэлестанцыяў у Расеі, многія зь якіх узьніклі, дзякуючы амэрыканскай дапамозе.

У Чэхіі 100 000 дэманстрантаў выйшлі на вуліцы падтрымаць журналістаў, якія распачалі страйк і заблякаваліся ў студыі вяшчаньня чэскага тэлебачаньня. Журналісты сваім учынкам даводзілі, што грамадзкае тэлебачаньне мусіць перадаваць незалежныя навіны, а не быць інструмэнтам партыяў.

Зусім нядаўна дзяржаўнае тэлебачаньне Югаславіі было такім інструмэнтам у руках былога прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча. У часе паўстаньня ў Белградзе дэманстранты захапілі ня толькі парлямэнт, але й тэлецэнтар, пратэстуючы супраць антызаходніцкай, антыіслямскай прапаганды. Незалежнасьць Сэрбскага тэлебачаньня была вырашальнай умовай для пабудовы дэмакратыі ў Сэрбіі – нагадвае Дэвід Гофман.

Рыторыка кітайскіх уладаў наконт дэмакратызацыі таксама будзе спраўджаная праз тое, ці змогуць грамадзяне Кітаю мець вольны доступ да мэдыяў, у прыватнасьці Інтэрнэту. Як піша New York Times, Кітай, у якім налічваецца 17 мільёнаў карыстальнікаў Інтэрнэту, апынуўся перад дылемай. Камуністычные кіраўніцтва забараніла распаўсюджваньне ў Інтэрнэце некаторых паведамленьняў пасьля таго, як рэлігійная сэкта Фалунгон паказала, што Сеціва можа быць інструмэнтам для стварэньня арганізацыі. Але гэтае ж кіраўніцтва ведае, што калі яно хоча мадэрнізаваць эканоміку, трэба зрабіць краіну адкрытай для інфармацыі і сучасных камунікацыяў. Як зазначыў дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл на цырымоніі інаўгурацыі, “уздым дэмакратыі і моц інфармацыйнай рэвалюцыі разам узятыя вызначаюць усё астатняе”.

Адміністрацыя Буша мусіць настойваць на тым, каб партнэрскія адносіны зь іншымі краінамі будавалася толькі пры ўмове свабоднага распаўсюджваньня незалежнай інфармацыі, свабоднага доступу да яе ўсіх грамадзянаў і гарантыяў свабоды слова, – заключае аўтар артыкулу ў New York Tіmes Дэвід Гофман.

Пераклаў

Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG