У Першамайскім раённым адзеле міліцыі дагэтуль утрымліваецца актывіст
“Народнае Грамады” Раман Ляўкоўскі, які прысутнічаў у штаб-кватэры партыі
пад час ўчорашняга нападу на яе невядомых рабаўнікоў. З гэтае нагоды Мікола
Статкевіч заяўляе, што Ляўкоўскага ўтрымліваюць фактычна ў якасьці закладніка,
каб здабыць ад яго зьвесткі, якія б скампрамэтавалі “Народную Грамаду”.
Міліцыя са свайго боку заяўляе пра таямніцу сьледзтва і адмаўляецца паведаміць,
дзе дакладна знаходзіцца затрыманы.
Расьсьледваньне нападу на штаб-кватэру “Грамады” яшчэ робіць толькі
першыя крокі, але гэтыя крокі ўжо набылі яўна скандальны характар. Як высьветлілася,
дагэтуль у пастарунку знаходзіцца адзін з чатырох прысутных пры нападзе
актывістаў “Народнае Грамады”, Раман Ляўкоўскі.
Астатніх выпусьцілі аб 11-й гадзіне ўранку, а Раман дагэтуль у міліцыі
і дакладныя прычыны ягонага затрыманьня не вядомыя. Мікола Статкевіч не
выключае, што зь яго спрабуюць атрымаць паказаньні, каб скампрамэтаваць
партыю. “Я бачу, што міліцыя спрабуе скіраваць справу ў той бок, каб абвінаваціць
нас у імітацыі нападу. Маўляў, дзеля падвышэньня рэйтынгу на час выбараў.
Я адразу заяўляю, што гэта хлусьня. Штаб-кватэру сапраўды абрабавалі”,
– заявіў радыё Свабода Мікола Статкевіч.
Лідэр “Грамады” кажа, што ягонага калегу па партыі Рамана Ляўкоўскага
трымаюць у пастарунку ў парушэньне нормаў, якія дазваляюць толькі трохгадзіннае
затрыманьне. “Ляўкоўскі фактычна апынуўся ў стане закладніка”, – сьцьвярджае
Статкевіч.
Спроба высьветліць, дзе сапраўды знаходзіцца Раман Ляўкоўскі аказалася
толькі напалову пасьпяховай. Кіраўнік крымінальнае міліцыі Першамайскага
раёну Ўладзімер Майсеня не адмаўляў, што Ляўкоўскі знаходзіцца ў ягоным
ведамстве, але ўдакладняць — дзе — не стаў.
(Майсеня: ) “Мы проста кантактуем з гэтымі людзьмі. Я, прабачце, таксама
з моманту зьдзяйсьненьня і да гэтага часу ў ложак ня клаўся. Наколькі мне
вядома, ён і пад’еў, і адпачыў. Дзе ён зараз, я канкрэтна не магу Вам адказаць”.
Міліцыянт заявіў далей, што больш нічога ня скажа й камэнтаваць напад
на штаб-кватэру ня будзе, паколькі ўсе матэрыялы сьледзтва зьяўляюцца службовай
таямніцаю. Цікава, што згодна з Уладзімерам Майсеням таямніцаю зьяўляецца
й прозьвішча сьледчага, які вядзе гэтую справу.
(Майсеня: ) “Прозьвішча яго, напэўна, яму вядомае, як і тым, з кім ён
там гутарыць, з афіцыйнымі асобамі Народнай Грамады, таксама вядомае”.
Сказаў кіраўнік крымінальнае міліцыі Першамайскага раённага адзелу міліцыі
Ўладзімер Майсеня, чые падначаленыя займаюцца расьсьледваньнем начнога
нападу на штаб кватэру “Народнае Грамады” і якія пакуль зь невядомых прычынаў
затрымліваюць аднаго са сьведкаў нападу Рамана Ляўкоўскага.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1