У Менску быў утвораны арганізацыйны камітэт у правядзеньні 1 кастрычніка
акцыі пад назваю “Марш Свабоды 3”. У аргкамітэт ужо ўвайшло каля 40 чалавек.
“Марш Свабоды” пройдзе ў рамках апазыцыйнае кампаніі байкоту восеньскіх
выбараў.
У сёньняшнім, першым паседжаньні аргкамітэту бралі ўдзел лідэры наступных
партый: БНФ — Вінцук Вячорка, АГП — Анатоль Лябедзька, БСДГ — Станіслаў
Шушкевіч, намесьнік старшыні “Народнае Грамады” — Аляксей Кароль, ды іншыя
вядомыя апазыцыянэры. Старшынём аргкамітэту “Маршу Свабоды” абраны прафэсар
Юры Хадыка. Пакуль у аргкамітэт увайшло прыкладна 40 чалавек, але арганізатары
“Маршу” маюць намер працягваць збор подпісаў яшчэ некалькі дзён. На іхную
думку, у аргкамітэт павінна ўваходзіць ня менш за 100 чалавек. Адпаведная
заяўка ў Менскі гарадзкі выканкам будзе пададзеная не пазьней за наступны
аўторак.
Плянуецца, што ўдзельнікі “Маршу Свабоды 3” зьбяруцца 1 кастрычніка
а 12-й гадзіне на пляцоўцы ля Акадэміі навук. Адтуль, дэманстранты зьбіраюцца
прайсьці па праезнай частцы праспэкту Францішка Скарыны да пляцу Незалежнасьці,
дзе адбудзецца мітынг. Пры гэтым, сябры аргкамітэту не зьбіраюцца прасіць
у чыноўнікаў дазвол на правядзеньне акцыі. Яны толькі паведамляюць гарадзкі
выканкам пра тое, што будуць праводзіць “Марш Свабоды” ў межах выбарчае
кампаніі: “за сумленныя выбары, супраць выбарчага фарсу”. Лідэр партыі
БНФ Вінцук Вячорка так ахарактарызаваў мэты “Маршу Свабоды”:
(Вячорка: ) “У заяўцы, якая пойдзе ў гарвыканкам, будзе гаварыцца, што,
па-перашае, акцыя адбываецца ў рамках выбарчага часу, бо мы выказваем сваё
стаўленьне да выбарчага фарсу, і мяркуем, дарэчы, што на такія акцыі дазвол
у прынцыпе не патрэбны. Мы будзем спадзявацца на каардынацыю, мы ветліва
інфармуем гарадзкія ўлады пра акцыю, прысьвечаную нашаму стаўленьню да
выбарчага фарсу. Асноўны лёзунг – за свабодныя дэмакратычныя выбары, за
рэальныя выбары. Але гаворачы, што пра рэальныя выбары, мы ў той жа час
гаворым пра незалежнасьць, пра будучыню нашай краіны, як незалежнай дзяржавы.
Звышмэта Марша-3 такая ж самая, як і папярэдніх маршаў – незалежнасьць,
дэмакратыя, не – дыктатуры”.
Паведаміў спадар Вячорка.
Арганізатары “Маршу Свабоды” не зьбіраюцца саступаць уладам і адмаўляцца
ад прапанаванага маршруту шэсьця праз цэнтар гораду. Паводле сябраў аргкамітэту,
іх не хвалюе тое, што ўлады могуць забараніць марш. На іхную думку, у такім
выпадку афіцыйны Менск засьведчыць усяму сьвету ў тым ліку й міжнароднай
тэхнічнай групе, якая прыедзе ў Беларусь, чаго вартыя заявы ўладаў наконт
пэрыяду даверу, які цяпер нібыта пануе ў краіне. Акрамя гэтага, на працягу
ўсяго перадвыбарчага пэрыяду, апазыцыянэры будуць штодня інфармаваць прадстаўнікоў
АБСЭ, ПА Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту пра ўсе парушэньні ўладамі правоў
чалавека ў Беларусі.
Старшыня арганізацыйнага камітэту Юры Хадыка заклікаў прысутных узяць
удзел у заўтрашнім сьвяткаваньні Дня беларускае вайсковае славы і прыйсьці
а 18-й гадзіне ў парк імя Янкі Купалы. Прадстаўнікі аргкамітэту таксама
вырашылі падтрымаць ініцыятыву Аб’яднанае Грамадзянскае партыі, якая ад
15 верасьня мае намер правесьці ў Менску 40 агітацыйных пікетаў за байкот
выбараў. На думку спадароў Лябедзькі, Вячоркі ды іншых, на правядзеньне
гэтых пікетаў ня трэба ніякага дазволу, бо яны будуць праходзіць у рамках
афіцыйнай агітацыйнае кампаніі.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1