Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ураніцу на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла папярэднія вынікі галасаваньня. ЦВК сьцьвяржае, што ў выбарах узялі ўдзел звыш 60 адсоткаў беларускіх выбаршчыкаў.

Паводле Цэнтральнае выбарчае камісіі, выбары адбыліся ў 96-ці са 110-ці выбарчых акругаў. У 43-х акругах ужо абраныя новыя дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў”, якія перамаглі адразу ў першым туры. У астатніх праз два тыдні, 29 кастрычніка, адбудзецца другі тур. У тых 14-ці акругах, дзе выбары не адбыліся, паводле заканадаўства, на працягу трох месяцаў мусяць адбыцца новыя выбары. Гэта чатыры акругі — у Віцебску й Берасьці, тры — у Менску, а таксама па адной — у Баранавічах, Барысаве й Маладэчне.

Сярод тых 43-х асобаў, што былі абраныя ўжо ў першым туры — 8 сяброў палітычных партыяў і толькі тры жанчыны. Але самае адметнае, што сярод іх больш як палова — 22 чалавекі — дэпутаты цяперашняга складу гэтак званага “Нацыянальнага сходу”. Назавем толькі некаторыя найбольш вядомыя прозьвішчы — Кучынскі, Пашкевіч, Хрол, Ананьеў, Глухоўскі, Салаўёў, Малафеяў, Канаплёў, Худая, Катляроў, Дубовік.

Сярод іншых вядомых асобаў, якія патрапілі ў “палату” ў першым туры — першы й другі сакратары БПСМ Усевалад Янчэўскі й Міхал Орда. У Менску ў першым туры абраны толькі адзін чалавек — таксама дэпутат “Палаты прадстаўнікоў” Уладзімер Аляксандровіч.

Дарэчы, яшчэ сёньня а трэцяй гадзіне ўначы, калі я тэлефанаваў у ЦВК, там адказвалі, што дасюль ня маюць інфармацыі пра яўку выбаршчыкаў у сталіцы. Толькі ўраніцу Лідзія Ярмошына паведаміла, што па Менску ў галасаваньні ўзялі ўдзел 49 адсоткаў. Пры гэтым чамусьці атрымалася, што, хаця сярэдняя лічба ўдзелу меншая за неабходныя 50 адсоткаў, аднак выбары адбыліся ў 14-ці зь 17-ці менскіх акругаў…

На маё пытаньне, як гэта магло здарыцца, спадарыня Ярмошына прывяла лічбы яўкі выбаршчыкаў у большасьці менскіх акругаў. Яны былі амаль аднолькавыя — 50,5%, 50,3%, 50,1% і гэтак далей. А ў адной акрузе мяйсцовая камісія дасягнула проста каралеўскае (ці лепш сказаць — прэзыдэнцкае) дакладнасьці — там зафіксаваная 50,02% яўкі выбаршчыкаў…

Нейкім загадкавым чынам выбары ў Менску не адбыліся менавіта толькі ў тых трох акругах, у якіх на дэпутацкі мандат прэтэндавалі лідэры апазыцыйных партыяў — Мікола Статкевіч, Сяргей Калякін і Сяргей Гайдукевіч.

Пасьля заканчэньня прэсавае канфэрэнцыі Лідзіі Ярмошынай я запытаў у старшыні ЦВК, ці задаволеная яна вынікамі выбараў. Як вядома, Аляксандар Лукашэнка ў дзень галасаваньня выказаў упэўненасьць, што на выбарчыя ўчасткі прыйдзе 70 адсоткаў выбаршчыкаў. Ці можна лічыць посьпехам тыя 60 адсоткаў, пра якія заяўляе Цэнтральная выбарчая камісія?.. Ярмошына адказала:

(Ярмошына: ) “Я лічу, што гэта – шанцунак. Вы знайдзіце хаця б адную краіну ў сьвеце, дзе на парляманцкія выбары прыйшло б 60%. Паверце мне: гэта вельмі рэдка!”

Тут са спадарыняй Ярмошынай варта пагадзіцца. Іншую такую краіну назваць цяжка.

Віталь Цыганкоў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG