Прэзыдэнт Радыё Свабода Томас Дайн назваў непрымальным нядаўні прысуд
у справе журналіста Андрэя Бабіцкага. Прыводзім афіцыйную пазіцыю Радыё
Свабода ў гэтай справе.
Нагадайма, што гарадзкі суд Махачкалы прызнаў карэспандэнта Андрэя Бабіцкага
вінаватым у выкарыстаньні фальшывых дакумэнтаў і прысудзіў яго да штрафу
на суму 300 даляраў, аднак вызваліў яго ад адказнасьці ў сувязі з амністыяй.
Прэзыдэнт Радыё Свабода Томас Дайн адразу заявіў у Маскве, што радыёстанцыя
будзе працягваць дамагацца справядлівасьці ў справе Бабіцкага. Ягоны адвакат
ужо ськіраваў апэляцыю ў Вярхоўны суду Дагестану, і ў выпадку неабходнасьці,
судовае рашэньне будзе абскарджанае ў Вярхоўным судзе Расейскай Фэдэрацыі.
Летась у студзені Андрэй Бабіцкі быў арыштаваны ў Чачні ў часе ягонай
службовай камандзіроўкі. Ягоныя ваенныя рэпартажы адтуль ацэньваліся як
узважаныя ды аб’ектыўныя. Аднак, карэпандэнт Радыё Свабода быў абвінавачаны
ў пасобніцтве чачэнскім незалежнікам. Было заяўлена, што яго перадалі чачэнцам
у абмен на вызваленьне некалькіх расейкіх ваеннапалонных. Аднак, паводле
словаў Бабіцкага, такога не было.
Пасьля 40 дзён утрыманьня журналіста ў вязьніцы, расейскія ўлады выпусьцілі
яго ў Дагестане, выдаўшы яму падробны пашпарт. На падставе гэтагага дакумэнту
Бабіцкі быў зноў затрыманы ў лютым па абвінавачваньні ў тым, што ён, нібыта,
спрабаваў нелегальна выехаць з Дагестану.
Андрэй Бабіцкі заявіў у судзе, што ў яго не было выбару, паколькі азэрбайджанскі
пашпарт яму далі ўзамен канфіскаваных асабістых дакумэнтаў. Аднак, пракурор
не прыняў гэтага доваду пад увагу.
Яшчэ ў верасьні прэзыдэнт Радыё Свабода Томас Дайн заявіў на прэсавай
канфэрэнцыі, што расейкія ўлады сфабрыкавалі справу Бабіцкага і што гэта
ёсць парушэньнем правоў ня толькі яго асабіста, але правоў усіх, хто зацікаўлены
ў атрыманьні праўдзівай ды аб’ектыўнай інфармацыі. Суд над Бабіцкім, паводле
словаў Дайна, нагадвае ранейшыя крокі расеqкіх уладаў супраць свабоды слова.
Падрыхтаваў Віталь Тарас, Прага
Самае папулярнае
1