Учора стала вядома, што незалежны кандыдат Аляксандар Ігнацюк, які балятуецца
ў Століне ў адной акрузе з былым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі
Іванам Пашкевічам, пастановаю акруговае камісіі адхілены ад удзелу ў выбарах.
Уціск на незалежнага кандыдата, заснавальніка газэты “Вячэрні Столін”
Аляксандра Ігнацюка распачаўся адразу пасьля рэгістрацыі. Былы намесьнік
кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Івана Пашкевіч у сваёй заяве ў выбарчую
камісію паведаміў, што ягоны канкурэнт Ігнацюк нібыта мае прыбыткі, ня
ўнесеныя ў дэклярацыю. Адразу ж была створаная адмысловая камісія з прадстаўнікоў
розных кантрольных службаў, супрацоўнікі якой ужо пасьля рэгістрацыі цягам
некалькіх тыдняў спрабавалі знайсьці легальную нагоду да адхіленьня незалежнага
кандыдата ад удзелу ў выбарах.
У выніку кантралёры знайшлі 5 тысячаў рублёў, якія спадар Ігнацюк мусіў
быў атрымаць летась у якасьці прэміі ў газэце “Вечерний Брест” і не пазначыў
у дэклярацыі. Але цікава, што ўласна Ігнацюк гэтыя грошы не атрымліваў.
За яго атрымала грошы й падпісалася ў грашовай ведамасьці ягоная калега
Вольга Карват…
(Карват: ) “Так, сапраўды, гэтыя грошы атрымала я, і ў ведамасьці стаіць
менавіта мой подпіс, а ня подпіс Ігнацюка”.
Гаварыла Вольга Карват.
Аднак, нягледзячы на гэта, мяйсцовая выбарчая камісія вырашыла адхіліць
Аляксандра Ігнацюка ад удзелу ў выбарах. Сёньня спадар Ігнацюк накіраваў
скаргу на дзеяньні Столінскае выбарчае камісіі ў Цэнтральную выбарчую камісію.
А ў суседнім Пінску напярэдадні зьявіліся перадвыбарчыя плякаты кандыдата,
палкоўніка памежных войскаў Юрыя Андрэева, якога ўсяляк падтрымліваюць
мяйсцовыя ўлады. Цікава, што на плякатах увогуле няма выходных дадзеных
— ня ўказаны нават наклад і мейсца, дзе гэтыя агітацыйныя матэрыялы надрукаваныя.
Аднак выбарчая камісія Пінскай гарадзкой выбарчай акругі №14 на гэтае парушэньне
аніяк не адрэагавала.
Аляксей Дзікавіцкі, Пінск
Самае папулярнае
1