Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларускае міністэрства замежных справаў у наступным годзе распачне пашырэньне сваіх плошчаў у цэнтры Менску. Плянуецца, што прыбудова будзе каштаваць 5 мільёнаў даляраў.

У 2001 годзе на ўтрыманьне беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжою будзе выдаткавана 22,5 мільёны даляраў. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Герасіменка. Аднак яшчэ амаль чвэрць ад гэтае сумы пойдзе на прыбудову да цяперашніх памяшканьняў МЗС на менскай вуліцы Леніна. Пасьля аб'яднаньня ў адно ведамства ранейшых трох міністэрстваў — замежнаэканамічных сувязяў, справаў СНД ды старога МЗС — менскія дыпляматы хочуць нарэшце інтэгравацца між сабою.

Вось што сказаў мне спадар Герасіменка:

(Герасіменка: ) «Што тычыцца будаўніцтва будынка, ёсьць даручэньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь прэм'ер-міністру аб уключэньні будаўніцтва прыбудовы МЗС у інвэстацыйную праграму на 2001 год. Зробім каштарысную дакумэнтацыю і пачнем будаваць. Куды пойдзе? Гэта прыбодува да нашага будынку там, дзе гаражы і невялічкі садок. Колькі будзе каштаваць? Пакуль мы думаем, што мільёнаў 5 даляраў».

Гэта быў Аляксандар Герасіменка, намесьнік міністра замежных справаў. Ён таксама паведаміў, што Беларусь плянуе адкрыць тры новыя амбасады (у Азэрбайджане, Арменіі ды Пакістане) і тры генэральныя кансуляты — у нямецкіх гарадох Гамбургу ды Мюнхене, а таксама ў бразыльскім Рыо-ды-Жанэйра.

Ужо цяпер Беларусь мае нерухомасьць у 19 краінах сьвету. У наступным годзе пройдзе рэканструкцыя амбасадаў у Рыме, Ташкенце ды Тэль-Авіве.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG