У Полацкім краязнаўчым музэі адчынілася выстава пад назвай “Час і грошы”.
У яе экспазыцыі прадстаўленыя грашовыя купюры, аблігацыі, боны ды іншыя
каштоўныя паперы, што мелі хаджэньне ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. Таксама
дэманструюцца шматлікія дакумэнты, якія сьведчаць, як ацэньвался людзкая
праца і веды ў пэрыяд ад грашовай рэформы 1897 году да нашых дзён. Пры
гэтым наведнікі могуць увачавідкі параўнаць узровень заработнае платы,
напрыклад, настаўнікаў напачатку стагодзьдзя і ў нашыя дні.
Цікавым у гэтым сэнсе выглядае фармуляр выплаты зарплаты за 1913 год
канкрэтнай асобе, выкладчыку Полацкае настаўніцкае сэмінарыі Мікалаю Іосіфавічу
Лацковічу. Зь яго вынікае, што выкладчык, маючы казённую дармавую кватэру,
атрымліваў у год 600 рублёў “жалаваньня” плюс 550 рублёў так званых сталовак
– даплаты за харчаваньне, набыцьцё мэтадычнай літаратуры ды іншыя рэчы.
Агулам атрымлівалася каля 100 рублёў у месяц. Пры гэтым, паводле Полацкага
даведніка за 1910 год, фунт белага хлеба (гэта прыкладна 410 грамаў) тады
каштаваў 8 капеек, фунт цяляціны – 15, бараніны – 13 капеек, а вяндліна
каштавала – 20 капеек за фунт. Адпаведна і нявэнджаная каўбаса каштавала
20 капеек, і вэнджаная – 22 капейкі. Заўважым, што цэны тады былі стабільныя
ды інфляцыя практычна адсутнічала.
Згаданы Мікалай Іосіфавіч Лацковіч, як сьведчыць дакумэнт, адпрацаваў
у сэмінары 20 гадоў, збудаваў за гэты час цагляны дом у цэнтры Полацку
і маёнтак за горадам. Дарэчы сказаць, дом гэты і цяпер стаіць на вуліцы
Леніна.
Тут жа ў экспазыцыі зьмешчаная раздрукоўка заработнае платы за сакавік
сёлета выкладчыка 1 катэгорыі Полацкага пэдагагічнага каледжу. Разам з
усімі даплатамі выкладчык атрымаў на рукі 18 тысячаў дэнамінаваны беларускіх
рублёў. Пра тое, колькі цяпер каштуе каўбаса і тая ж вяндліна, паведамляць
ня будзем, скажам толькі што тое, што дзяля паўнавартаснага сілкаваньня
дарослы чалавек, паводле дакладных разьлікаў, мусіць спажываць у месяц,
каштуе 20 тысячаў рублёў.
Вінцэсь Мудроў
Самае папулярнае
1