Амэрыканскі кангрэсмэн Сэм Гэйдэнсан выступіў з асуджэньнем дзеяньняў
беларускіх уладаў пад час сьвяткаваньня Дня Волі. У сваёй заяве кангрэсмэн
Гэйдэнсан, сябра Камісіі замежных справаў Палаты Прадстаўнікоў скрытыкаваў
дзеяньні міліцыі ў Менску і ўжыцьцё сілы да мірных дэманстрантаў. Сёньня
кангрэсмэн даў інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода. Ля мікрафону Аляксандар
Лукашук.
З Кангрэсмэнам Сэмам Гэйдэнсанам, які прадстаўляе ў Вашынгтоне штат
Канэктыкут, удалося зьвязацца акурат перад выхадам нашай праграмы ў эфір.
Гэйдэнсан знаходзіўся на невялікім мясцовым аэрадроме, і да вылету ў сталіцу
заставалася паўгадзіны, але ён пагадзіўся адказаць на пытаньні беларускай
“Свабоды”. Напачатку я пацікавіўся, чаму кангрэсмэн так абвострана прарэагаваў
на падзеі ў Менску.
(Гэйдэнсан: ) “Перш за ўсё, я маю асабістыя сувязі – майго бацьку пад
час вайны ўратавалі ад сьмерці дзьве беларускія сям’і. Калі глянуць на
былы Савецкі Саюз, дык бачна, што Беларусь знаходзіцца ў найгоршым стане
ў шмат якіх адносінах. Эканоміка ў катастрафічным стане, людзі пакутуюць.
Лукашэнка спрабуе расьціснуць усе спробы дэмакратыі і апазыцыі і насамрэч
змагаецца з плыньню гісторыі. Ад Расеі да Украіны, недзе гэта адбываецца
лепш, недзе горш, але Лукашэнка напэўна ўжывае самыя вялікія намаганьні,
каб забіць дэмакратыю і спадзяваньні людзей”.
(Лукашук: ) “Што больш за ўсё Вас ўстрывожыла ў дзеяньнях беларускіх
уладаў у мінулую сыботу?”
(Гэйдэнсан: ) “Арышты людзей, паводзіны паліцыі. Гэта тактыка паліцэйскай
дзяржавы, а не тактыка дэмакратычнага грамадзтва. І калі гаварыць шчыра,
галоўная праблема палягае ў тым, што Лукашэнка абыходзіць канстытуцыю,
дзейнічае па-за канстытуцыйным шляхам, і ў апазыцыі няма альтэрнатывы апроч
як выйсьці на вуліцы. А калі яны выходзяць на вуліцу, іх арыштоўваюць,
зьбіваюць. Гэта жахлівая сытуацыя”.
(Лукашук: ) “У Менску была затрыманая небывалая колькасьць журналістаў
– больш за тры дзясяткі, зь іх сямёра – карэспандэнты беларускай “Свабоды…”
(Гэйдэнсан: ) “Гэта якраз тое, што таталітарная дыктатура заўсёды намагаецца
рабіць – спрабуе запалохваць журналістаў, спрабуе запалохваць народ. І
гэта пры прэзыдэнце Лукашэнку адбываецца ў Беларусі зноў і зноў – і гэта
павінна скончыцца. Сусьветная супольнасьць не дазволіць, каб адна краіна
пайшла назад, да сталінізму, чаго, як выглядае, спадар Лукашэнка хоча дасягнуць”.
(Лукашук: ) “Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі цяпер намагаецца
ўскласьці віну за арышты журналістаў на маладых ды неабучаных салдатаў,
якія быццам перастараліся…”
(Гэйдэнсан: ) “Віна кладзецца на Лукашэнку – за ягонае нежаданьне дазволіць
разьвівацца дэмакратычнаму працэсу. У любых сфэрах – ці гэта тычыцца прыватных
ці некамэрцыйных арганізацыяў, ці апазыцыі, ці свабоднага друку. Спадар
Лукашэнка і ягоныя памагатыя спрабуюць здушыць дэмакратыю ва ўсіх абліччах.
Ім ня ўдасца. Мы не дазволім, каб гэта працягвалася. Па ўсёй Эўропе будзе
пашырацца супраціў сп. Лукашэнку і ягонай палітыцы. Я сустрэўся з шэрагам
эўрапейскіх амбасадараў – яны ўсе ўжо вельмі стаміліся ад гэтага аўтарытарнага
рэжыму”.
(Лукашук: ) “Спадар Гэйдэнсан, Вы былі аўтарам рэзалюцыі Кангрэсу ЗША,
якая заклікае да дыялёгу, да справядлівых і вольных выбараў у Беларусі
сёлета. Між тым, апазыцыя, здаецца, ужо згубіла надзею як на дыялёг, гэтак
і на выбары”.
(Гэйдэнсан: ) “Я разумею іхнае расчараваньне на гэтым этапе. Сытуацыя
ня надта шматабяцальная. Я думаю, што мы, сусьветная супольнасьць, мусім
далучыцца да народу Беларусі ў знак салідарнасьці, выступіць супраць гэтай
спробы аднавіць стіалінізм”.
Інтэрвію з сябрам Камісіі міжнародных справаў Палаты Прадстаўнікоў Кангрэсу
ЗША Сэмам Гэйдэнсанам вёў
Аляксандар Лукашук
Самае папулярнае
1