Мікола Ермаловіч быў уважлівым слухачом і сталым удзельнікам перадачаў
Беларускай службы Радыё Свабода. Цікавіла яго і перадача "Беларускі дыялёг на Інтэрнэце".
Аляксандар Лукашук успамінае.
“Слухаю вашу перадачу пра Інтэрнэт і ўсё ж такі не да канца разумею,
што гэта такое і як працуе,” – прызнаўся Мікола Ермаловіч пад час нашай
сустрэчы пару месяцаў таму.
Ермаловіч прыйшоў на запіс адной з гістарычных гутарак і ў чаканьні
вольнай студыі мы гаварылі пра праграмы беларускай “Свабоды”. Як вядома,
гісторык меў слабы зрок (хаця здолеў пабачыць у старажытных рукапісах тое,
чаго не заўважылі цэлыя інстытуты), і з гэтае прычыны ў ягоным жыцьці радыё
займала надзвычайнае месца.
Ён пакідаў абмежаваныя гадзіны (пакуль вытрымлівалі вочы) на дасьледчую
працу, а не на дробны газэтны шрыфт, і вечарамі заўсёды слухаў радыё, перш
за ўсё – беларускую “Свабоду”.
Гістарычныя пэрспэктывы Язэпа Барэйкі, Арсеня Загорнага, Вітаўта Зубкоўскага
непасрэдна супадалі зь ягоным бачаньнем гістарычнага працэсу і дапамагалі
фармаваць яго. Ермаловіч быў добра абазнаны ў бурных падзеях апошняга дзесяцігодзьдзя
дзякуючы таксама “Свабодзе”. Ён добра арыентаваўся ў нашых праграмах, але
мне выказаў адно пажаданьне, якое тычылася менавіта перадачы “Беларускі
дыялёг на Інтэрнэце”: расказаць больш даходліва, што гэта, як працуе, даць
магчымасьць уявіць гэтую зьяву.
Культавая фігура нацыянальнага адраджэньня, Ермаловіч не працаваў на
кампутары не адно з прычыны слабога зроку – якраз лёгкасьць, зь якой можна
павялічваць памеры шрыфтоў на экране, была б вельмі спрыяльнай для Гамэра
беларускай гісторыі. Прычыны празаічныя – адсутнасьць сродкаў, увагі.
Зразумелая цяжкасьць для чалавека, які не карыстаўся кампутрам, не падарожнічаў
па Інтэрнэце, уявіць, што гэта такое. Я адказаў Ермаловічу нешта накшталт
таго, што Інтэрнэт – гэта ўсясьветная бібліятэка, акадэмія, дзе кожны мае
роўнае права чытаць і пісаць.
Інтэрнэт мае сотні вызначэньняў. Сёньня да іх можна дадаць яшчэ адно:
Інтэрнэт – гэта і мэмарыяльная заля, і гэтым вызначэньнем мы абавязаныя
чалавеку, які ў 79 гадоў жвава цікавіўся навінамі ўсясьветнага інфармацыйнага
Сеціва, і цяпер мае асабістую старонку памяці ў беларускім электронным
Пантэёне ХХ стагодзьдзя.
Аляксандар Лукашук
Самае папулярнае
1