Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Слова Міколы Іванова пра Міколу Ермаловіча.

Зь Міколам Ермаловічам я ўпершыню сустрэўся амаль трыццаць год назад. Было гэта ў 1972 годзе. Перад тым як пазнаёміцца, я даволі шмат чуў пра гэтага чалавека, які насуперак афіцыйнай канцэпцыі сярэднявечнай гісторыі Беларусі адстойваў нейкую сваю “нацыяналістычную” канцэпцыю, як яе характарызавалі на розных навуковых радах. Але ад крыху старэйшага за мяне калегі-гісторыка Міхася Чарняўскага неяк пачуў я, што як навуковец Мікола Ермаловіч адзін варты ўсяго нашага акадэмічнага Інстытуту гісторыі зь яго дзясяткамі дактароў і кандыдатаў навук.

Пераканаўся я ў тым, што словы Міхася небеспадстаўныя, калі сам пазнаёміўся зь Міколам Ермаловічам, прачытаў патаемна ягоную самвыдавецкую працу, прысьвечаную гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і пачаў у 70-я гады сустракацца зь Міколам Ермаловічам амаль штодня. Кожны дзень, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, ён рабіў двухгадзіннае падарожжа з Маладзечна электрычкаю ў Менск, каб папрацаваць тры-чатыры гадзіны ў Ленінцы (так тады мы ўсе называлі галоўную беларускую бібліятэку). Больш за 3-4 гадзіны ён працаваць ня мог, не дазвалялі вочы. Памятаю, што для мяне, маладога асьпіранта-гісторыка, навуковыя размовы зь Міколам Ермаловічам у калідорах Ленінкі былі надзвычайнай школай. Дзякуючы яму я змог пашырыць свой гістарычны навуковы кругагляд, зразумець тое, аб чым маўчала афіцыйная навука, пра што немагчыма было даведацца ў савецкіх вышэйшых навучальных установах. Мікола Ермаловіч быў надзвычайным суразмоўцам. На ягоных імправізаваных лекцыях гісторыі ў калідорах Ленінкі мы – моладзь – слухалі яго як зачараваныя.

Без перабольшваньня магу прызнацца, што я асабіста сваім шляхам у навуцы абавязаны Ермаловічу. Гэта ён мне расказаў пра тое, як яго, маленькага беларускага хлопца з Дзяржыншчыны, на пачатку 30-х гадоў раптам накіравалі ў польскую савецкую школу, дзе настаўнікі пераконвалі іх, што яны палякі. Расказаў, як на яго бацькаўшчыне Койданаўшчыне, зрабілі аўтаномны польскі раён, які атрымаў назву Дзяржыншчыны, і як пазьней усіх гэтых новаствораных палякаў (якія ў сапраўнасьці былі беларусамі-каталікамі) рэпрэсавалі і выслалі ў Сібір. Цудам ацалела ягоная сям’я. Пазьней я напісаў на гэтую тэму аж тры кніжкі і, нават, абараніў доктарскую дысэртацыю.

Я даволі часта задаваў сабе пытаньне: чаму, нягледзячы на тое, што Мікола Ермаловіч ніколі не хаваў сваіх поглядаў, савецкія ўлады не рэпрэсвалі яго, дазвалялі ягоную абмежаваную творчасьць?
Адказваць на гэтае пытаньне даводзіцца толькі цяпер, калі гэтага выдатнага гісторыка ўжо няма сярод нас.

Думаю, што ўлады папросту не разумелі, якая моц хаваецца ў гэтым амаль сьляпым чалавеку-інваліду, меркавалі, што беларуская нацыянальная ідэя, якую ён сабой увасабляў, мёртвая, што ягоная навука памрэ разам зь ім і не застанецца па ёй сьляда….

Як жа глыбока, на шчасьце, памыляліся яны…

Мікола Іваноў, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG