У Маскоўскім судзе Менску судзілі актывістаў АГП за ўдзел у несанкцыянаваным
пікеце супраць дзеяньняў Менскага гарадзкога выканкаму. Але сёньня прысуды
не былі абвешчаныя.
Судзьдзя па адміністрацыйных справах Алена Тройніч, кабінэт якой знаходзіцца
ў міліцэйскім будынку, пасьпела разгледзець толькі адміністрацыйную справу
намесьніка старшыні менскай раённай арганізацыі Аб’яднанае Грамадзянскае
партыі Ўладзімера Раманоўскага, узбуджаную супрацоўнікамі Маскоўскага РАУСу
паводле артыкулу 167 часткі 2 (арганізацыя несанкцыянаванай масавай акцыі).
З-за недахопу часу прысуд так і ня быў абвешчаны.
У судовым паседжаньні Ўладзімер Раманоўскі патлумачыў, што, атрымаўшы
адказ ад намесьніка старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Віктара Чыкіна
пра тое, што пікетаваньне мае не прысутны, а дазваляльны характар, Рада
АГП вырашыла праводзіць пікет. Сябры Рады кіраваліся думкаю: што не забаронена
– тое дазволена.
Сёньня ўсё разбіральніцтва ў гэтай справе было накіраванае на аналіз
блытанага адказу Чыкіна. Сьведка ў справе – падпалкоўнік міліцыі Андрэй
Мухтараў – сваімі адказамі насьмяшыў прысутных. У прыватнасьці, ён патлумачыў,
што меў сумнеў наконт пікетоўцаў, бо, калі прачытаў адказ Чыкіна, ня мог
зразумець: ці дазволены пікет, ды “на ўсялякі выпадак” вырашыў затрымаць
людзей і ўзяць ад іх пісьмовыя тлумачэньні. Наконт сэнсу супярэчлівага
адказу Менскага гарадзкога выканкаму падпалкоўнік Мухтараў патлумачыў:
“Спачатку да мяне не дайшло, а потым, калі я прачытаў уважліва са знакамі
прыпынку – дайшло. Паколькі там няма прамога дазволу, дык пікет трэба лічыць
недазволеным, бо, што не дазволена – тое забаронена”.
У сёньняшнім паседжаньні высьветлілася, што ў міліцыі акрамя ўжо вядомых
грамадзянам гэтак званых групаў “изъятия”, “назіраньня”, зьявіліся яшчэ
й групы “тлумачэньня”. Так, сьведка – участковы інспэктар Андрэй Нехвядовіч
– суду патлумачыў, што на пікеце ён быў у гэтай групе, і “ў яе задачу ўваходзіла
тлумачыць людзям, што яны памыляюцца”.
Сьведка з боку абароны Рыгор Гітліц на пытаньне суддзі: “Чаму вы інфармавалі
Менскі гарадзкі выканкам пра тое, што маеце намер правесьці пікет, а не
прасілі яго даць дазвол на пікетаваньне?”, адказаў, што яму, Гітліцу, не
патрэбны дазвол Чыкіна на правядзеньне пікету. Перашкодаю тут можа быць
толькі пагроза бясьпекі пікетоўцам або іншым грамадзянам.
Уладзімер Раманоўскі з судовай залі паведаміў «Радыё Свабода»: «Мне
здаецца, што суд прыняў да ўвагі тое, што ахвярамі неабдуманых і папросту
нецьвярозых думак Чыкіна сталі ў першую чаргу супрацоўнікі міліцыі. Яны
сябе няёмка адчувалі ў судзе. Мне іх было шкада, бо яны вымушаныя былі
тлумачыць свае няпраўныя дзеяньні й шукаць лёгіку ў рашэньні Чыкіна.
Ды й сам канфлікт з Менскім гарадзкім выканкамам не з-за асабістых стасункаў
з Чыкіным… Я, увогуле, лічу, што спрэчкі сябраў палітычных партыяў зь Менскім
гарадзкім выканкамам абумоўленыя тым, што Чыкін зьяўляецца старшынём ЦК
КПБ», – паведаміў Уладзімер Раманоўскі.
Суд апытаў восем сьведкаў і працягваўся больш за тры гадзіны. Калі ўжо
скончыўся працоўны дзень, судзьдзя Алена Тройніч абвясьціла, што заўтра
зачытае прысуд у справе Раманоўскага й будзе разглядаць справы Людмілы
Бажок, Сяргея Альфера й Галіны Ганчарык.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1