Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ 7-ГА ДНЯ АЛІМПІЯДЫ


Героем мінулага дня спаборніцтваў стаў немец, які выступае за Гішпанію, -- Ёхан Мюлег, -- які здабыў свой другі залаты мэдаль у Солт Лэйк Сыты. Як і мінулай суботай у гонцы на 30 кілямэтраў, так і ўсора на дыстанцыі 10 кілямэтраў, ён быў па-за канкурэнцыяй. А вось падзяліць срэбны і бронзавы мэдалі судзьді не змаглі нават з дапамогай фотафінішу. Здымак паказаў, што нарвежцы Томас Альсгард і Фродэ Эстыл прыйшлі на фініш лыжа ў лыжу. Абодва атрымалі па срэбру. Лепшы вынік зь беларусаў паказаў Раман Віралайнэн. Ён быў 10-м. Сяргей Далідовіч – 49-м, Андрэй Саньнікаў – 61-м.
Значна лепш выступіла беларуская канькабежка Анжэліка Кацюга. На дыстанцыі 500 мэтраў яна паказала пяты вынік – 1 хвіліна, 15 і 39 сотых сэкунды. Пакуль што ніхто зь беларускіх алімпійцаў, акрамя яе, не падымаўся так высока ў турнірнай табліцы. Будзем чакаць наступнага старту Анжэлікі Кацюгі. А перамагла ў гэтым відзе канадыйка Катрыёна ЛеМэй Доан. У гэтым сэзоне на дыстанцыі 500 мэтраў яна непераможная: ў кубку сьвету ўжо выйграла ўсе шэсьць этапаў.
У альпійскай камбінацыі залаты мэдаль, першы высокі здабытак Харватыі, атрымала Яніца Кастэліц. Срэбны выйграла аўстрыячка Рэнатэ Гётшал, якая раней стала бронзавай мэдалісткай Солт Лэйк Сіты ў хуткасным спуску.
На вельмі высокім узроўні адбываліся спаборніцтвы мужчынаў у адвольнай праграме фігурнага катаньня. Перамог, выканаўшы бездакорна сваю праграму і атрымаўшы аж 4 “шасьцёркі”, расеец Аляксей Ягудзін. Былы трохразовы чэмпіён сьвету апярэдзіў свайго суайчыньніка, цяперашняга чэмпіёна сьвету Яўгенія Плюшэнку. Расчараваў сваім выступам беларус Сяргей Давыдаў, які падчас выкананьня адвольнай праграмы двойчы ўпаў. У выніку ён заняў апошняе месца ў турнірнай такбліцы.
У мэдалёвай клясыфікацыі Гульняў пасьля 29 відаў праграмы з 78-мі наперадзе каманда Нарвэгіі з пяцьцю залатымі і пяцьцю бронзавымі мэдалямі. На пяць мэдалёў больш здабыла Нямеччына, але зь іх толькі чатыры залатыя, сем срэбных і чатыры бронзавя. На трэцяй пазыцыі гаспадары Алімпіяды – Злучаныя Штаты – тры залатыя, пяць срэбных і тры бронзавыя. Беларусь ня мае ніводнай узнагароды.
Але ў табліцы могуць адбыцца зьмены. Па-ранейшаму не змаўкае рэха вэрдыкту судзьдзяў у спаборніцтве спартовых параў у адвольнай прараме фігурнага катаньня. Канадцы не спыняюць сваёй барацьбы за золата, прапануючы кампаміс – прызнаць і іх і расейцаў пераможцамі адначасна. Кіраўніцтва Міжнароднага Алімпійскага Камітэту і Міжнароднага Зьвязу Канькабежцаў у чацьвер ня выключыла такой мажлівасьці.
Тым часам, знакаміты грэцкі кампазытар Мікіс Тэадаракіс пратэстуе супраць выканананьня ў часе цырымоніі адкрыцьця 19-й Алімпіяды ягонага твору “Канто Олімпіко” без ягонай згоды і не назваўшы ягонае імя. Ён паведаміў, што зьвяртаецца ў суд, бо, як ён лічыць, было парушанае ягонае аўтарскае права. Кампазытар заявіў: “Я абражаны, абражаная Грэцыя”. “Канто Олімпіко” Тэадаракіс напісаў паводле замовы Міжнароднага Алімпійскага Камітэту да Алімпіяды ў Барсэлоне ў 1992 годзе.
Спорт – гэта здароўе. Але спартоўцы тым ня менш хварэюць. Паведамляецца, што ад 29 студзеня ў шпіталях і амбуляторыях у Солт Лэйк Сіты шпіталізавана 1800 чалавек. 29 адсоткаў зь іх – валанцёры, які абслугоўваюць Алімпійскія гульні. 19 адсоткаў захварэлых – спартоўцы. У кампаніі тых, хто зьвярнуўся па дапамогу да 350-ці лекараў і іншага мэдычнага пэрсаналу таксама ёсць журнаклісты, заўзятары і сем’і алімпійцаў.
XS
SM
MD
LG