Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе беларускі пашпарт


Прадстаўленьне расейскага грамадзянства французскаму актору Жэрару Дэпардзье працягвае выклікаць супярэчлівую рэакцыю ў грамадзтве.

Тым часам можна згадаць, што падобная практыка шырока выкарыстоўваецца і ў Беларусі: замежнікі, зь нейкіх прычын цікавыя ўладам, лёгка робяцца беларусамі. Іншыя ж гадамі чакаюць рашэньня па сваіх запытах на атрыманьне беларускага грамадзянства.

Стаўшы грамадзянінам Расеі, Жэрар Дэпардзье цяпер можа вольна наведваць Беларусь і нават тут пасяліцца — папярэдне аформіўшы адпаведны пакет дакумэнтаў. Зрэшты, як сьведчыць досьвед Расеі, высокая апека пазбаўляе аблашчанага ўвагай замежніка руцінных працэдураў, якіх ня могуць абмінуць звычайныя ўцекачы. Падобныя прэцэдэнты ёсьць і ў Беларусі: у 2010-м сваім указам Аляксандар Лукашэнка надаў беларускае грамадзянства зрынутаму прэзыдэнту Кіргізстану Курманбеку Бакіеву і ягонай сям’і.

Зрэшты, атрымаць від на жыхарства можна дзякуючы і іншым аўтарытэтным апекунам. Так, нараджэнцу Лібэрыі, папулярнаму ды-джэю, выканаўцу беларускамоўнага хіта «Беларускія дзяўчаты» Джымі Нэльсану дапамагаў пусьціць карані ў Беларусі кіраўнік студыі «Сябры» Анатоль Ярмоленка. Актыўнічае ў пытаньні тэрміновай «беларусізацыі» цэлае Міністэрства спорту і турызму, з падачы якога беларусамі сталі звацца ўжо дзясяткі замежнікаў, якія выступаюць за Беларусь у розных відаў адзінаборстваў, боксе, біятлёне, фрыстайле, гульнявых дысцыплінах.

Так, летась беларускія пашпарты выдалі адразу тром хакеістам — канадзкім легіянэрам менскага «Дынама» Джэфу Плату, Шарлю Лінгле і Кевіну Лаланду. Цяпер яны маюць права выступаць за зборную Беларусі. Такі ж прывілей атрымаў і бразыльскі футбаліст Рэнан Брэсан, які да нядаўняга часу гуляў за барысаўскі БАТЭ, а мінулым летам ужо абараняў колеры Беларусі на Алімпіядзе-2012 у Лёндане.

У мінулым баксёр, чалец зборнай БССР і СССР Генадзь Ручаеўскі шмат гадоў жыве ў ЗША, мае амэрыканскае грамадзянства. Кажа, што ў сучасным сьвеце, і асабліва ў спорце, зьмену дзяржаўнага статусу не абавязкова трэба разглядаць як пажыцьцёвую:

«Гэта вельмі цікавае пытаньне, але пытаньне, з майго гледзішча, збольшага
Інтэграцыя адбываецца ня толькі ў бізнэсе, але і ў спорце

тэхнічнае. Калі такі вядомыя баксёры, як браты Клічко, могуць жыць, трэніравацца і выступаць у Нямеччыне, але пры гэтым заставацца ўкраінцамі, то чаму нехта ня можа выступаць за Беларусь, паралельна застаючыся азэрбайджанцам ці дагестанцам? Нават пры наяўнасьці беларускага пашпарту. Людзі зараз масава выступаюць за іншыя краіны. Той жа Вячаслаў Яноўскі, адзін з наймацнейшых беларускіх баксёраў, наколькі я памятаю, шмат часу правёў у Японіі. Але гэта ня стала падставай, каб перахрысьціць яго ў японца. На маю думку, гэта сьведчаньне толькі таго, што інтэграцыя адбываецца ня толькі ў бізнэсе, але і ў спорце. Вы ж бачыце, як спартоўцы мяняюць грамадзянства — ня памятаеш ужо, адкуль ён першапачаткова».

Дазаваная міграцыя мела месца нават ва ўмовах халоднай вайны. Адным з самых вядомых замежнікаў, які калісьці пасяліўся ў Беларусі, быў Лі Гарві Освальд, пазьней зьвінавачаны ў забойстве прэзыдэнта ЗША Джона Фіцджэральда Кенэдзі. Малады амэрыканец пры канцы 1950-х з ідэйных памкненьняў добраахвотна падаўся ў СССР і, атрымаўшы савецкае грамадзянства, быў адпраўлены ў Менск. Імпэту, праўда, хапіла ненадоўга: пары гадоў у сацыялістычных рэаліях было дастаткова, каб папрасіцца дадому.

Больш за паўстагодзьдзя таму ў Беларусь з Паўднёвай Амэрыкі прыехала сям’я будучага выбітнага кампазытара Сяргея Картэса. Народжаны ў Чылі, музычную адукацыю ён атрымліваў у Аргентыне. У 1947 годзе Картэсы падалі прашэньне аб савецкім грамадзянстве. Станоўчы адказ быў атрыманы ў сярэдзіне 1950-х, а месцам пражываньня вызначаны Менск. Тут 20-гадовы Сяргей Картэс паступіў на кампазытарскі факультэт Беларускай кансэрваторыі, скончыў асьпірантуру. Аднак ён перакананы: параўноўваць ягоную гісторыю з учынкам таго ж Жэрара Дэпардзье не выпадае:

«Вядома, гэта розныя гісторыі, бо мае продкі па паходжаньні і так расейцы. Маці ж у мяне расейка была, гэта бацька — чыліец. Пры гэтым яна была разьведзеная з бацькам, таму бацькі маці і яна сама проста вярнуліся туды, адкуль калісьці зьяжджалі. Мяне гэта ня тычыцца, бо я ў Чылі нарадзіўся, а потым дастаткова доўгі час жыў у Аргентыне. А яны, па сутнасьці, вярнуліся на радзіму. Таму ніякіх паралеляў тут працягнуць немагчыма».

Карэспандэнт: «А вы асабіста Дэпардзье асуджаеце, як многія ў Расеі, ці гэта ўсё ж ягоная прыватная справа?»

«Я люблю Дэпардзье-актора, скажам так. А ўсё, што ён робіць па-за сваёй творчасьцю, мяне ўвогуле ня тычыцца. Гэта насамрэч яго асабістая справа. Хоча ў Афрыку, хоча ў Расею — куды жадае, няхай туды і едзе. Людзі павінны быць вольныя ў сваіх рашэньнях».

Другой радзімай стала Беларусь і для знанага літаратара Карласа Шэрмана. Нарадзіўшыся ў сталіцы Ўругваю Монтэвідэо, у Менск прыехаў зь сям’ёю ў 1956-м. На той час 22-гадовы юнак ужо скончыў Нацыянальны інстытут імя Марэна ў Буэнас-Айрэсе, пабыў галоўным рэдактарам газэты «Mi Pueblo», працаваў у выдавецтве. У Беларусі больш за паўтара дзясятка гадоў працаваў загадчыкам рэдакцыйна-выдавецкага сэктару фундамэнтальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук, адзін з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру. Стаў галоўным зьвяном у літаратурным ланцугу, перакладаючы на гішпанскую мову беларускіх клясыкаў і даўшы беларусам магчымасьць чытаць на роднай мове грандаў гішпанамоўнай літаратуры.

Сучасная міграцыйная палітыка беларускіх уладаў носіць дваісты характар. З аднаго боку, улады не зацікаўленыя масава задавольваць прашэньні аб прадстаўленьні грамадзянства, для пачатку рэкамэндуючы як мінімум 7 гадоў пажыць у Беларусі. Зь іншага боку — усё больш замежнікаў атрымліваюць беларускія пашпарты.

У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам для атрыманьня грамадзянства краіны неабходны цэлы шэраг умоваў, сярод якіх — выкананьне артыкулаў Асноўнага Закону, веданьне дзяржаўнай мовы ў межах, неабходных для зносінаў, наяўнасьць законнай крыніцы сродкаў існаваньня, абавязковае і бесьперапыннае пражываньне на тэрыторыі Беларусі цягам 7 гадоў, а таксама выхад з грамадзянства іншай дзяржавы. Аднак, як паказвае практыка, для пэўных катэгорый замежнікаў у гэтым пытаньні прадугледжаныя істотныя палёгкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG