Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ўрагану


Ураган «Сэндзі» паступова слабее. Ахвярамі стыхіі ў ЗША, Канадзе і краінах Карыбскага басэйну сталі каля 130 чалавек. Мільёны людзей у пацярпелых раёнах застаюцца без электрычнасьці. У Нью-Ёрку затоплена мэтро. Шкода, нанесеная «Сэндзі» эканоміцы ЗША, вылічаецца дзясяткамі мільярдаў даляраў.

На раніцу пасьля апакаліптычнай ночы 300-кілямэтровы адцінак атлянтычнага ўзьбярэжжа — ад Нью-Ёрку да Мэрылэнду — выглядаў аднолькава: зьмеценыя вадой драўляныя набярэжныя, зьнесеныя з падмуркаў пляжныя пабудовы, вуліцы, прылеглыя да акіяну, пакрытыя вадой, па некаторых можна перасоўвацца толькі на плаўсродках. Пра тое, што адбывалася ноччу, сьведчыць адзін з самых папулярных малюнкаў: танкер, выкінуты на пляж Стэйтэн-Айлэнду, самага аддаленага раёну Нью-Ёрку. Больш за ўсё ў гэтую ноч дасталася жыхарам Брызі Пойнт — населенага пункту на заходнім ускрайку пясчанай касы, што прыкрывае Бруклін ад акіяну. Ім давялося сутыкнуцца ня толькі з паводкай. Увечары, калі вада пачала заліваць вуліцы, у адной з пабудоваў зь невядомай прычыны пачаўся пажар. Дамы там невялікія, на адну сям’ю, пабудаваныя яны ўшчыльную. На працягу некалькіх гадзін выгаралі 5 кварталаў, зьнішчаны 101 дом. Дзіўна, што ў агні не загінуў ніводзін чалавек. Маштабныя паводкі таксама, мяркуючы па ўсім, не прывялі да чалавечых ахвяр. Паводле апошніх дадзеных, у выніку ўдару ўрагану загінула каля сарака чалавек. Пакуль падаецца адна прычына — паваленыя дрэвы.

На другі дзень пасьля небывалага разгулу стыхіі вада адступіла. Па словах намесьніка мэра Нью-Ёрку Кэса Галаўэя, галоўная задача ўладаў горада цяпер — забясьпечыць бясьпеку людзей, якія апынуліся ў найбольш пацярпелых раёнах:

— Ва ўсіх гэтых раёнах работнікі надзвычайных службаў абыходзяць дом за домам, каб пераканацца, што нікому не патрабуецца экстраная дапамога. Там адкрыліся цэнтры для старэйшых людзей, якім неабходная дапамога і дагляд. Спэцыяльныя брыгады займаюцца высечкай дрэваў, якія могуць упасьці. Карацей кажучы, бясьпека людзей — наш прыярытэт. Наступныя паводле важнасьці праблемы: аднаўленьне руху грамадзкага транспарту і аднаўленьне падачы электраэнэргіі.

Зрэшты, для большасьці гараджанаў цяпер менавіта гэта самыя адчувальныя праблемы. Увечары ў аўторак пачаўся абмежаваны рух аўтобусаў, але мэтро не працуе, спынены рух прыгарадных электрычак. Каля сямісот тысячаў нью-ёркцаў застаюцца без электрычнасьці з-за выбуху на адной з асноўных трансфарматарных станцый. Пуск мэтро можа аказацца найбольш цяжкай справай. Ніколі раней у 107-гадовай гісторыі нью-ёркскага сабвэю ў тунэлі падземкі не трапляла марская вада. Цяпер затоплены 7 тунэляў ў ніжнім Манхэтэне, па якіх праходзяць асноўныя лініі мэтро, што перасякаюць увесь горад: ад аэрапорта імя Кенэдзі да Бронксу. Адзін з тунэляў усё яшчэ запоўнены вадой амаль даверху. Ні з чым падобным спэцыялістам не даводзілася сутыкацца. Першае пытаньне — як адпампаваць гэтую ваду, другое — ці нанесла яна непапраўную шкоду сыстэмам сыгналізацыі і электразабесьпячэньня, чаго баяліся экспэрты. Кіраўнікі гораду няпэўна кажуць пра тое, што рух будзе адноўлены на працягу тыдня, сёй-той з прафэсіяналаў называе іх абяцаньні неапраўдана аптымістычнымі. Для Нью-Ёрку, дзе больш за сем мільёнаў гараджанаў кожны дзень карыстаюцца мэтро, гэта не пустое пытаньне.

Абвешчана, што ў сераду адновіцца вываз сьмецьця з гораду, большасьць крамаў адчыняць свае дзьверы. Улады заклікаюць нью-ёркцаў весела сустрэць Гэлаўін і запэўніваюць, што прызначаны на выходныя традыцыйны Нью-Ёркскі маратон адбудзецца.

Ураган «Сэндзі» таксама вымусіў авіякампаніі адмяніць больш за 18 тысячаў рэйсаў на паўночным захадзе ЗША, у Канадзе і іншых краінах. Аднаўленьне нармальных авіязносін зойме некалькі дзён — такі прагноз спэцыялістаў.

Толькі ў аўторак былі адменены 7000 авіярэйсаў. Зьмены раскладу закранулі падарожнікаў на значнай частцы тэрыторыі ЗША ад Сан-Францыска да Атланты.

З-за урагану былі зачыненыя тры асноўныя аэрапорты Нью-Ёрку. Чакаецца, што сёньня, у сераду, будзе адкрыты аэрапорт імя Джона Кенэдзі. Адносна двух іншых найбуйнейшых аэрапортаў пакуль няма пэўных прагнозаў.








Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG