Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данчык: Запросіны ад Нормы Дэзманд



Галівуд. 1949. Мы знаходзімся ў гасьцёўні некалі раскошнай барочнай сядзібы; аздобленая аксамітам мэбля цяпер пакрытая павуціньнем і пылам. Пасярэдзіне пакою – лесьвіца, якая заварожвае сваім грандыёзным паўколам. Зь яе спускаецца гаспадыня дому і гераіня спэктаклю, Норма Дэзманд – некалі славутая, а сёньня амаль усімі забытая зорка эпохі нямога кіно.


Данчык: Запросіны ад Нормы Дэзманд
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:22:18 0:00
Наўпроставы лінк


Шаноўныя слухачы, з Вамі Багдан Андрусышын-Данчык, і ў сёньняшнім аглядзе музычнага тэатру мы ўвойдзем у гермэтычна закрыты сьвет дому Нормы Дэзманд на «Бульвары Сансэт».



Прэм'ера спэктаклю па матывах аднайменнага фільму ў стылю «нуар» 1950 году выбітнага брытанскага кампазытара Эндру Лойда Вэбэра (словы: Дон Блэк і Крыстафэр Гэмптан) адбылася ў Лёндане у 1993 годзе. На ёй я тады й пабываў, запрошаны амэрыканскай артысткай Пэці ЛуПон, якая ў гэтай арыгінальнай пастаноўцы выконвала ролю Нормы.

На пачатку другога акту спэктаклю ў цэнтры ўвагі гледачоў, а таксама і гераіні, – малады сцэнарыст-пачатковец Джо Гіліс, які ляпідарнымі куплетамі тытульнага нумару тлумачыць, як ён апынуўся ў гэтым доме цацкай-каханкам нашмат старэйшай Нормы, гэтак прадаючы ня толькі цела але й душу ў памкненьні дасягнуць так званай «амэрыканскай мары» – славы й багацьця.



Горкі цынізм галоўнага героя «Бульвару Сансэт» (альбо па-беларуску «Бульвар Усходу Сонца») выказаў у сьпеўнай форме шатляндзка-амэрыканскі актор-сьпявак Джан Бэраўмэн, які выконваў ролю Джо Гіліса у Лёнданскай пастаноўцы праз год пасьля прэм'еры.

Але як мы даведваемся на пачатку м'юзыклу, Гіліс патрапіў у дом Нормы зусім выпадкова, уцякаючы ад крэдытораў, якім бядак-сцэнарыст быў вінаваты грошы. Думаючы, што занядбаная віла на Бульвары Сансэт пустая, ён асьцярожна заходзіць у яе і раптоўна сутыкаецца з эксцэнтрычнай, моцна загрыміраванай гаспадыняй, якую Гіліс, тым ня менш, пазнае: «Няўжо Вы Норма Дэзманд! Вы ж некалі здымаліся ў фільмах! Вы ж некалі былі вялікай!» На што абураная гераіня адказвае: «Я і засталася вялікай, гэта толькі фільмы сталі малымі!» Прымушаная да шматгадовай штучнай ізаляцыі, у сваім перакручаным уяўленьні састарэлая былая багіня нямога кіно ўсё яшчэ перакананая у сваёй прывабнасьці і папулярнасьці.

У песьні «With One Look» Норма даказвае, што без дапамогі ўсякага гуку і мікрафонаў, адной мімікай твару, «Адным Сваім Позіркам» яна здольная перадаць усе пачуцьці, заваяваць усе сэрцы, захапіць увесь сьвет.

У нашым эфіры галоўную арыю спэктаклю Эндру Лойда Вэбэра «Бульвар Сансэт» сьпявала Бэці Баклі, на маю думку, адна з найлепшых у сэнсе вакалу акторак-сьпявачак, якая выконвала ролю галоўнай гераіні – а я бачыў іх ажно трох! Аднак цяжка недацаніць і выкананьне галівудзкай артысткі Глэн Клоўс, якая ў 1994 годзе стала першай Брадвэйскай Нормай. Паглядзіце гэты відэакліп, і пераканайцеся самі, як па-майстэрску Клоўс перадае ўсю роспач, згубленасьць і самападман трагічнай цэнтральнай постаці спэктаклю.



Паводле газэты Нью Ёрк Таймз, Эндру Лойд Вэбэр, народжаны у 1948 годзе, «найбольш камэрцыйна пасьпяховы кампазытар у гісторыі». Ён аўтар ажно 14-ці м'юзыклаў, найбольш ведамыя зь якіх: «Прывід Опэры», «Ісус Хрыстос Супэрзорка», «Каты» і «Эвіта», а таксама лацінамоўны «Рэквіем». Ён ляўрэат шматлікіх прэміяў у сьвеце шоў-бізнэсу: Тоні, Оскар, Грэмі, Оліве – за заслугі у галіне мастацтва. У 1997 годзе каралева Вялікай Брытаніі ўзнагародзіла Эндру Лойда Вэбэра тытулам лорда. Хоць многія музычныя крытыкі ставіліся да кампазыцыяў Вэбэра ня вельмі ўхвальна, нават часам абвінавачвалі яго ў плягіяце твораў такіх клясычных кампазытараў, як Мэндэльсон і Пучыні, але несумненна, што ягоныя мэлёдыі надзвычай запамінальныя і кранальныя. Відавочна, што большасьць публікі згодныя з такой ацэнкай.

Да твораў Эндру Лойда Вэбэра мы будзем зьвяртацца ў гэтым цыклі перадачаў яшчэ ня раз, але цяпер вернемся да дзеяў м'юзыклу «Бульвар Сансэт» – альбо па-беларуску «Бульвар Усходу Сонца».

За «начлег і харчаваньне» малады прыгажун-сцэнарыст Джо Гіліс згаджаецца застацца ў доме Нормы Дэзманд, каб дапамагчы яўна неўраўнаважанай гаспадыні напісаць сцэнар, з дапамогай якога яна плянуе ўзяць на сябе ролю 16-гадовай дзяўчынкі, біблійнай Саламеі, і такім чынам трыюмфальна вярнуцца на экран.

... Праходзяць месяцы. Норма безразважна і навязьліва закахалася ў Гіліса, які становіцца ейным жыгала-альфонсам, хоць адначасова мае дзяўчыну, якую сапраўды кахае. У навагоднюю ноч падманутая Норма ладзіць інтымна-рамантычны прыём для сябе і Джо. Іх лучаць кактэйлі, танга, вальс, а пасьля і нешта большае.... Яна спадзяецца на шчасьлівую будучыню зь ім і на «дасканалы новы год». Песьню «The Perfect Year» – «Дасканалы Год» сьпяваюць выканаўцы аўстралійскай пастаноўкі «Бульвару Сансэт» Гю Джэкмэн і Дэбра Бэрн.



Празь нейкі час, зьнянацку, Норма атрымлівае ліст-запрашэньне наведаць вядучую галівудзкую студыю Пэрамаўнт ад ейнага былога рэжысэра і цяперашняга кіраўніка студыі Сэсыля дэ Міля, і хоць яна памыляецца (бо дэ Міль усяго толькі зацікаўлены пазычыць у яе антыкварны аўтамабіль), яна ўпэўненая, што ейны новы творчы посьпех набліжаецца. Калі яна вяртаецца ў даўно не наведваную здымачную студыю, яе ахопліваюць эмацыйныя ўспаміны былых дзён працы перад кінакамэрай. «Мы паказвалі сьвету, як марыць». Так Норма Дэзманд падсумоўвае майстэрства кінаактораў нямых фільмаў у арыі «As If We Never Said Goodbye» – «Як бы мы ніколі й не разьвітваліся» з м'юзыклу Sunset Boulevard – “Бульвар Сансэт». У нашым эфіры гэтую песьню падчас свайго сола-канцэрту ў славутым Нью Ёрскім Карнэгі Гол сьпявала Бэці Баклі, а ў ніжэй зьмешчаных відэакліпах сьпявае Глэн Клоўс.





У канцы спэктаклю Норма здагадваецца, што малады сцэнарыст Джо яе не кахае і падманваў ня толькі яе, але і сябе самога. Ён ня толькі прызнаецца у адданасьці іншай, але са злосьцю заяўляе, што пакідае Норму, ганіць ейны сцэнар і ейныя ілюзорныя пляны вяртаньня ў кіно. Джо паварочваецца сьпінай і ўцякае з дому. Апошняя нітачка здаровай псыхікі Нормы абрываецца. Даганяючы Джо, Норма страляе ў яго зь пісталета, і той падае мёртвы ў мутную ваду занядбанага басэйну ў двары вілы на Бульвары Сансэт.

Неўзабаве прыяжджаюць паліцыя і журналісты. Сустракаючы іх як сваіх прыхільнікаў – а ўспышкі фотакамэраў і сьвятло аўтамабільных фараў яна ўспрымае як студыйнае асьвятленьне, з гратэскавым тэатральным патасам – Норма Дэзманд спускаецца па парадных сходах сваёй гасьцёўні апошні раз – зусім не ўсьведамляючы, што аддаецца ў рукі крымінальнай паліцыі.

Апошнія ейныя словы: «А цяпер, спадар дэ Міль, я гатовая паказацца ў кадры буйным плянам!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG