Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таронта сустрэліся беларусы Паўночнай Амэрыкі

абноўлена

Фота Ксеніі Капыткі і Зьмітра Леановіча
Фота Ксеніі Капыткі і Зьмітра Леановіча

У беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры канадзкага горада Таронта адбылася 30-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

Сярод дэлегатаў — старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, іншыя сябры Рады, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк, паэтка Вольга Іпатава, вядомыя дзеячы беларускай эміграцыі, госьці з Беларусі і Польшчы.

Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла


У часе сустрэчы адбыліся даклады і дыскусіі (круглыя сталы) па тэмах «Рынак працы», «Захаваньне і падтрымка беларускай культуры на эміграцыі», і «Сям’я і іміграцыя».

Таксама адбыліся выставы, прэзэнтацыі кніг, выступы музычнага калектыву «Кантабіле» з Атавы і вячоркі з гуртом «Яваровы людзі» з Таронта. Удзельнікі сустрэчы выказалі падтрымку тым беларусам, якіх рэжым Лукашэнкі перасьледуе за іх погляды. На саколках з партрэтамі беларускіх палітзьняволеных дэлегаты ставілі свае подпісы, выказваючы такім чынам сваю салідарнасьць з усімі, хто церпіць за дэмакратычную будучыню Беларусі.
Перад дэлегатамі выступае старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка
Перад дэлегатамі выступае старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка






Апрача таго ўдзельнікі спатканьня ажыцьцявілі пілігрымку да Беларускага Памятнага Крыжа у Мідландзе.
Каля Беларускага Памятнага Крыжа у Мідландзе выступае Зянон Пазьняк
Каля Беларускага Памятнага Крыжа у Мідландзе выступае Зянон Пазьняк

Такія сустрэчы праходзяць раз на два гады, пачынаючы ад 1952 году. Арганізатарамі сёлетняй сустрэчы былі Згуртаваньне беларусаў Канады на чале са старшынёй Валянцінай Шаўчэнкай і Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) на чале з Ганнай Сурмач.

У прынятай рэзалюцыі ўдзельнікі сустрэчы выказаліся за захаваньне на чужыне адметнай беларускай прысутнасьці ды падтрымку беларускай мовы, культуры і традыцыі сярод эмігранцкай грамады.

Сярод канкрэтных захадаў, якія маюць служыць гэтай агульнай мэце, удзельнікі сустрэчы вылучылі:

— інфармацыйную і фінансавую падтрымку беларускіх пэрыядычных выданьняў, асабліва беларускага эміграцыйнага друку;

— падтрымку дзейнасьці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі як асноўнага палітычнага цэнтру на эміграцыі;

— інфармаваньне ўрадавых арганізацый ЗША і Канады аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;

— падтрымку дзейнасьці беларускіх цэркваў у замежжы, як духоўных цэнтраў і апірышча для эмігрантаў;

— падтрымку пастаянных кантактаў з Бацькаўшчынай ды сілаў, якія змагаюцца супраць дыктатуры за незалежнасьць і дэмакратыю.

У асобнай рэзалюцыі ўдзельнікі сустрэчы ў Таронта выказалі салідарнасьць з палітзьняволенымі ў Беларусі ды зьвярнуліся з патрабаваньнем да беларускіх уладаў вызваліць іх і спыніць перасьлед апазыцыйных партый і грамадзкіх рухаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG