Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне ратацыя праўладных кандыдатаў


Палата прадстаўнікоў
Палата прадстаўнікоў

Ва ўсіх 13-ці выбарчых акругах на Гарадзеншчыне вылучаны праўладныя прэтэндэнты ў кандыдаты. Праўда, ніхто зь іх раней ня быў дэпутатам парлямэнту, што, на думку назіральнікаў, сьведчыць аб зьмене дэпутацкага корпусу на карысьць новага кіраўніцтва вобласьці.

Сярод вылучэнцаў у кандыдаты ад улады на Гарадзеншчыне сёлета вылучаны два чыноўнікі з аблвыканкама, два з райвыканкамаў — старшыня Шчучынскага райвыканкама і намесьніца старшыні Ашмянскага, старшыня абласнога Савета, два лекары, два пэдагогі, дырэктар Гроднааблдарбуда, адзін генэрал і рэдактарка абласной газэты.

Большасьць з гэтых вылучэнцаў, як правіла, вылучалі свае кандыдатуры, як шляхам вылучэньня ад працоўнага калектыву, так і шляхам збору подпісаў. Да прыкладу, генэрал Аляксандар Міжуеў, начальнік галоўнай вайсковай інспэкцыі Узброеных сілаў Беларусі, акрамя збору подпісаў вылучыўся ад трох працоўных сельскагаспадарчых калектываў у Гарадзенскім раёне.

Назіральнік за выбарамі Раман Юргель кажа, што аб такой вялікай працы па вылучэньні генэрала стала вядома толькі пасьля падачы дакумэнтаў. Наагул, паводле назіральніка, як вылучаліся праўладныя кандыдаты і як зьбіралі подпісы, нікому нічога невядома.

Юргель: «Так, калгасы вылучалі генэрала і вылучалі неяк зусім негалосна. Аб гэтым да апошняга часу падачы дакумэнтаў у акруговую камісію ніхто ня ведаў, што за калгасы і каго вылучаюць. Постфактум гэта стала вядома толькі ў акруговай камісіі незалежнай назіральніцы».

Калі ў некаторых акругах падалі дакумэнты на рэгістрацыю па 4-5 чалавек, то ў большасьці акругаў праўладныя кандыдаты маюць толькі па аднаму канкурэнту. Назіральнік Раман Юргель ужо зараз лічыць іх безальтэрнатыўнымі.

Юргель: «Па Наваградзкай акрузе № 57, да прыкладу, вылучаецца Андрэй Навумовіч, старшыня абласнога Савета і Наталя Воўчык, сябра БНФ. Апазыцыйныя партыі, як БНФ і АГП, ужо аб’явілі, што здымуць сваіх кандыдатаў, таму гэтая акруга застанецца безальтэрнатыўнай».

У Слоніме праўладным вылучэнцам называюць дырэктарку школы спадарыню Сопікаву. Мясцовыя назіральнікі кажуць, што яе падтрымліваюць на ўзроўні аблвыканкаму. Я пацікавіўся ў канкурэнта Сопікавай, вылучэнца ад БНФ — ці актыўна ініцыятыўная група Сопікавай зьбірала подпісы?

Шэга: «Яны правялі толькі адзін пікет, адзін дзень толькі стаялі на адным рынку. А як там подпісы зьбіралі, дык гэта мне невядома, напэўна, хадзілі па кватэрах».

У Ваўкавыску сярод праўладных вылучэнцаў начальнік Упраўленьня адукацыі аблвыканкама Аляксандар Сягоднік. Яго канкурэнт — граф Прушынскі абураны тым, што за чыноўніка зьбіраюць подпісы супрацоўнікі ваўкавыскай «вэртыкалі», выкарыстоўваючы напоўніцу адміністратыўны рэсурс.

Прушынскі: «Я ў рэшце рэшт напішу адкрыты ліст да Аляксандра Рыгоравіча. Ён неаднойчы заяўляў, што выбары будуць чэсныя, але я бачу, што дзяржаўныя чыноўнікі ходзяць і зьбіраюць подпісы за вылучэнца ад улады. Я ня думаю, што гэта прыстойна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG