Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны пераход «Новая Гута» ў аблозе


Да пераходу 4 гадзіны
Да пераходу 4 гадзіны

Больш як на кілямэтар расьцягнулася аўтамабільная чарга на ўезд ва Ўкраіну зь Беларусі ў памежным пропуску «Новая Гута». У чаканьні памежнага й мытнага дагляду турысты зь Беларусі, Расеі, Прыбалтыкі марнуюць па 4-5 гадзінаў.

Бывалыя аўтааматары зьдзіўляюцца такой чарзе, хвост якой пачынаецца мэтраў за дзьвесьце да павароту на Краўцоўку.

Гаворыць спадар Сяргей са Смаргоні: «Я кожны год з 1998 году ежджу ў гэты час забіраць сям’ю з Украіны, але такой велічэзнай чаргі яшчэ ня бачыў. Гэта жах! Бардак!»

За гадзіну машыны прасоўваюцца мэтраў на дзьвесьце. Многія кіроўцы нават не запускаюць рухавікі, а проста штурхаюць свае аўто па 5-10 мэтраў да памежнага пераходу.

Павал, Ліда, Ігар з Санкт-Пецярбургу
Павал, Ліда, Ігар з Санкт-Пецярбургу


У кілямэтровай чарзе найбольш аўтамашын з расейскімі нумарамі:

«Мы — з Санкт-Пецярбургу. Стаім ужо прыкладна гадзіну. Кажуць, яшчэ 3-4 гадзіны трэба стаяць, каб праехаць беларускую мытню. Народ на санцапёку стаіць, губляе каштоўны час. Там жа ўсіх чакаюць. Тым больш, зь дзецьмі тут многія. І нічога не абсталявана. Толькі жанчына ў вазку гарбату развозіць».

Бліжэй за пераходу ёсьць два летніх намёта, у якіх разьмешчана кавярня. Тут аўтааматары й пасажыры хаваюцца ад сьпёкі. Непадалёку чатыры біяпрыбіральні, але ад хваста чаргі да іх дабірацца далекавата. Таму многія спраўляць патрэбу ідуць у лес.

Перачакаць сьпякоту
Перачакаць сьпякоту


У правай паласе дарогі — асобная чарга для аўтобусаў. Апоўдні іх было ўжо дваццаць два — зь Віцебску, Менскай, Магілеўскай абласьцей. Дарослыя й дзеці адмыслова кіраваліся ў Крым на адпачынак.

У аўтобусаў свая чарга
У аўтобусаў свая чарга


Вялізарная чарга на памежным беларускім пераходзе спарадзіла свой бізнэс. Пра гэта й апавялі ў чарзе:

«Любая чарга, любы дэфіцыт стварае новы бізнэс. Хлапцы тут займалі чаргу й пасьля прапаноўвалі: хочаце на 90 машын прасунуцца наперад — 3 тысячы расейскіх рублёў альбо 100 амэрыканскіх».

Памежнікі перапынялі такі «бізнэс», але ж чарга ад гэтага ня зьменшылася. Знойдуцца, канечне, і новыя «бізнэсоўцы».

Дзяжурны маёр наагул адмаўляўся даваць нейкія тлумачэньні наконт велічэзнай чаргі. Прапаноўваў толькі кіравацца на бліжэйшы пераход «Весялоўка» ў Добрускім раёне альбо наагул у Камарын, што ў Брагінскім раёне. Аднак на такую прапанову ў чарзе ніяк не рэагавалі.

Расеец Павал: «Сказалі, што ёсьць другі пункт, але канкрэтнай інфармацыі — колькі там машын стаіць? — няма. Туды ехаць 80 кілямэтраў і той прапускны пункт мы ня ведаем, таму вырашылі тут стаяць і чакаць».

Спадарыня Вольга з Рэчыцы паслухалася парады, якую распаўсюдзіў у СМІ беларускі Памежны камітэт і паехала раніцай з мужам у Камарын:

«На Камарынскі пераход мы прыехалі, там была паўтаракілямэтровая чарга, машын сто пяцьдзесят — і мы прыехалі сюды. Зь дзесяці раніцы стаім, ужо ці адно ня тры гадзіны. Тут мытня большая, больш службоўцаў — і мы прасоваемся нават хутчэй. На Камарынскай толькі 2 беларускія мытнікі працавалі. На ўсіх — толькі два чалавекі. Людзі казалі, што ў 7 гадзін раніцы прапускалі тых, хто заняў чаргу ў 12 гадзін ночы мінулага дня ў Камарыне».

Да лесу ў цень
Да лесу ў цень


Хвост чаргі
Хвост чаргі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG