Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўкі генэралаў прапаганда не камэнтуе


З афіцыйных беларускіх мэдыяў немагчыма даведацца, за што канкрэтна Аляксандар Лукашэнка пакараў вялікую групу «сілавікоў».

Усе дзяржаўныя выданьні не выходзяць за межы паведамленьня прэзыдэнцкай прэсавай службы, у якім гаворыцца толькі пра неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі. Інфармацыі пра швэдзкі самалёт, цацачных мядзьведзікаў і бесьперашкоднае перасячэньне беларускай мяжы у афіцыйных мэдыях няма.

Генэрал-маёр у адстаўцы Валеры Фралоў сёньня сказаў «Свабодзе», што пакараньне групы высокіх вайсковых начальнікаў было непазьбежным:

​«Павінны былі высновы наступіць. Яны і наступілі. Якія канкрэтна, дык тут Лукашэнка робіць тое, што ён лічыць неабходным. Што тычыцца памежнікаў, дык тут усё зразумела, хоць Рачкоўскі як быццам меў аўтарытэт, сябраваў зь Віцем Лукашэнкам. А што тычыцца Пахмелкіна, дык тут таксама зразумела. Калі супрацьпаветраная абарона прапусьціла самалёт, то атрымай. Тут усё натуральна».

Генэрал Фралоў параўноўвае «швэдзкі дэсант» з падобным палётам нямецкага лётчыка Руста ў Маскву яшчэ ў часы Савецкага Саюзу. І адзначае, што тады пакараньні былі больш жорсткімі — з пасады зьнялі нават міністра абароны СССР маршала Сакалова:

«У прынцыпе, гэта факт адзін і той жа. Магчыма, на большыя пакараньні тады паўплывала тое, што Руст прызямліўся не абы-дзе, а на самой Краснай плошчы. А ў нас жа яны ня селі на плошчу Незалежнасьці, хоць месца гэта дазваляе. Руст, мне падаецца, ставіўся да свайго палёту прасьцей. А ў нашым выпадку людзі, мабыць, сур’ёзна папрацавалі. Падобна, што яны ведалі, як працуе наша сыстэма, дзе ёсьць якія шчыліны. Гэта крыху больш прагматычныя людзі. Зрабілі сваю працу і засталіся жывымі. Нават ні турмы, нічога іншага».

Палёт нямецкага лётчыка Матыюса Руста, які ў 1987 годзе бесьперашкодна даляцеў да Краснай плошчы, тады абмяркоўвала ўся краіна. Гэтым разам жыхары Беларусі, якія не карыстаюцца незалежнымі мэдыямі, нічога ня ведаюць пра «швэдзкі дэсант». У галоўных газэтах краіны, пачынаючы з «СБ», друкуюцца аднолькавыя паведамленьні пра кадравыя пытаньні, якія разгледзеў прэзыдэнт. Указана, што за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі ад займаных пасадаў вызваленыя старшыня Дзяржпамежкамітэту генэрал-маёр Ігар Рачкоўскі і камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёр Дзьмітрый Пахмелкін. Тая ж самая інфармацыя прагучала на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё. Афіцыйная прапаганда не тлумачыць, у чым канкрэтна правініліся беларускія «сілавікі», за што канкрэтна частку іх звольнілі, а частцы абвясьцілі вымовы.

«Мяне абсалютна не зьдзіўляе такое асьвятленьне падзеяў у дзяржаўных СМІ», — кажа сябра праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў Яніна Мельнікава:

Яніна Мельнікава
Яніна Мельнікава
«Дзяржаўныя журналісты працуюць, па сутнасьці, у межах прапаганды. Яны наўмысна замоўчваюць адны рэчы і, наадварот, аддаюць празьмерную ўвагу іншым рэчам, якія насамрэч не зьяўляюцца істотнымі. З пункту гледжаньня ​сучаснай журналістыкі, вядома, гэта вялікія хібы і парушэньне канонаў прафэсійнай журналістыкі. Бо мы павінны адказваць на ўсе пытаньні — ня толькі што, дзе, калі, але і чаму гэта здарылася. Трэба дасьледаваць праблему глыбока і даваць як мага болей разгорнутых вэрсіяў інфармацыі пра гэтае здарэньне. Нашы навіны, тое, што мы бачым па тэлевізіі, што чытаем у дзяржаўнай прэсе, — гэта цалкам падпадае пад агульную тэндэнцыю замоўчваньня хібаў улады».

Аляксандар Лукашэнка не аднойчы падкрэсьліваў, што войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі ахоўваюць у межах так званай саюзнай дзяржавы неба ня толькі Беларусі, але і Расеі. Цікава, як расейскія мэдыі адрэагавалі на «швэдзкі дэсант»? Дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш кажа, што, на ягоную думку, адпаведныя матэрыялы яшчэ зьявяцца:

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
«Пакуль былі літаральна адзін-два артыкулы, у якіх абмяркоўвалася — ці магла быць такая падзея, ці не? У мэдыйнай прасторы гэта было заўважана, але не ператварылася ў вялікае абмеркаваньне. Было заўважана, аднак ня болей за тое».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG