Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 ліпеня: Тыдзень паняволеных народаў і дзень нараджэньня Юркі Лявоннага


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР’Е


Будзе воблачна з праясьненьнямі, тэмпэратура ад 17 да 20 цяпла.

СЁНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ


Цэнтральны суд Менску будзе разглядаць скаргі праваабаронцаў Алега Гулака і Валянціна Стэфановіча на ўключэньні іх у сьпіс невыязных.

У ЗША пачнецца традыцыйны Тыдзень паняволеных народаў, у часе якога грамадзкасьць і палітыкі выказваюць салідарнасьць з нацыямі, што церпяць прыгнёт камуністычных і іншых недэмакратычных урадаў. Традыцыя нарадзілася ў ЗША ў пяцідзесятыя пасьляваенныя гады і ад 1959 году ўзаконеная прэзыдэнтам Эйзэнхаўрам.

Дакладчыкі ПАРЭ наведаюць Расею з мэтай кантролю, як краіна выконвае свае абавязаньні перад Радай Эўропы.

У Жэнэве Камітэт ААН у правах чалавека пачне разглядаць даклад, падрыхтаваны Армэніяй наконт ажыцьцяўленьня гэтай краінай Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ


16 ліпеня лічыцца днём пачатку падзелу агульнай хрысьціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. У гэты дзень у 1054 годзе рымскі папа Леў ІХ наклаў анафэму на канстантынопальскага патрыярха Міхаіла.

1918 — у Екацерынбургу бальшавікі расстралялі расейскага цара Мікалая II разам зь ягонай сям’ёй.

1979 — прэзыдэнтам Іраку стаў Садам Хусэйн.

1990 — парлямэнт Украіны прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Украінскай ССР.

У гэты дзень нарадзіліся

1350 г. — вялікі князь ВКЛ ВІТАЎТ.

1872 — Раальд Амундсэн, нарвэскі палярнік, падарожнік і першаадкрывальнік.

1908 — нарадзіўся беларускі паэт Юрка Лявонны (сапраўднае прозьвішча Леанід Юркевіч), адзін з вялікай групы літаратараў, які будзе расстраляны ў чорны дзень беларускай літаратуры 29 кастрычніка 1937 году.

У гэты дзень памерлі

1976 — Янка Станкевіч, беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. У сваіх працах называў Беларусь Крывіяй або Вялікалітвой. Сярод іншага займаўся гісторыяй беларускіх кітабаў (кніг, пісаных беларускімі мусульманамі арабскім пісьмом), падрыхтаваў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік».

1990 — Мікалай Арэхва, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, гісторык.

1999 — працяг сямейнай трагедыі амэрыканскай дынастыі Кенэдзі: у выніку крушэньня прыватнага самалёта над Атлянтычным акеанам загінулі Джон Кэнэдзі —малодшы і яго жонка Каралін з сястрой. Яны ляцелі на вясельле сваячкі.

ЁСЬЦЬ НАГОДЫ


Дзень мора ў Японіі

Імяніны: Аляксандра, Анатоля, Васіля, Івана, Герасіма, Міхаіла, Марка, Канстанціна

МІНУС 365


Эўразьвяз асуджае затрыманьні ўдзельнікаў маўклівай акцыі

Скарга БНФ дайшла да Вышэйшага гаспадарчага суду

Швайцарскі палітык заявіў пра сваю падтрымку палітвязьню Васілевічу

ВЕРШ НА ПАМЯЦЬ


Распляскалася
Ў прасторы сонца.
Зелянее стромкая трава.
Ад жыцця ня стану я ў старонцы,
Буду раньне шчыра вартаваць.

Будуць песьні раўчакамі ліцца -
І ня сядзе на суку тым жаль.
Не пахіліць лозаў вецер ніцы,
Не загіне ў просіні мяжа.

Заглядзіцца месяц сівагрывы,
Дол пакрые тонкім серабром.
Пройдзе ноч няскончаным урыўкам,
Каб схавацца ўраньні за гарой.

У прасторы -
Ураган сваволіць.
Льецца з клёнаў жоўтае лісьцё.
Прывітаю я жыцьцё і словы,
Як вітае родны брат сясцёр!..

Юрка Лявонны
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG