Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь сьвяткуе юбілей Шагала без яго карцін


Як падае нямецкае агенцтва DPA, у музэі Марка Шагала ў Віцебску з нагоды яго 125-гадовага юбілею будзе прадстаўленая толькі яго друкаваная графіка.

Паводле кіраўніцтва музэю, арыгіналы работ гэтага вялікага мастака не экспануюцца на ягонай радзіме ўжо ад 2005 году. Для арганізацыі паказу карцін мастака, якія належаць заходнім музэям і прыватным калекцыянэрам, няма грошай. Раней у правядзеньні падобных выставаў у Віцебску дапамагалі амбасады Нямеччыны і Францыі ў Беларусі. Апошнім часам стасункі паміж Менскам і ЭЗ істотна сапсаваліся.

Марк Шагал нарадзіўся 6-га (паводле некаторых зьвестак 7-га) ліпеня 1887 ў габрэйскай сям’і на ўскрайку Віцебску. Значную частку дзяцінства правёў у доме свайго дзеда ў мястэчку Ліёзна. Выяўленчаму мастацтву вучыўся ў мастацкай школе віцебскага жывапісца Юрыя Пэна. Потым пераехаў у Пецярбург.

Пасьля рэвалюцыі 1917 ён разам зь сямьёй вярнуўся ў Віцебск, дзе яго прызначылі ўпаўнаважаным камісарам па справах мастацтва Віцебшчыны. У родным горадзе ён стварае мастацкую акадэмію, у якую запрашае таленавітых мастакоў-авангардыстаў, сярод якіх Эль Лісіцкі і Казімір Малевіч.

Стала ў Францыі Шагал жыў ад 1937. Да канца жыцьця ( памёр 28 сакавіка 1985) ў яго творчасьці, паводле мастацтвазнаўцаў, прасочваюцца віцебскія матывы. Пасьля эміграцыі на радзіме так і не пабываў. СССР( Маскву і Ленінград) наведаў толькі ў 1973 годзе паводле запрашэньня савецкага міністэрства культуры. Музэям гэтых гарадоў – Трацьцякоўскай галерэі і Музэю выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна і падарыў некаторыя свае працы.

Першая выстава Шагала адбылася ў Беларусі ў 1997 годзе.

Сёлетні 125-гадовы юбілей мастака шырока адзначаецца ў Маскве. Адмысловая выстава праходзіць ў Трацьцякоўцы. Гэта праект у рамках Году францускай мовы і літаратуры ў Расеі. Акрамя друкаванай графікі тут прадстаўленыя амаль не вядомыя на постсавецкай прасторы малюнкі, акварэлі і гуашы, у тым ліку раньнія віцебскія замалёўкі, а таксама позьнія парыскія калажы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG