Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці карысная для Расеі адзіная з Беларусьсю валюта?


Пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў заклікае Беларусь перайсьці на расейскі рубель літаральна на кожнай сваёй прэсавай канфэрэнцыі. У студзені сёлета --> http://www.svaboda.org/articleprintview/24464864.html на карысьць гэтага праекту выказваўся і тагачасны прэм’ер-міністар Расеі, цяперашні прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін.

Нядаўна прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прапанаваў «падумаць аб стварэньні адзінай валюты на тэрыторыі ЭўрАзЭС». Але ў Расеі існуюць і іншыя меркаваньні на гэты конт.

«Стварэньне адзінай эўразійскай валюты ня выгадна ні Расеі, ні іншым краінам ЭўрАзЭС» — , заявіў былы міністар фінансаў РФ Аляксей Кудрын у кулюарах Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму, камэнтуючы прапанову Мядзьведзева. Пра гэта перадае БелаПАН.

Кудрын растлумачыў, што многія чальцы ЭўрАзЭС ня маюць сувэрэнных фінансавых рэйтынгаў. «Гэта азначае, што якасьць фінансавых сыстэм ніжэйшая за разумную. Калі іх зараз уключаць у адзіную прастору — гэта істотнае пагаршэньне якасьці расейскага рубля».

Акрамя таго, ён нагадаў, што многія з гэтых краін зьвяртаюцца па дапамогу да Міжнароднага валютнага фонду, гэта значыць няздольныя самастойна прыцягваць сродкі на зьнешніх рынках.

Экс-кіраўнік мінфіну Расеі спаслаўся на досьвед Эўразьвязу: пабудова валютнага саюзу павінна ўвязвацца з жорсткай фінансавай палітыкай і жорсткімі бюджэтнымі абмежаваньнямі, з агульнымі прынцыпамі фіскальнай палітыкі. «Нам давядзецца задаваць прынцыпы для гэтых краін і ўвесь час знаходзіцца зь імі ў канфлікце, прымушаць гэтыя краіны выконваць гэтыя жорсткія абмежаваньні, — сказаў ён. — У выпадку валютнага саюзу валютны курс краін, якія ўвайшлі ў гэты саюз, будзе падпарадкоўвацца фундамэнтальным паказчыкам Расеі, а ня тых краін, якія ўвайшлі ў саюз. Я лічу, гэта будзе нявыгадна гэтым краінам ».

На думку Кудрына, сама Расея не гатовая прапанаваць суседзям такі саюз, паколькі яе бюджэт захоўвае высокую залежнасьць ад нафты: «Каб прапаноўваць паслугі валютнага саюзу іншым краінам, трэба спачатку пераадолець гэтую залежнасьць і не падвяргаць гэтым рызыкам іншыя краіны».

«Лічу, цяпер, на працягу бліжэйшых дзесяці гадоў, гэтая ідэя не для нашай краіны», — заявіў экс-міністар фінансаў РФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG