Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі сьлед Катыні


Польская «Gazeta Wyborcza» піша пра знойдзены ў Маскве сьпіс амаль дзьвюх тысяч палякаў, якіх у 1940 годзе адправілі на пагібель на Ўсход.

Выданьне распавядае пра адкрыцьцё расейскай навукоўкі Натальлі Лебедзевай, якая знайшла ў Расейскім дзяржаўным архіве прозьвішчы палякаў, якіх з тэрыторыі Заходняй Беларусі вывезьлі на расстрэл у Менск. І хоць беларускія ўлады працягваюць абвяргаць існаваньне расстрэльнага сьпісу, газэта абяцае неўзабаве апублікаваць «беларускі сьпіс» цалкам.

Паводле прафэсара Натальлі Лебедзевай, яна перадала польскаму боку сканаваныя копіі сьпісаў 1996 чалавек, якіх увесну 1940 году перавезьлі ў Менск з турмаў Берасьця, Пінску, Баранавічаў, Горадні, Беластоку ды іншых месцаў. Якраз 5 сакавіка таго году камуністычныя ўлады СССР прынялі рашэньне зьнішчыць больш за 20 тысяч польскіх ваеннапалонных.

Дасьледчык камуністычных рэпрэсіяў, гісторык Ігар Кузьняцоў перакананы: у беларускіх архівах хаваецца аналягічны, і нават большы сьпіс, які ўлады ня хочуць паказваць. Паводле ягоных словаў, яшчэ пры канцы 1950-х тагачасны кіраўнік КДБ Беларусі Аляксандар Шалепін у дакладной запісцы на імя Мікіты Хрушчова пісаў: у турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі былі расстраляныя 7305 польскіх ваеннапалонных. І калі ў 1994 годзе Ўкраіна перадала Польшчы пайменны сьпіс 3435 палякаў, расстраляных у Хэрсоне, Харкаве, Львове, то Беларусь на такі крок не пайшла:

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў
«Адназначна, што аналягічны сьпіс павінен быць і ў Беларусі. І ў беларускім сьпісе павінна значыцца 3870 прозьвішчаў. Таму пытаньне пра наяўнасьць такога сьпісу ўвогуле не павінна абмяркоўвацца. Можна толькі гаварыць пра тое, што гэты сьпіс быў у нейкім годзе альбо зьнішчаны, альбо што гэты сьпіс быў перададзены з КДБ Беларусі, дапусьцім, у Маскву. Ніякіх іншых варыянтаў быць ня можа».

На падставе знойдзеных дакумэнтаў спадарыня Лебедзева робіць выснову: у Менск перавезьлі прынамсі 1800 з 1996 палонных, якіх забілі адначасова з афіцэрамі ў Катыні, Цьвяры, Харкаве. Беларускія афіцыйныя асобы працягваюць сьцьвярджаць, што ў Менску ніхто палякаў не забіваў, а Беларусь на іх шляху была толькі транзытнай тэрыторыяй. На «адсутнасьці ў прыродзе» беларускага сьпісу настойвае дырэктар Дэпартамэнту архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі Ўладзімер Адамушка:

Уладзімер Адамушка
Уладзімер Адамушка
«Яго няма ў прыродзе. І, магчыма, яго быць папросту ня можа. Яго ніхто не складаў, таму што гэтыя сьпісы складаліся непасрэдна ў месцах, дзе праводзіліся рэпрэсіі супраць гэтых грамадзянаў. Тыя афіцэры і падафіцэры, якія праходзілі па тэрыторыі Беларусі і чые прозьвішчы ўвекавечаныя ў Катыні, яны праходзілі, так бы мовіць, транзытам па тэрыторыі нашай краіны. У іх былі толькі кароткія прыпынкі — у Баранавічах, Беразьвеччы, Воршы».

На тэму «беларускіх сьпісаў» расстраляных палякаў неаднаразова выказваўся і Аляксандар Лукашэнка. Апошні раз — паўгода таму. Як і іншыя чыноўнікі, Лукашэнка перакананы: рэпрэсіяў супраць грамадзянаў Польшчы на тэрыторыі Беларусі на пачатку 1940-х не было:

«Я сапраўды займаўся гэтым пытаньнем — гэта рашэньне ВКПБ 1940 году, калі адбыліся вядомыя падзеі. Мы паднялі архівы, і ня толькі КДБ: у нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі зьнішчана, расстраляна не было. У нас аказаліся толькі перасыльныя пункты — палякі, якія праходзілі празь іх, канцэнтраваліся ў асноўным у Расейкай Фэдэрацыі і, магчыма, ва Ўкраіне. І мы знайшлі дакумэнты: ліст кіраўнікоў НКВД, па-мойму Цанавы, інфармацыя Бэрыі пра тое, што на тэрыторыі Беларусі няма палякаў для зьнішчэньня. Таму магу супакоіць наконт лічбы ў 3800: ніводнага польскага грамадзяніна не было зьнішчана на беларускай зямлі ў тыя часы».

Аднак з дасьледаваньня расейскага гісторыка Натальлі Лебедзевай вынікае: сьляды «беларускага катынскага сьпісу» вядуць у архіў 15-й брыгады канвойных войскаў, якая ў 1940-м годзе дысьлякавалася на тэрыторыі Беларусі і перавозіла вязьняў НКВД у Менск. Паводле ацэнак спэцыяліста, у гэтым сьпісе каля 3800 чалавек — лічба, якую агучваў і беларускі гісторык Ігар Кузьняцоў. Пакуль знайшлі толькі палову прозьвішчаў.

Як кажа Вячаслаў Сіўчык, адзін з ініцыятараў ушанаваньня памяці рэпрэсаваных за часамі камуністычнага рэжыму, сытуацыя з прызнаньнем злачынстваў сталінізму ў Беларусі — адна з найгоршых на постсавецкай прасторы:

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык
«Найгоршая сытуацыя, я б сказаў. Нідзе і ў ніводнай постсавецкай краіне такога, як у Беларусі, няма. Справа ў тым, што, нават дыктатарскія рэжымы — напрыклад, Сярэдняй Азіі — прызнаюць факты рэпрэсіяў камуністычных рэжымаў супраць прадстаўнікоў сваіх нацыяў. У нас жа ўсё зьведзена да той формулы, якая была выпрацавана яшчэ ў 1950-я гады, за часамі Хрушчова — што рэпрэсіі былі, і на гэтым кропка».

Наяўнасьць «беларускага сьпісу» зьнішчаных польскіх афіцэраў і службоўцаў афіцыйна адмаўляе і бліжэйшы саюзьнік беларускіх уладаў — кіраўніцтва Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG