Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт у Лос-Кабасе: Як дапамагчы эўразоне?


У Лос-Кабасе ў Мэксыцы сёньня завяршаецца двухдзённы саміт G20, на якім кіраўнікі эканамічна наймацнейшых краінаў сьвету абмяркоўваюць эўрапейскі фінансавы крызыс і захады дзеля падтрыманьня эўразоны.

Перад самітам прэзыдэнт ЗША Барак Абама сустрэўся з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, а ў кулюарах саміту — з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

Паводле паведамленьняў сусьветных прэс-агенцтваў, Абама і Мэркель пагадзіліся, што перамагчы цяперашні фінансавы крызыс у Эўропе магчыма толькі пры дапамозе яшчэ больш цеснай палітычнай інтэграцыі эўрапейскіх краінаў.

У праекце заключнага дакумэнту саміту, які стаў даступны для журналістаў, гаворыцца аб прыняцьці «неабходных захадаў дзеля ўзмацненьня попыту, падтрымкі глябальнага эканамічнага росту і аднаўленьня даверу».

Камэнтатары зьвяртаюць увагу, што фармулёўкі ў праекце гэтага дакумэнту сьведчаць пра тое, што краіны G20 хутчэй падтрымліваюць стымуляцыю эўрапейскай эканомікі дадатковымі фінансавымі ўліваньнямі, за што выказваецца новаабраны прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, чым жорсткія абмежаваньні бюджэтных выдаткаў, за што выступаюць Нямеччына і Вялікабрытанія.

Пасьля сустрэчы з Пуціным Абама сказаў журналістам, што яны дамовіліся працягваць пасьпяховае супрацоўніцтва ў сфэры ўзаемных інтарэсаў, але адначасова амэрыканскі прэзыдэнт дадаў, што ёсьць таксама сфэры, у якіх дзьве краіны не знаходзяць паразуменьня.

Камэнтатары зьвяртаюць увагу на заклапочанасьць Вашынгтону паведамленьнямі аб пастаўках расейскіх баявых верталётаў рэжыму Башара Асада ў Сырыі і аб плянаванай адпраўцы расейскіх дэсантных караблёў з пяхотнікамі ў Сырыю.

Тымчасам Міжнародны валютны фонд заявіў аб стварэньні адмысловага антыкрызыснага фонду вышынёю 430 мільярдаў даляраў, які дапаможа, між іншым, краінам эўразоны, якія зараз перажываюць найбольш востры даўгавы крызыс. Кітай паабяцаў даць 43 мільярды даляраў у гэты антыкрызысны фонд, а дзьве іншыя краіны G20 — Расея і Індыя — па 10 мільярдаў.

Фінансавыя экспэрты зьвяртаюць аднак увагу, што гэты антыкрызысны фонд — усяго кропля ў моры патрэбаў. Адна Гішпанія, паводле падлікаў фінансістаў, цяпер патрабуе каля 300 мільярдаў даляраў, каб выплаціць свае даўгі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG