Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Якубайціс: Літоўская Рэспубліка ня ёсьць працягам ВКЛ


У сучасную Канстытуцыю Літвы закралася памылка — у асноўным законе пішацца, што літоўская нацыя шмат стагодзьдзяў таму стварыла Літоўскую дзяржаву, аднак Літоўская Рэспубліка ня ёсьць працягам Вялікага Княства Літоўскага або Рэчы Паспалітай, а сучасная Літва куды мацней зьвязаная зь міжваеннай этнічнай дзяржавай, чым з ВКЛ або супольнай літоўска-польскай дзяржавай.

Такога меркаваньня пра повязі сучаснай Літвы з гістарычнымі мадэлямі дзяржаўнасьці прытрымліваецца прафэсар Інстытуту міжнародных дачыненьняў і паліталёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Альвідас Якубайціс. Ён прапануе падставай фармаваньня палітыкі гісторыі лічыць міжваенную Літву, а не фэадальнае княства або шляхецкую дэмакратыю — Рэч Паспалітую.

На думку прафэсара, літоўцы могуць захапляцца ВКЛ, аднак нельга абвергнуць той факт, што дзяржава з манархічнай формай кіраваньня, якая грамадзянамі прызнавала ўсяго нейкіх 10 працэнтаў сваіх жыхароў, ня мае нічога агульнага з дэмакратычнай і этнічнай Літвой, дзе грамадзянскія правы гарантаваныя ўсім.

«У Канстытуцыю Літвы закралася памылка — там пішацца, што літоўская нацыя шмат стагодзьдзяў таму стварыла дзяржаву, што можна лічыць ускоснай спасылкай на Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Аднак сучасная літоўская нацыя — гэта ня Рэч Паспалітая. Літоўская этнічная дзяржава — гэта плён змаганьняў ХІХ стагодзьдзя, у гэтым стагодзьдзі ў адно цэлае былі злучаныя дзьве на першы погляд розныя рэчы — нацыя і дзяржава. Рэч Паспалітая або ВКЛ грунтаваліся на разьдзяленьні нацыяў і грамадзянства (civitas). Арыстакратычная шляхецкая нацыя істотна адрозьніваецца ад таго, што ў другой палове ХІХ стагодзьдзя пачалі называць літоўскай нацыяй», — цьвердзіць А. Якубайціс.

Навукоўцы Інстытуту міжнародных дачыненьняў і паліталёгіі бралі ўдзел у праекце «Палітыка гісторыі як фактар стварэньня нацыі і дзяржавы», падчас якога было праведзена апытаньне грамадзкай думкі, якое выявіла стан гістарычнай сьвядомасьці грамадзтва, а самі навукоўцы вызначылі вехі, паводле якіх, на іх думку, мусіла б будавацца палітыка гісторыі Літвы.

Асноўнае цьверджаньне навукоўцаў — у Літве цяпер канкуруюць дзьве канцэпцыі гісторыі літоўскай дзяржавы — адна зь іх цяперашнюю дзяржаўнасьць непасрэдна зьвязвае зь міжваеннай Літвой, другая — з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Гэта вызначае і сувязь грамадзянаў з Эўразьвязам — эўрааптымісты захапляюцца ВКЛ, а эўраскептыкі бароняць ідэю этнічнай дзяржавы.

«Сёньня мы сутыкаемся з новай сытуацыяй, калі ВКЛ выступае як аргумэнт не гістарычнай, а палітычнай самасьвядомасьці. Інтэграцыя ў Эўразьвяз, глябалізацыя, шматкультурнасьць і зьмена ролі этнічнай дзяржавы вярнулі гісторыю фэадальнай дзяржавы на дыскусійную арэну. ВКЛ сёньня падаецца як прататып Эўразьвязу, а мадэрная этнічная дзяржава як нешта састарэлае і вартае крытыкі», — кажа А. Якубайціс.

Аднак, на яго думку, аддаваць першынство сувязям ВКЛ або Рэчы Паспалітай з сучаснай Літвой было б тым самым, калі б амэрыканцы сваю дзяржаўнасьць зьвязвалі з індзейцамі, гішпанскімі канкістадорамі, пілігрымамі Новай Англіі або брытанскімі ўладарамі.

Паводле А. Якубайціса, гэтаксама цяжка было б уявіць сабе, каб стваральнікі незалежнай Літвы ў 1918 годзе згадзіліся б з саслоўнай манархіяй, іншамоўнымі ўладарамі, польскамоўнай элітай і нават зь менш чым 10-працэнтным удзелам грамадзянаў у справах палітычнага кіраваньня.

«Палітычнае самаўсьведамленьне ня можа ўсе гістарычныя падзеі трактаваць аднолькава, мінулыя падзеі — гэта ня толькі мінуўшчына, яны маюць рознае значэньне і для сёньняшняга дня. ВКЛ была дзяржавай, створанай рукамі літоўцаў, але сёньняшняя форма палітычнага жыцьця — гэта твор зусім іншай эпохі», — лічыць прафэсар А. Якубайціс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG