Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у Брусэлі без дарожнай мапы


Саміт "Усходняга парнэрства" ў Варшаве, верасень 2011 году
Саміт "Усходняга парнэрства" ў Варшаве, верасень 2011 году

Сёньня ў Брусэлі Эўрапейская камісія прадставіла свой штогадовы агляд Палітыкі эўрапейскага суседзтва, які ўключае ацэнкі і рэкамэндацыі адносна супрацоўніцтва Эўразьвязу з краінамі Ўсходняга партнэрства.

Эўракамісія падрыхтавала адмысловыя даклады і дарожныя мапы супрацоўніцтве ў дачыненьні да пяці краінаў, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі гэтак званага двухбаковага вымярэньня Ўсходняга партнэрства: Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

У дачыненьні да Беларусі, якая не бярэ ўдзелу ў двухбаковым вымярэньні Ўсходняга партнэрства, а зьяўляецца толькі ўдзельнікам гэтак званага шматбаковага вымярэньня, Эўракамісія падрыхтавала не даклад, а мэмарандум.

Мэмарандум адзначае значнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010 году ды пашырэньне абмежавальных захадаў у адносінах да афіцыйнага Менску з боку Брусэлю.

У эканамічнай частцы мэмарандум сьцьвярджае, што Беларусь ня мае права на атрыманьне макрафінансавай дапамогі ад Эўразьвязу, паколькі не адпавядае палітычным крытэрам надаваньня такой дапамогі.

Адносна супрацоўніцтва ЭЗ-Беларусь мэмарандум адзначае, што двухбаковыя асыгнаваньні ў рамках Палітыкі эўрапейскага суседзтва засяроджваюцца галоўным чынам на праектах датычных аховы навакольнага асяродзьдзя, рацыянальнага выкарыстаньня энэргіі, харчовай бясьпекі ды на павышэньні ролі грамадзянскай супольнасьці ў краіне. На такія праекты Эўракамісія выдзеліла 43 мільёны эўра ў 2007-2011 гг. і 41,5 мільёна эўра на пэрыяд 2012-2013 гг.

Мэмарандум падкрэсьлівае, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 Эўракамісія ў чатыры разы пабольшыла фінансавую падтрымку грамадзянскай супольнасьці і ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі ў рамках адмысловага пакету дапамогі амаль на 20 мільёнаў эўра.

На заканчэньне мэмарандум згадвае найноўшую ініцыятыву ЭЗ, скіраваную на Беларусь — Эўрапейскі дыялёг дзеля мадэрнізацыі зь беларускай грамадзкасьцю — адзначаючы, што першы сэмінар у рамках гэтага дыялёгу датычыў прыватызацыі і адбыўся 16-17 красавіка сёлета ў Варшаве.

Выступаючы 15 траўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі, Кэтрын Эштан, вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі, сказала:

«Я лічу правільнай палітыку, якую мы вялі і вядзем адносна Беларусі. Мы абсалютна ясна даем зразумець беларускім уладам, якія ў нас спадзяваньні, і што яны павінны зрабіць для супрацоўніцтва з ЭЗ. Я лічу, што трэба быць ясным і рашучым, што да каштоўнасьцяў, якія мы адстойваем.

З другога боку, мы ўсьведамляем, што мы хочам мець кантакты зь беларускім народам, які павінен быць у добрых адносінах з ЭЗ. І выклік, які стаіць перад намі ў нашых дачыненьнях з рознымі краінамі – гэта прадэманстраваць здольнасьць Эўразьвязу ня толькі дамаўляцца зь людзьмі, але і гатоўнасьць быць рашучым тады, калі мы лічым, што патрэбныя зьмены. Так што я ўпэўненая ў нашай пазыцыі. Адначасова, я вельмі спадзяюся, што ўрад Беларусі адгукнецца, і што Лукашэнка, усьвядоміць, як яму важна гэта зрабіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG