Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал вакол сэрыяла «Вышэй за неба»


Першы беларускі моладзевы сэрыял «Вышэй за неба» на беларускай і расейскай мовах яшчэ ня выйшаў на шырокія экраны, але ўжо аскандаліўся.

Замоўнікі і стваральнікі фільму ня могуць разьмежаваць правы на яго і абвінавачваюць адны адных у парушэньні кантрактных абавязаньняў.

Аўтар сцэнарыю і крэатыўны прадусар фільму «Вышэй за неба» Андрэй Курэйчык расказаў «Свабодзе», што праца над стужкай была скончаная яшчэ зімой, аднак з ініцыятывы замоўніка — Прадстаўніцтва ААН у Беларусі — далейшы працэс быў прыпынены. Як мяркуе спадар Курэйчык, той факт, што мантаж відэаматэрыялу ажыцьцяўляецца без удзелу здымачнай групы, настройвае на дрэнныя думкі. Ён не выключае, што цяпер фільм цэнзуруецца — найперш, «выразаюцца» нядобранадзейныя асобы кшталту Сяргея Міхалка, Зьмітра Вайцюшкевіча, Аляксандра Кулінковіча, Аляксандра Памідорава, Алега Хаменкі ды іншыя прадстаўнікі «чорнага сьпісу» дзеячаў культуры:

Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык
«Я магу толькі нешта падазраваць. Таму што, натуральна, яны ў афіцыйных камэнтарах не прызнаюцца: так, у нас у ПРААН ёсьць палітычная цэнзура. Зразумела, такога ж ня будзе ніколі. Але ў нас такія падазрэньні і адчуваньні ёсьць, што ўся гісторыя зьвязаная менавіта з гэтым. Магчыма, хтосьці зь дзяржаўных чыноўнікаў ім падказаў, магчыма, на БТ сказалі — маўляў, хлопцы, калі хочаце трапіць на БТ, то ўсё лішняе і нядобранадзейнае трэба выразаць. І гэтых нядобранадзейных чувакоў таксама трэба турнуць. Гэта толькі дапушчэньне, ня буду нічога сьцьвярджаць, але факт ёсьць факт: ёсьць абсалютна цалкам гатовае, зробленае кіно, якое вельмі высока ацанілі рэжысэры, крытыкі — тыя ж Кудзіненка, Расінскі, якія бачылі гэты прадукт. Але ў нас няма права і дазволу на яго якое-колечы выкарыстаньне».

Андрэй Курэйчык кажа, што паралельна з сэрыялам была створаная 2-гадзінная поўнамэтражная вэрсія, якую ўжо ніхто ня здолее адцэнзураваць. Аднак і выпусьціць яе ў шырокі пракат без дазволу ўсё таго ж праваўладальніка таксама немагчыма:

«Добра, што мы пасьпелі хоць гэта зрабіць, пакуль нас, мякка кажучы, не турнулі. Так, фільм можна падзяліць на сэрыі, але мы зрабілі такую вэрсію.
Гэта праўда, што ПРААН — праваўладальнікі фільму, чаму мы да іх і зьвярнуліся з такой просьбай. Таму што калі б у нас былі правы, мы б даўно яго выклалі ў інтэрнэце ці, ня ведаю, зрабілі б адкрытыя паказы. Але ў нас няма такіх правоў, і мы вельмі пакорліва папрасілі іх усё ж даць дазвол, раз гэта адзінае кіно, гатовае на дадзены момант. І гэта кіно, якое ўвогуле адлюстроўвае тое, што мы хацелі ад пачатку рабіць, усе аўтары. Таму мы папрасілі іх: дазвольце нам яго хоць бы паказваць».

Каардынатар праекту сэрыялу «Вышэй за неба» ў Прадстаўніцтве ААН у Беларусі Марына Маліноўская кажа, што прэзэнтаваць кіно сапраўды меліся яшчэ ў лютым. Але потым было вырашана, што сьпяшацца і рабіць «цяп-ляп» ня мае сэнсу. Паколькі ўсё робіцца грунтоўна, то з васьмі сэрый цалкам гатовая толькі адна. Але да канца году ўсе працы па мантажы і агучваньні карціны абяцаюць завяршыць:

«У нас задача — зрабіць моладзевае прафіляктычнае кіно. Зыходзячы з гэтага, і рэкляма абранай тэмы, і кіно, а ня ўласна сцэнарыста. Таму, відавочна,
гаворка ідзе пра парушэньне кантрактных абавязкаў у пэўнай частцы ...

і ўзьнікаюць нейкія пытаньні. Але гэта ўжо будзе асабістая ацэнка, якую я не магу даць. А як працадаўца магу сказаць, што гаворка ідзе пра парушэньне кантрактных абавязкаў у пэўнай частцы. Так, сцэнар зроблены добры, мы яго прынялі, па ім працуем. І ўявіце сытуацыю, калі нам кажуць, што існуе нейкая вэрсія для Канаў. Мякка кажучы, для нас гэта быў вялікі сюрпрыз. І высьветлілася, што гэтая вэрсія — ня восем сэрый, а чамусьці поўнамэтражка, 52 хвіліны напэўна, ня ведаю, бо мы яе ў вочы ня бачылі, ніхто нам яе не дасылаў. Высьвятляецца, што мы, аказваецца, нешта павінны ў Каны паслаць, нават ня мы, а сцэнарыст, у якога ў кантракце нічога падобнага ня значылася. Прычым у мяне ёсьць падпісаны ім сцэнар, паводле якога мы працуем, ніхто яго не адмяняў. Але мы працягваем працаваць, бо ўся гэтая шуміха не павінна нашкодзіць уласна працоўнаму працэсу, на якім завязана вельмі шмат людзей, апроч сцэнарыста, які ўсю сваю працу ўжо выканаў».

У сваю чаргу, Андрэй Курэйчык перакананы, што пасьля такой «напружанай працы» ад пачатковай ідэі ў сэрыяле нічога не застанецца:

«Ды яго дакладна немагчыма будзе пазнаць. Я ўвогуле не ўяўляю, як можна рабіць фільм безь ніводнага чалавека, які яго здымаў. Такога ў гісторыі кіно, мабыць, не было, каб усе, хто прыдумляў яго спачатку, пісаў яго, а потым здымаў, апынуліся за бортам. Яны ўзялі аднаго ці двух мантажораў, людзей ня творчых,
Такога ў гісторыі кіно, мабыць, не было, каб усе, хто прыдумляў яго спачатку, пісаў яго, а потым здымаў, апынуліся за бортам ...
якія зь відэаматэрыялу выскубаюць тое, што бясьпечна, і з гэтага штосьці лепяць. То бок гэта будзе страшная ганьба, і мы, як творчая група, будзем пратэставаць усімі сіламі, таму што так не бывае. Тады гэта не кіно, гэта незразумела што. Кіно — гэта тое, што зьяўляецца творам мастацтва, і за яго заўсёды адказваюць аўтары. Нават у законе запісана, што ў кіно ёсьць тры аўтары: рэжысэр, сцэнарыст, кампазытар. Тыя людзі, якія адказваюць за творчую канцэпцыю. Вось зараз кіно робіцца незразумела кім у тых нетрах. Чыноўнікамі, пэўна, тымі ж людзьмі, якія рэлізы рассылаюць. Што з гэтага будзе? Будзе жах і страх боскі. Таму я рады, што мы ўратавалі хоць бы поўнамэтражную вэрсію. Яна ёсьць, яна ўратаваная нейкім цудам, таму што яе таксама магло не аказацца. Калі б крыху раней яны схамянуліся, у нас бы кіно не было. Быў бы толькі гэты купіраваны, кастрыраваны бэтэшны варыянт. Але ў нас ёсьць гэтае кіно, і яно вельмі моцнае».

Марына Маліноўская, са свайго боку, абвінавачвае Андрэя Курэйчыка ў незаконным выкарыстаньні сэрыяльных відэаматэрыялаў для поўнамэтражнага фільму, стварэньне якога ўвогуле не было прадугледжанае кантрактам:

«Ня ведаю, пра што нават гаворка. Мы ня бачылі ў вочы, па-першае, што зроблена, а па-другое, у мяне пытаньне: на чым зроблена? Бо мы карцінку нікому не давалі. ПРААН як праваўладальнік ніякіх відэаматэрыялаў нікому для стварэньня нейкай вэрсіі не перадаваў. І ў мяне ўзьнікае пытаньне адносна законнасьці ўвогуле выкарыстаньня відэаматэрыялаў. Калі яны, канечне, выкарыстаныя і гэтая вэрсія наагул ёсьць. І яшчэ адно пытаньне ў мяне ўзьнікае: пра якія Каны гаворка і пра якую вэрсію, калі адпачатку — і гэта таксама было запісана ўва ўсіх кантрактах — калі па факце мы павінны зрабіць сэрыял? І гэты сэрыял павінен быць зроблены не на фэстываль, а ў першую чаргу для людзей, для моладзі. Каны нас ня вельмі цікавяць, нам важна, каб гэта пабачыла наша моладзь, прычым ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Бо ў нас задача — зрабіць моладзевы, драйвавы сэрыял».



Аўтары сэрыялу «Вышэй за неба» назвалі жанр стужкі «драмэдзі» — спалучэньне драмы і камэдыі. Паводле стваральнікаў, гэта першы фільм пра сучасных беларусаў, створаны выключна для беларускага рынку. У сэрыяле здымаліся маладыя людзі з усёй Беларусі, якія прайшлі «народны кастынг», а таксама непрафэсійныя акторы зь ліку дзеячаў культуры — пісьменьнікі Андрэй Хадановіч, Алесь Пашкевіч, Тамара Лісіцкая, скульптар Алесь Шатэрнік, тэлевядучы Юрый Жыгамонт, музыкі Аляксандар Кулінковіч, Аляксандар Памідораў, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка, рэпэр Вінцэнт, гурт «Akute».

Рэжысэр праекту — Дзьмітрый Марынін, аўтар сцэнару — Андрэй Курэйчык. Сэрыял здымаецца Праграмай разьвіцьця ААН у супрацоўніцтве зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі на сродкі Глябальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG