Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь кідае вучобу, бо тая ня вартая такіх грошай


Колькі каштуе атрымаць адукацыю ў беларускай ВНУ? З пачатку красавіка базавая велічыня вырасла да 100 тысяч рублёў, а ўсьлед за ёй павялічваюцца плата за навучаньне, інтэрнат, сталоўкі й праезд у грамадзкім транспарце. Тым часам Міністэрства адукацыі разглядае пытаньне пра тое, каб увесьці поўную аплату навучаньня па некаторых спэцыяльнасьцях.


МАГІЛЁЎШЧЫНА

«Моладзь кідае вучобу, зьяжджае працаваць у Расею»

У Магілёве расцэнкі ў вышэйшых навучальных установах даўно не стаяць на месцы. У колькі абыходзіцца ўнівэрсытэцкая адукацыя, апавялі студэнты адной зь мясцовых ВНУ:

Студэнт: «Вялікая плата за навучаньне. Восем мільёнаў за год. Два гады таму было два мільёны сямсот, а цяпер — восем дзьвесьце. У тры разы практычна вырасла».

Карэспандэнт: «Адміністрацыя нейкім чынам тлумачыць рост коштаў навучаньня?»

Студэнт: «А як яны могуць патлумачыць? Цяпер усе цэны падымаюцца. Яны вось так і тлумачаць, што ўсё даражэе, вось і мы падымаем».

Карэспандэнт: «А ці стаіць цяпер такая дылема перад платнікамі — заставацца студэнтам альбо кідаць ВНУ?»

Студэнт: «Ну, канечне, восем мільёнаў — гэта даволі сур’ёзная сума. Шмат пераводзяцца цяпер на завочнае навучаньне. У каго ёсьць такая магчымасьць, то бацькі аплачваюць».

«Сацыяльныя выплаты дапамагаюць мала...»

Студэнт: «Дужа цяжка выплаціць. Ёсьць нейкія сацыяльныя выплаты, дапамога, але яна мала чым дапамагае. Моладзь стараецца выяжджаць падзарабляць у тую ж Расею».

Бацькі студэнтаў ня могуць высьветліць, чаму растуць цэны навучаньня ва ўнівэрсытэце. Часьцей адміністрацыя адмоўчваецца, кажа маці адной са студэнтак:

«Яны кажуць, што ўсе пытаньні задавайце Міністэрству адукацыі. „Мы імі не распараджаемся“. Вось гэта даводзіць да шаленства — мы ж плацім канкрэтнаму ўнівэрсытэту, а не міністэрству».

Каб прадухіліць адток студэнтаў, плату за навучаньне можна цяпер уносіць у растэрміноўку

Каб пазьбегнуць адтоку студэнтаў, адміністрацыі некаторых магілёўскіх унівэрсытэтаў зьмянілі форму платы за навучаньне. Грошы можна ўносіць ад лютага ў растэрміноўку. Пра гэта афіцыйныя крыніцы паведамілі як пра дасягненьне і клопат пра кішэню бацькоў і студэнтаў. Заяўлена, што плата за навучаньне ідзе на заробак выкладчыкам і аплату камунальных паслуг.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Грошы бяруць немалыя, але што прапаноўваюць узамен...»

Падвышэньне коштаў платнага навучаньня прымушае шмат каго са студэнтаў задумацца: ці атрымліваць дыплём? Тым больш, што амаль усе студэнты наракаюць на якасьць адукацыі, якую атрымліваюць за грошы.

Студэнт філялягічнага факультэту ўнівэрсытэту імя Я.Купалы, Аляксей, пасьля падвышэньня коштаў навучаньня будзе плаціць больш за 8 мільёнаў у год. Паводле Аляксея, шмат хто кінуў унівэрсытэт яшчэ на першых двух курсах, бо ня мог плаціць такіх грошай.

Тым ня менш, паводле Аляксея, студэнты найбольш наракаюць на якасьць адукацыі. Зь яго слоў, кошты адукацыі растуць, але якасьць ад гэтага не зьмяняецца. Вывучаючы ўжо некалькі гадоў замежныя мовы, студэнты ніводнага разу не былі на практыцы за мяжой.

«Даводзіцца сыходзіць, ізноў плаціць грошы, каб тут ня мучыцца...»

А вось што Аляксей кажа пра ўмовы навучаньня:

«Ёсьць вай-фай, які практычна ня цягне, дзьве аўдыторыі, дзе можна пакарыстацца інтэрнэтам, але кампутары ўсе старыя, дапатопныя, карацей — на іх нічога ня зробіш. Даводзіцца ісьці некуды, ізноў плаціць грошы, каб тут ня мучыцца».

Аляксей распавядае, што і за яго, і за ягоных сяброў, як правіла, плацяць бацькі, бабулі і дзядулі з двух бакоў, дапамагаюць родныя, якія жывуць за мяжой, і яшчэ, акрамя гэтага, мусіш працаваць сам:

«Шмат хто ўладкаваўся на працу. І ў нас ёсьць вольнае наведваньне заняткаў, калі ты прыносіш у дэканат даведку, што працуеш па спэцыяльнасьці».

«Такое навучаньне ня вартае такіх грошай»

Валянціна вучыцца ў мэдыцынскім інстытуце. Цяпер, кажа яна, плаціць трэба больш за 10 мільёнаў у год. Паводле яе, гэтыя грошы не даюць ніякіх прывілеяў, нават у інтэрнат засялілі толькі пасьля першага курсу. За адукацыю плацяць бацькі, бо падпрацоўваць у мэдінстытуце вельмі праблематычна. Але, зь яе слоў, галоўным чынам студэнты наракаюць усё ж на якасьць адукацыі:

«Усё ж такое навучаньне ня вартае такіх грошай. Заняткі праводзяцца павярхоўна — гэта дакладна ня варта такіх грошай».

Паўторная пераздача экзамэнаў — таксама за грошы

Гарадзенка Юля вучыцца завочна ў Менску ў Беларускім гандлёва-эканамічным унівэрсытэце спажывецкай каапэрацыі. Самае цяжкае для яе — нават ня тое, каб заплаціць за адукацыю і наняць кватэру на час сэсіі. Яна кажа, што стаўленьне да студэнтаў, нават платнікаў, — абыякавае. Больш за тое, за іхні кошт імкнуцца папоўніць бюджэт: ня ставяць залікі і адзнакі за экзамэн, бо паўторная пераздача — платная:

«І калі мы прыяжджаем на сэсію на тыя два тыдні і нам выкладчыкі практычна нічога не даюць — гэта прыкра, бо мы проста купляем дыплём. І на завочным аддзяленьні так паўсюль, бо дзе мае сябры-знаёмыя ні вучацца, распавядаюць тое самае».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

На гутарку ў БрДУ зарэгістравалася сёлета на 200 абітурыентаў менш

На 5-га красавіка, у Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце прызначана прафэсійна-псыхалягічная гутарка. На яе зарэгістраваліся 427 абітурыентаў. Гэта на 200 чалавек менш, чым летась. Чаму?

Рэзкае падвышэньне платы за навучаньне ўзьнімае наступную праблему: наколькі цяперашнія кошты адпавядаюць якасьці навучаньня ў рэгіянальных навучальных установах?

«Замест навукі студэнтам навязваюць нейкія дысцыпліны сумнеўнай каштоўнасьці»

«Калі я працую на пэдагагічным факультэце й на катэдры псыхалёгіі, то студэнты прыходзяць, каб вывучаць псыхалёгію, — разважае выкладчык псыхалёгіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Яўген Маліноўскі. — Але замест навукі ім навязваюць тут іншае — нейкія ідэалягічныя дысцыпліны ў горшым сэнсе. Таму зацікаўленасьць й інтарэс прападаюць. А затым яны пераходзяць на завочнае навучаньне, а калі дапякаюць, як той казаў, матэрыяльныя адносіны, то і ўвогуле кідаюць вучобу...Тым больш, што яны цьвяроза і рэальна бачаць сваю пэрспэктыву і ўсьведамляюць, што гэты дыплём нікому не патрэбны...»

«Раней бацькі больш дбалі, каб навучыць дзіця, а цяпер — каб пракарміць...»

Бацька баранавіцкага студэнта Міхаіла Аляксандар Сухановіч называе яшчэ адну прычыну сыходу студэнтаў з ВНУ:

«Калі чалавек вымушаны аддаць у краме за пачак малака 5 тысяч рублёў, то яму складаней думаць пра навучаньне сваіх дзяцей. Ён дбае перадусім, каб пракарміць іх».

Карэспандэнт: «Згодзен з гэтым, хоць магу запярэчыць, што ў традыцыях беларусаў — аддаваць апошняе, абы даць дзецям навуку. Гэта, да прыкладу, да сёньня трывала замацавана на Берасьцейскім Палесьсі».

«Там зараз усе, хто ўмее нешта рабіць рукамі, працуюць у Расеі. Таму што ўсе спадзяюцца, што заробяць грошы і ўсё-ткі вывучаць сваіх дзяцей. Таму што той жа Ганцавіцкі раён — самы складаны, самы заняпалы на Берасьцейшчыне і адзін з самых эканамічна слабых у Беларусі...»

Нагадваю суразмоўцу, што зусім нядаўна ў Пінску й Баранавічах улада заснавала ВНУ, каб, сярод іншага, скараціць матэрыяльныя выдаткі тутэйшых сем’яў на адукацыю дзяцей. Але цяпер атрымліваецца, што кошты навучаньня ня меншыя, чым у сталіцы.

«У невялікай Беларусі — вельмі вялікае войска й сілы ўнутранага правапарадку»

«Гэта вынік таго, што ў Беларусі грошай не хапае нават для дзяцей і студэнтаў. У невялікай краіне зараз вельмі вялікае войска і сілы ўнутранага правапарадку. У гэтых „сілавікоў“ — высокія заробкі. Акрамя таго, зараз агучаная статыстыка, што ў Беларусі на 100 працоўных прыпадае 57 пэнсіянэраў. Канечне, у бюджэце на ўсіх грошай не хапае... І ня дзіўна, што многія тутэйшыя жыхары выяжджаюць на заробкі, у тым ліку нават у Менск, і вымушаны знаходзіцца там на працягу ўсяго працоўнага тыдня...»

***

«Калі абуджаецца масавае жаданьне студэнтаў кінуць вучобу, то гэта ўжо нацыянальная бяда...»

«Камэнтаваць цяперашнюю сытуацыю складана й проста, — кажа кіраўнік камісіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі па адукацыі і навуцы, экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў. — Проста, бо тая дзяржава, якая не клапоціцца пра сваю будучыню, у гэтай дзяржавы будучыні няма.

Ну, а складана — бо, разумееце, у кожнай сям’і свае матэрыяльныя магчымасьці. Але калі пачынаецца масавае жаданьне студэнтаў кінуць вучобу, то гэта ўжо бяда...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG