Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралеўства Бутан вучыць, як дасягнуць шчасьця


У штаб-кватэры ААН Нью-Ёрку сёньня адбываецца міжнародная канфэрэнцыя на тэму дасягненьня дабрабыту ў бедных краінах сьвету шляхам павышэньня ня толькі валавага ўнутранага прадукту, але і нечага, што называецца «валавым нацыянальным шчасьцем».

Гаспадаром канфэрэнцыі зьяўляецца Каралеўства Бутан, якое ўвяло тэрмін «валавае нацыянальнае шчасьце» ў плянаваньне нацыянальнага бюджэту яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагодзьдзя.

Экспэрты ад шчасьця з Бутану лічаць, што эканамічныя паказьнікі не зьяўляюцца адэкватнай і дастатковай мерай адчуваньня шчасьця ў грамадзтве. Краіна падрыхтавала 750-старонкавы інфармацыйны даведнік на тэму агульнага шчасьця, якое ў Бутане вымяраецца 33 паказьнікамі ў такіх катэгорыях як псыхалягічны дабрабыт, здароўе, адукацыя, культура, кіраваньне, грамадзтва, экалёгія, узровень жыцьця і выкарыстаньне часу.

Канфэрэнцыя ў Нью-Ёрку, у якой удзельнічаюць таксама ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў галіне эканомікі, сьведчыць, што Бутану ўдалося прабіцца са сваім разуменьнем нацыянальнага шчасьця на найвышэйшы міжнародны ўзровень.
Гэта толькі модны спосаб пазьбегчы цяжкіх эканамічных пытаньняў.

Але скептыкі ідэі «валавага нацыянальнага шчасьця» лічаць, што спробы вымяраць дабрабыт грамадзтва расплывістымі нематэрыяльнымі паказьнікамі могуць давесьці да дэвальвацыі самой ідэі разьвіцьця. Франк Фюрэдзі, прафэсар сацыялёгіі Кенцкага ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі, сказаў нашаму радыё:

«Я думаю, што гэта толькі модны спосаб пазьбегчы цяжкіх эканамічных пытаньняў. Расьцягваючы вызначэньне разьвіцьця, мы насамрэч апаражняем яго зь якога-кольвечы зьместу. Чым больш неэканамічных і нематэрыяльных пытаньняў вы сюды ўключаеце, тым больш адвольным усё гэта становіцца. А ўключаючы шчасьце, вы насамрэч даяце ўрадавым колам права вырашаць, што такое разьвіцьцё. Гэта нешта накшталт сацыяльнай інжынэрыі».

Але падыход Бутану да забесьпячэньня нацыянальнага дабрабыту мае таксама сваіх прыхільнікаў. Былы першы намесьнік генэральнага сакратара ААН Люіса Фрэшэ аргумэнтуе, што Бутан не адмяніў эканамічных паказьнікаў разьвіцьця, такіх як ВУП, а толькі пашырыў іх на «дадатковае вымярэньне». Яна вітае сёньняшнюю канфэрэнцыю ў ААН:

«Я думаю, што гэта станоўчая справа, таму што яна дазваляе ўрадам больш глыбока зразумець тое, што яны хочуць дасягнуць у грамадзтве. А мэты могуць быць як матэрыяльныя, так і менш матэрыяльныя».

Паводле Вікіпэдыі, ВУП на душу насельніцтва ў Бутане амаль тры разы меншы, чым у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG