Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канстытуцыі — адно, у жыцьці — другое


Канстытуцыя Беларусі, чарговую гадавіну прыняцьця якой адзначаюць сёньня ў краіне, прадугледжвае шмат дэмакратычных і сацыяльных правоў і свабод. Грамадзяне Беларусі маюць права на справядлівыя выбары органаў улады, на сходы і дэманстрацыі, на свабоду друку, на бясплатную адукацыю і медычнае абслугоўваньне, на свабоднае перамяшчэньне...

Аднак ці гарантуюцца гэтыя правы ў рэальнасьці?

МЕНШЧЫНА

Улады выкарыстоўваюць Канстытуцыю, каб перасьледаваць усю сям’ю.

У Салігорску сям’я Сьвятланы і Ўладзімера Шылаў некалькі дзён таму праводзіла на заняткі ва ўнівэрсытэт Сылезіі свайго сына Івана. Да гэтага ён адбываў 19 сутак зьняволеньня ў турме на Акрэсьціна. І, як паведамляла «Свабода», з-за дрэнных умоваў утрыманьня ў камэры ў Івана пачалася алергія, распухла й патрэскалася скура на твары, рукі пакрыліся нейкімі плямамі. Таму зараз маці найперш кажа пра здароўе сына:

«Ён прыехаў, трошкі падлячыўся дома і зноў паехаў...»

Карэспандэнт: «Расказаў, што турма здароўя не дадае...»

«А што расказваць, калі па ім відаць, як дрэнна выглядае й кепска сябе адчувае... Для яго турма — гэта вельмі цяжка...»

Бацька Івана Шылы — Уладзімер Шыла — таксама далучаецца да гутаркі і кажа, што ня толькі Івана, але й малодшага сына — Ільлю таксама ўлады выжылі зь Беларусі за апазыцыйную дзейнасьць.

Ільля цяпер вучыцца ў Польшчы. І хоць бацька сумуе, што Ільля цяпер ня дома, але сынаваму выбару не пярэчыць.

«Ведаеце, гэта выбар кожнага. Да прыкладу, стрыечны брат Івана й Ільлі — функцыянэр БРСМ. Гэта таксама яго выбар...»

Далей Уладзімер Шыла распавядае пра свае спадзяваньні на лепшае:

Уладзімер Шыла
Уладзімер Шыла
«Калі коратка, то мае пляны — дачакацца... сьвятла ў канцы тунэля. Я, вядома, ж разумею, што проста так на нас не пасыплюцца цукеркі зь неба. Але вольна дыхаць — гэта ўжо нямала».

Уладзімер Шыла замовіў 40 пікетаў, а ўлады не дазволілі ніводнага

Па словах суразмоўцы, ён асабіста дзейнічае актыўна:

«Я не вяду ўлік замоўленых пікетаў, але напрыканцы мінулага году і на пачатку гэтага такіх заявак было каля чатырох дзясяткаў. Гэта пікеты па эканамічных праблемах, па мясцовых перашкодах у жыцьці, а таксама — каб прыцягнуць увагу да наяўнасьці ў Беларусі палітычных зьняволеных...»

Карэспандэнт: «Спадар Уладзімер, вы замаўлялі палітычныя акцыі на месцы, дазволеным для гэтага Салігорскім гарвыканкамам. Чаму ж тады мясцовая ўлада адмаўляе вам у гэтым?»

«Ня проста адмаўляюць. А, да прыкладу, у дзень, на які замоўлены пікет, пачынаюць заліваць лёдавы каток на мясцовым стадыёне. Прычым у вельмі неспрыяльнае для гэтага надвор’е, калі тэмпэратура была +2 і зь неба падаў мокры сьнег...Заліваць лёд было тэхналягічным парушэньнем».

«За прыгожымі дэклярацыямі — жыцьцё як у бандзюкоў»

Яшчэ адно пытаньне да суразмоўцы: ці сьвяткуюць яго землякі Дзень Канстытуцыі?

«Вой, ну хто тут памятае пра гэты Дзень Канстытуцыі? Па-другое, наша народная беларуская думка кажа пра што? Закон як дышаль, куды павернеш... І беларусы ўжо пераканаліся, што ўлады прызвычаіліся рабіць вельмі прыгожыя дэклярацыі, а рэальнае жыцьцё — як у бандзюкоў: усё «па паняцьцях».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Больш за 10 гадоў у Горадні апазыцыі не дазваляюць праводзіць ніякія акцыі...»

Гарадзенскія праваабаронцы сьцьвярджаюць, што канстытуцыйныя правы грамадзянаў на правядзеньне мірных акцыяў гарадзенскія ўлады ігнаруюць цалкам. Нават на тое, каб ускласьці кветкі да помніка «На Грунвальд», дазволу не даюць.

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч
Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, разважаючы пра канстытуцыйныя правы грамадзянаў на мірныя мітынгі і сходы, заўважае, што Гарадзенскі рэгіён з аднаго з самых дэмакратычных, беларускамоўных напрыканцы 80-х і пачатку 90-х гадоў ператварыўся цяпер у найбольш закрыты, зачышчаны, дзе на працягу больш як 10 гадоў улады не дазволілі апазыцыі афіцыйна правесьці аніводнага пікета.

Паводле Хільмановіча, улады самым брутальным чынам, парушаючы дзейныя законы і Канстытуцыю, пішуць адмовы на права правядзеньня той ці іншай акцыі. Чыноўнікі, як правіла, не тлумачаць прычынаў. Хільмановіч узгадвае, што нават ушанаваць перамогу на Грунвальдзкім полі ўскладаньнем кветак да помніка і то не дазволілі.

Хільмановіч: «Ня ведаю, чым яны кіруюцца. Хіба цемрашальскім памкненьнем забараняць усё, што не ўкладаецца ў межы афіцыйнай ідэалёгіі».

Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў дадае, што ўлады, забараняючы грамадзянам рэалізоўваць свае канстытуцыйныя правы на свабоду мірных акцыяў, даходзілі да абсурду.

«Адпіску з райвыканкаму нельга абскардзіць у судзе»

Алесь Дзергачоў
Алесь Дзергачоў
Дзергачоў: «Такой зьявы ў нас не існуе, і таму мы не дазваляем праводзіць мерапрыемства». У нас, маўляў, не пагаршаецца жыцьцё, і на гэтай падставе адмаўляюць. Потым пачалі пісаць больш «кваліфікаваныя» адмовы: няправільна складзена заяўка, няма дамоваў, або — месца ня вызначана райвыканкамам«.

Спадар Дзергачоў кажа, што спрабавалі абскарджваць гэтыя адпіскі ў судзе, але безвынікова, бо суд займаў заўсёды пазыцыю ўладаў. На думку праваабаронцы, такая каманда даецца з самага высокага ўзроўню:

Дзергачоў: «Лічаць, напэўна, што гэта вядзе да актывізацыі насельніцтва і згуртаванасьці на глебе сацыяльных і эканамічных патрабаваньняў. І ўсе баяцца быць заўважанымі ў спрыяньні апазыцыі ці проста грамадзкасьці, якая патрабуе правядзеньня пікету з той ці іншай прычыны».

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Вучыцца, вучыцца, але... за грошы

Многія гомельскія студэнты, якія навучаюцца ў 7-мі вышэйшых навучальных установах ды 9-ці каледжах й тэхнікумах, даўно забыліся пра бясплатную адукацыю, гарантаваную грамадзянам Канстытуцыяй. Яны — платнікі, асаблівая катэгорыя беларускіх студэнтаў. І гэтае платнае навучаньне з прычыны сыстэматычнага падвышэньня коштаў кладзецца цяжкай ношай на студэнтаў ды іхніх бацькоў.

Апавядае адна з трэцякурсьніц Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, якая мусіць аплочваць сваё навучаньне:

«Калі на першы курс я паступала, была плата 3 мільёны 700 тысяч. За першыя два курсы мы заплацілі блізу 10 мільёнаў, а за гэты год, за трэці курс, у мяне амаль... 9 мільёнаў. Практычна адна й тая ж сума, толькі за адзін курс».

Дзяўчына з жахам успрыняла нядаўняе чарговае падвышэньне коштаў навучаньня:

«Жахліва мы ацэньваем такое павелічэньне. Нават ня ведаю, што сказаць з гэтай нагоды і што далей рабіць. Цяжка аплочваць і цяжка вучыцца. Апрача таго, інтэрнату не даюць — я зь іншага гораду. І ніякага разуменьня — ні ў дэканаце і нідзе яшчэ».

«Каб было па чым вучыцца, падручнікі раздрукоўваем самі...»

Каб вучыцца, студэнты мусяць яшчэ й самастойна купляць падручнікі ды іншую літаратуру:

«Адукацыя нібыта бясплатная, але ні падручнікаў, нічога няма. Нічога не выдаюць. Мы вось самі купляем падручнікі, усё самі раздрукоўваем, усе матэрыялы шукаем самі. Ніякай зьніжкі няма — што ты аплочваеш навучаньне, што не. У аднолькавых умовах што мы, што бюджэтнікі».

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў
Грамадзкі актывіст Васіль Палякоў, які ў свой час скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны й на дадатак асьпірантуру, кажа, што гарантаваныя Канстытуцыяй правы цяпер значна ўрэзаныя па ўсіх кірунках. Нават палітычныя й грамадзянскія, на якія не патрабуюцца нейкія фінансавыя выдаткі:

«На вялікі жаль, большасьць правоў — гэта права на мірныя сходы, на асацыяцыі, на свабоду слова, права на перамяшчэньне — яны не выконваюцца. А калі й выконваюцца, то гэта невялічкая частка таго, што павінна быць, павінна прысутнічаць».

З сацыяльна-эканамічнымі й культурнымі правамі таксама складанасьці:

«Па вялікім рахунку, сярэдняя адукацыя даступная, і тут асаблівых праблемаў не паўстае. Вышэйшая адукацыя — у свой час было складаней паступіць, але яна была бясплатная. Зараз паступіць можа амаль кожны, але трэба плаціць. Толькі невялікая колькасьць студэнтаў навучаюцца за бюджэтныя сродкі. А працэнтаў 70 — гэта ўжо платныя месцы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG