Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворсін: мяне дзівіць пастаноўка пытаньня па чэмпіянаце


Яўген Ворсін
Яўген Ворсін

На травеньскім пасяджэньні кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакея (IIHF) пытаньне аб адмене чэмпіянату сьвету 2014 году ў Беларусі разглядацца ня будзе.

Пра гэта заявіў старшыня Беларускай фэдэрацыі хакея Яўген Ворсін 28 лютага падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце БелТА.

«Сама IIHF не прымае такога рашэньня: праводзіць або не праводзіць чэмпіянат, гэта вырашае кангрэс. Пры гэтым не прымалася рашэньне, каб разгледзець пытаньне аб адмене чэмпіянату ў Беларусі на травеньскім кангрэсе», — сказаў кіраўнік фэдэрацыі.

Паводле Ворсіна, пытаньне пра перанос чэмпіянату сьвету ўздымаюць тыя, хто «не разумее ў спорце».

«Мяне дзівіць сама пастаноўка пытаньня па чэмпіянаце. Вось калі прэзыдэнт міжнароднай фэдэрацыі робіць заяву голасна, што чэмпіянат сьвету пройдзе ў Беларусі, яго ня чуюць або ня хочуць чуць. А як толькі хтосьці пачынае бударажыць сытуацыю, задае нейкія пытаньні... І гэта людзі, якія нічога не разумеюць у спорце і зь ім не зьвязаныя, яны пачынаюць гэтую сытуацыю падаграваць», — заявіў Ворсін.

Ён паведаміў, што на мінулым тыдні адбылося пасяджэньне рады IIHF. На ім выступіў прэзыдэнт міжнароднай фэдэрацыі Рэнэ Фазэль, які канстатаваў, што Беларусь добрасумленна выконвае свае абавязаньні па падрыхтоўцы да чэмпіянату, адзначыў Ворсін.

Пра тое, што пытаньне пра чэмпіянат па хакеі-2014 абмяркуюць на кангрэсе IIHF, паведаміў швэдзкаму выданьню Svenska Dagbladet мэнэджэр Міжнароднай фэдэрацыі хакея з шайбай Шымон Шэмбэрг.

Паводле ягоных словаў, абмеркаваць гэтае пытаньне на вышэйшым органе IIHF — кангрэсе, які зьбярэцца сёлета ў траўні ў Хэльсынкі, пастанавіла днямі на сваім паседжаньні Рада фэдэрацыі. Прычынай сталі няспынныя патрабаваньні праваабаронцаў і ўсясьветнай грамадзкасьці зьмяніць месца правядзеньня першынства. Пратэсты доўжацца ад 2009 году, калі Кангрэс IIHF назваў сталіцай чэмпіянату-2014 Менск.

Як заявіла ў інтэрвію журналістам кіраўніца швэдзкай сэкцыі Amnesty International Лізэ Бэрг, сьвята ня можа ладзіцца там, дзе масава парушаюцца правы чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG