Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці 8 сакавіка пікет салідарнасьці зь Бяляцкім


Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін падаў заяўку на правядзеньне 8 сакавіка пікету салідарнасьці з асуджаным кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім.

Гэтым пікетам Уладзімер Вялічкін мяркуе выказаць пратэст у сувязі з асуджэньнем Алеся Бяляцкага і прыцягнуць да праблемы ўвагу грамадзкасьці.

Спадар Вялічкін кажа, што актуальнасьць акцыяў салідарнасьці з палітвязьнямі, у тым ліку і з кіраўніком «Вясны» Алесем Бяляцкім, застаецца да таго часу, пакуль іх ня вызваляць:

«Калі чалавек у бядзе, то заўсёды актуальна дапамагаць яму і падтрымліваць яго. Алесь Бяляцкі атрымаў чатыры з паловай гады з канфіскацыяй маёмасьці і зараз знаходзіцца ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Я нязгодны з такім прысудам, я лічу, што ён чалавек годны і павінен знаходзіцца на свабодзе. Ён увесь час дапамагаў іншым, таму і мы павінны выказваць салідарнасьць зь ім», — кажа Ўладзімер Вялічкін.

Пікет плянуецца 8 сакавіка з 13-й да 15-й гадзіны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў у Берасьці. Уладзімер Вялічкін мяркуе, што ў ім возьме ўдзел каля 20 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG