Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто прыгнятаў Беларусь?»


У польскай газэце Rzeczpospolita Пётар Зыховіч камэнтуе паказ на дзяржаўным беларускім тэлеканале гістарычнага сэрыялу «Талаш» пра падзеі польска-савецкай вайны 1920 году. Падаем пераклад артыкулу.

Вялікую хвалю абурэньня ў Польшчы выклікаў сэрыял «Талаш», які пачало паказваць дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне. Яго дзеяньне разгортваецца на Палесьсі падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 года. Галоўны герой Васіль Талаш — беларускі партызан, які супрацоўнічае з Чырвонай арміяй і змагаецца з «польскімі акупантамі». Палякі паказаны ў сэрыяле карыкатурна, на манер «нямецкіх фашыстаў» з старых савецкіх фільмаў.

Польскія жаўнеры ходзяць у фільме ў бліскучых ботах, крычаць і б’юць усіх навокал. Напяваючы мазурку Дамброўскага, яны забіваюць жанчын і дзяцей, паляць вёскі і катуюць нявінных беларускіх сялян, каб збудаваць на іх трупах імпэрскую Польшчу «ад мора да мора». Сэрыял доўга рэклямавалі беларускія СМІ, а яго стваральнікі распавядалі, што палітычная сытуацыя з тых часоў зьмянілася мала.

За кардонам

МЗС Польшчы выказаў цалкам справядлівы пратэст супраць гэткай выявы польскіх вайскоўцаў, але праблема тут глыбейшая. Сэрыял «Талаш» — гэта ўвасабленьне гістарычнай палітыкі беларускага рэжыму. Палітыкі, якую Менск пасьлядоўна праводзіць ужо ня першы год. Яна ня надта адрозьніваецца ад афіцыйнай інтэрпрэтацыі гісторыі, насаджанай у часы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

У адпаведнасьці зь ёй польска-савецкая спрэчка за Беларусь у XX стагодзьдзі падаецца цалкам процілегла таму, як яна выглядала ў рэальнасьці. Палякі нібыта ставілі перад сабой імпэрскія мэты, і пры іх на беларускіх тэрыторыях адбываліся масавыя забойствы, панаваў крывавы тэрор і галеча. Бальшавізм жа нібыта прынёс беларусам свабоду і дастатак.

Гэта абсурд. Вы памятаеце рэкляму вадкасьці для мыцьця посуду, у якой адна палова талеркі апрацоўваецца адным сродкам, а другая іншым? Калі акторка вымае яе з вады, аказваецца, што адна яе частка асьляпляльна чыстая, а другая застаецца бруднай і пакрытай тлушчам. Выбачайце мне за параўнаньне, але Беларусь у міжваеннае дваццацігодзьдзе была якраз такой вось талеркай, зь якой правялі падобны экспэрымэнт.

Паводле Рыскай дамовы ад 18 сакавіка 1921 г. заходняя частка сёньняшняй Беларусі апынулася ў межах Другой Рэчы Паспалітай, а ўсходняя — у межах СССР. Вынік быў такі, што калі празь няпоўныя 20 гадоў 17 верасьня 1939 году маладыя байцы Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Палесьсе, яны не маглі паверыць, што людзі могуць жыць так добра. А па польскіх мерках гэта быў вельмі бедны рэгіён. Выдатны пісьменьнік Сяргей Пясецкі, які ў 20-я гады быў агентам польскай выведкі ў СССР і неаднаразова прабіраўся ў бальшавіцкі Менск, быў уражаны тым, што зрабіла савецкая дзяржава са сваёй часткай Беларусі. Гэты край ператварыўся ў таталітарную дзяржаву бесьперапыннага сачэньня, тэрору, гвалту і людзкога гора.

Падам фрагмэнт з напісанага Пясецкім у 1934 годзе раману «Пяты этап», кнігі, у значнай меры заснаванай на асабістым досьведзе аўтара. Гэта дыялёг галоўнага героя з жыхаром Менску:

«- Скажэце, якія ў вас склаліся адносіны паміж грамадзянамі і ўладамі?

— Адносіны? Вельмі простыя адносіны: Маўчаць і не размаўляць! Вось такія адносіны. Дыктатура пралетарыяту, вы ж разумееце. Калісьці ўлада служыла сваім грамадзянам, а цяпер грамадзяне служаць уладам. Служаць са страхам — гнюсным, агідным, прыніжальным. [...]

— Цікава, а як грамадзяне ставяцца да ўладаў?

— Не-на-ві-дзяць! Жахліва! Сьмяротна! Ненавідзяць паволі, са страхам. Ненавідзяць, лісьлівячы. Ненавідзяць, працуючы! Ні ў якай іншай дзяржаве не магла сасьпець такая нянавісьць да ўлады, як у нас. Вы думаеце: буржуі ненавідзяць? Не, ненавідзяць беднякі! З буржуямі ўжо скончана...»


Савецкія ўлады ўвялі ў Беларусі плянавую эканоміку. Зьявіліся калгасы, якія кінулі беларускіх сялян у бездань неверагоднай галечы. ЧК-ГПУ-НКВД на працягу ўсяго дваццацігодзьдзя расстрэльвала сапраўдных і ўяўных «ворагаў народу». На тэрыторыі Беларусі да сёньня знаходзіцца мноства масавых пахаваньняў, самае буйное — у Курапатах пад Менскам.

Песьня бунту і нянавісьці

СССР выкарыстаў супраць беларусаў падступны плян: ён падтрымліваў на тэрыторыі рэспублікі беларускую мову і культуру як прыладу саветызацыі. Гаворка ішла аб правядзеньні ў жыцьцё заяўленага ў 20-я гады лёзунгу «савецкае зьместам, нацыянальнае формай». Шматлікія беларускія актывісты, якія жылі ў Польшчы, далі сябе гэтым падмануць: яны паверылі, што пад заступніцтвам Масквы ствараецца аўтаномная Беларусь, і выправіліся ў Менск. Лёс іх быў трагічны.

Адным з такіх людзей быў нацыянальны дзеяч і тэатральны рэжысэр Францішак Аляхновіч, які адважыўся на гэты крок у 1926 годзе. Вельмі хутка ён быў арыштаваны і пасаджаны ў менскую турму, адкуль яго адправілі ў лягер на Салаўкі. Вярнуўшыся ў Польшчу (варшаўскія ўлады абмянялі яго на беларускага камуніста), у 1935 годзе ён апублікаваў кнігу «Ў капцюрох ГПУ».

«Замест маштабнай культурнай працы ў Савецкай Беларусі, якую мне абяцалі перад ад’ездам — цесная падвальная камэра з пабітым акном, — пісаў ён пра сваё знаходжаньне ў турме. — У нядзелю звычайна прыяжджаў кур’ер з Масквы, ён прывозіў справы і прысуды, якія выносіла калегія ГПУ. У панядзелак прысуды прыводзіліся ў выкананьне... Працэдура дзеяньняў з асуджаным выглядала так: калі ён выходзіў у калідор і за ім зачыняліся дзьверы камэры, яму зьвязвалі рукі за сьпінай, пры неабходнасьці затыкалі рот кляпам і запіхвалі ў машыну, якая везла яго ў Камароўку. Там яму стралялі з пісталета ў галаву, а труп кідалі ў загадзя выкапаную яму». [...]

За Польшчу!

Па другі бок мяжы жыцьцё беларусаў ішло сваім чарадом. Ніхто нікога не забіваў, нікога ня слалі на Салаўкі. Пры польскай уладзе беларусы былі свабоднымі людзьмі, якія маглі апрацоўваць уласную зямлю і мелі права на свабоднае перамяшчэньне. Можна, вядома, доўга казаць аб тых памылках, якія зьдзейсьнілі польскія ўлады ў дачыненьні да беларускіх грамадзян: аб адмове ад канцэпцыі фэдэрацыі, прыгнёце нацыянальнай адукацыі і мовы, што стала сапраўдным пакараньнем для няпольскага насельніцтва, ідыёцкіх бюракратычных прадпісаньнях, варожай палітыцы ў дачыненьні да царквы. Але ўсё гэта нельга параўнаць з кашмарам, які разгарнуўся ў той частцы Беларусі, якая знаходзілася пад савецкай уладай, як немагчыма параўнаць свабодную дзяржаву зь дзяржавай таталітарнай.

Стваральнікі прапагандысцкага сэрыялу «Талаш» напэўна ня маюць уяўленьня аб тым, што ў 1939 годзе за нібыта прыгнятальніцу-Польшчу змагалася некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў. Браніслаў Кжыжаноўскі, які стаў пасьля афіцэрам Арміі Краёвай і быў мабілізаваны ў 3-і сапэрны батальён у Вільні, пісаў пра сваіх салдатаў: «Гэта былі ў асноўным выхадцы зь Вільні або бліжэйшых раёнаў. Беларуская мова выразна пераважала, вельмі шмат было праваслаўных. Я апынуўся ў польска-беларускай арміі, сярод салдатаў, да якіх я адчуваў і адчуваю вялікі давер».

Двума гадамі пазьней, ужо як добраахвотнікі, беларусы масава ўліліся ў шэрагі польскай арміі, якую фармаваў на тэрыторыі СССР генэрал Уладыслаў Андэрс (Władysław Anders). «Навошта вам беларусы, украінцы і габрэі, вам патрэбныя палякі — яны самыя лепшыя салдаты», — сказаў Андэрсу Сталін 3 сьнежня 1941 году падчас іх размовы ў Крамлі. «Што да беларусаў, то яны адчувалі сябе палякамі і праявілі сябе як добрыя салдаты ў вайне 1939 году», — адказаў Андэрс.

Пазьней Андэрс пісаў: «Другі корпус быў неаднародны з пункту гледжаньня нацыянальнасьцяў і веравызнаньня. Нягледзячы на гэта, ён быў адзіным цэлым, і рознагалосьсяў з гэтай нагоды не ўзьнікала. Гэта была проста польская армія». Беларусы ў ягоным войску адважна змагаліся, і многія зь іх загінулі за Польшчу. Дастаткова паехаць на польскія вайсковыя могілкі пад Монтэ-Касына, каб убачыць, колькі там стаіць праваслаўных крыжоў.

Усё гэта паказвае, наколькі фальшывая гістарычная палітыка Менску. Цяперашнія беларускія ўлады, дэманізуючы палякаў і выстаўляючы іх у дрэнным сьвятле ў вачох сваіх грамадзянаў, спрабуюць апраўдаць гэтым прыняты курс на Маскву. Лепшае супрацьядзьдзе ад хлусьні — гэта праўда. Таму замест абурэньня на рэжым Лукашэнкі варта зьняць уласны сэрыял, які пакажа, як насамрэч складаліся ў XX стагодзьдзі адносіны паміж нашымі народамі.

Бурлівая гісторыя Ўсходняй Эўропы дае шмат тэмаў для такога сэрыялу. Ён можа распавядаць пра жорсткасьці ЧК у Савецкай Беларусі, аб байцох Андэрса, якія кідалі пад Монтэ-Касына гранаты ў нямецкія танкі з крыкам «За Польшчу!» або аб Наваградзкай акрузе Арміі Краёвай, 30 працэнтаў якой складалі праваслаўныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG