Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская амбасада адрэагавала на сюжэт БТ


Пасольства Вялікабрытаніі расчараванае стандартамі журналісцкай дзейнасьці пры падрыхтоўцы рэпартажу пра БАЖ на тэлеканале «Беларусь-1».

Пра гэта БелаПАН заявілі ў брытанскай дыпмісіі, камэнтуючы паказаны 5 лютага па БТ фільм «Баш на БАЖ»:

«Мы былі засмучаныя і расчараваныя тымі стандартамі журналісцкай дзейнасьці, якія знайшлі сваё адлюстраваньне ў гэтым рэпартажы. Гэтая праграма, мяркуючы па ўсім, — адна з сэрыі пастаянных нападак на эўрапейскія дыппрадстаўніцтвы ў Беларусі. Амбасада Вялікабрытаніі працягне выконваць свае звычайныя дыпляматычныя функцыі, якія палягаюць у тым ліку ў падтрымцы адносін як з урадавымі, так і зь няўрадавымі арганізацыямі Беларусі».

У фільме кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) абвінавачвалася ў атрыманьні грантаў ад амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі. Пры гэтым сьцьвярджалася, што гэтыя сродкі не былі зарэгістраваныя ў дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. У фільме фігуравалі раздрукоўкі грашовых сумаў, нібыта атрыманых БАЖ, безь пячатак і подпісаў, а таксама ананімны ліст нібыта ад былога сябра БАЖ, які абвінавачваў асацыяцыю ў нямэтавым выдаткоўваньні сродкаў.

Жанна Літвіна
Жанна Літвіна
Старшыня БАЖ Жанна Літвіна назвала паказаны дакумэнт «сфабрыкаванай фальшыўкай»:

«Сумнеўныя паперы, паказаныя па беларускім тэлебачаньні, я ўпершыню бачу і ня маю да іх ніякага дачыненьня. Кажучы пра фінансаваньне арганізацыі, аўтары фільма чамусьці не згадалі, што ў 2004 годзе БАЖ быў узнагароджаны самай прэстыжнай прэміяй Эўрапарлямэнту — прэміяй імя Андрэя Сахарава. Пасьля ўручэньня дыплёма ў Страсбуры на рахунак БАЖ былі пералічаныя 50 тысяч эўра. Пасьля выплаты ўсіх падаткаў і збораў гэтыя сродкі на працягу некалькіх гадоў выкарыстоўваліся на ажыцьцяўленьне статутных мэтаў і падтрымку існаваньня арганізацыі».

Жанна Літвіна заявіла, што БАЖ заўсёды займалася дзейнасьцю, накіраванай на абарону прафэсійных правоў журналістаў, на прасоўваньне агульнапрынятых стандартаў журналістыкі ў Беларусі:

«Самае важнае, што, абараняючы правы журналістаў, мы абараняем права грамадзтва на атрыманьне своечасовай, поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG