Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сёньня судзяць Каваленку — заўтра вас»


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

Заяву ў абарону Сяргея Каваленкі падпісалі сябры Партыі БНФ, руху «За свабоду», аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, «Эўрапейскай Беларусі», БСДП(НГ), кампаній «Народны сход» і «Гавары праўду».

«Мы выступаем супраць таго, што Сяргея Каваленку вінавацяць паводле крымінальнай справы, якая зьяўляецца палітычна матываванай. Патрабуем спыніць гэтую ганебную справу і вызваліць Сяргея Каваленку з-пад варты! Просім грамадзкасьць падтрымаць Сяргея Каваленку падчас суду. Сёньня судзяць Сяргея Каваленку — заўтра будуць судзіць вас! Разам мы можам супрацьстаяць беззаконьню!», — гаворыцца ў заяве.

Заява была прынятая 4 лютага на чарговым сходзе камітэту па падтрымцы Сяргея Каваленкі і яго сям'і. Гэты камітэт быў утвораны 30 сьнежня, у яго ўвайшлі віцебскія прадстаўнікі апазыцыйных партый і рухаў, якія дзейнічаюць у горадзе.

Віцебскі сябар КХП-БНФ Сяргей Каваленка з 22 сьнежня знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Яго вінавацяць ў парушэньні рэжыму адбываньня «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага яму ў 2010 годзе. Тады Каваленка вывесіў на навагоднюю елку бел-чырвона-белы сьцяг.

Крымінальны перасьлед Сяргей Каваленка лічыць помстай за сваю грамадзкую актыўнасьць, і на знак пратэсту з 19 сьнежня ён трымае галадоўку пратэсту.

Жонка актывіста, Алена Каваленка, кажа, што 3 лютага з мужам сустракаўся яго адвакат Пётар Каваленка. Адвакат сказаў, што ягоны падабаронны выглядае горш, чым раней: як яму стала вядома, у Сяргея Каваленкі была падвышаная тэмпэратура. Ад пачатку зьняволеньня родныя бачылі Сяргея толькі аднойчы — у судзе 12 студзеня, дзе яго судзілі паводле апошняй адміністрацыйнай справы. Спатканьняў зь ім не дазваляюць ні жонцы, ні маці.

Крымінальную справу паводле артыкулу № 415 ужо перадалі ў Першамайскі суд Віцебску. Але дата пачатку працэсу пакуль невядомая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG