Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: «Справядлівы сьвет» дабіўся юрыдычнага адрасу


Людміла Дзенісенка, архіўнае фота
Людміла Дзенісенка, архіўнае фота

Берасьцейская гарадзкая арганізацыя партыі левых «Справядлівы сьвет» атрымала дазвол гарвыканкаму на выдзяленьне юрыдычнага адрасу.

Кіраўніца гарадзкой арганізацыі «Справядлівага сьвету» Людміла Дзенісенка ўжо паўгода дабівалася, каб гарадзкую арганізацыю партыі зарэгістравалі.

«Мы з 20 чэрвеня ўсё пісалі скаргі, што нам не давалі юрыдычны адрас. І вось прыйшло рашэньне гарвыканкаму, што юрыдычны адрас дазволіць, адклікаць два свае ранейшыя рашэньні пра тое, што адрас не давалі. Засталіся цяпер толькі фармальнасьці ва ўпраўленьні юстыцыі», — кажа Людміла Дзенісенка.

Спадарыня Дзенісенка пераконвала чыноўнікаў, што яна мае права атрымаць юрыдычны адрас на сваёй кватэры. Аднак гарвыканкам двойчы забараняў гэта рабіць:

«На першую маю заяву аб разьмяшчэньні юрадрасу ў маёй кватэры з гарвыканкаму адказалі, што не дазваляюць, бо мне трэба перавесьці частку майго дома ў нежылы фонд. Тады яны спаслаліся на ўказ прэзыдэнта, які кажа, што гэта робіцца для паляпшэньня ўмоваў, каб займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Я напісала другі зварот, у якім пазначыла, што партыі паводле закону ня маюць права займацца камэрцыйнай дзейнасьцю, таму спасылка на той закон тут не павінна працаваць. Другі раз яны мне ўжо адказалі, што мне не дазваляюць мець у сябе юрыдычны адрас партыі, бо мой дом не адпавядае супрацьпажарным нормам. Потым я напісала скаргу ў аблвыканкам. І аблвыканкам мяне падтрымаў — яны накіравалі ў гарвыканкам маю скаргу і напісалі, што ў гарвыканкаме няправільна прымяняюць законы. Але гарвыканкам ізноў забараніў, і толькі пасьля другой маёй скаргі ў аблвыканкам мне зараз даслалі гэты дазвол на юрыдычны адрас», — распавяла Людміла Дзенісенка.

Дзенісенка кажа, што гэтая перамога ў барацьбе зь бюракратыяй — рэдкі выпадак: «Увогуле, юрыдычныя адрасы — гэта толькі ў нас у Беларусі такая зьява. А за апошнія два гады тут, у Берасьці, у прыватным доме ня быў зарэгістраваны ніводзін юрадрас ніводнай грамадзкай арганізацыі або партыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG