Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: адзін пікет дазволілі, два — забаранілі


Берасьцейскі гарвыканкам дазволіў пікет, які замаўляў старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Леанід Майструк. Яшчэ два пікеты, якія адначасова замаўлялі актывісты партыі, чыноўнікі забаранілі.

Пікет, заяўку на які падаваў Леанід Майструк, накіраваны супраць зьбядненьня насельніцтва, росту цэнаў, падзеньня вытворчасьці і схаванага беспрацоўя. Гэты пікет плянуецца 28 студзеня з 12 да 13 гадзіны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Гэты пікет дазволілі, аднак запатрабавалі каб заяўнік заключыў дамовы на яго абслугоўваньне з камунальнікамі, мэдыкамі і міліцыяй яшчэ да пачатку правядзеньня акцыі. Старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Людміла Дзенісенка кажа, што такое патрабаваньне дыскрымінацыйнае:

Людміла Дзенісенка
Людміла Дзенісенка
«Калі мы такія дамовы заключым да 26 студзеня і прадставім у гарвыканкам, то пікет мы можам праводзіць. Калі мы не заключаем, то яны адклікаюць свой дазвол. Аднак падчас заяўкі было ўказана, што згодна з артыкулам 46 Канстытуцыі мы ўдзельнічаем у фінансаваньні дзяржаўных расходаў шляхам уплаты падаткаў. Заяўнікі — працоўныя людзі, яны сплачваюць падаткі. Таму мы лічым, што яны не павінны аплачваць працу названых службаў, бо за іх працу ўжо заплачана.

Калі ўлады праводзяць якія мерапрыемствы, яны ж такіх дамоваў не заключаюць, на іх, бачыце, такі закон не працуе. А для нас яны імкнуцца прымяняць гэты закон. Таму мы дамовы заключаць ня будзем, мы будзем зьвяртацца ў суд, а таксама да дэпутатаў парлямэнту, якія прымаюць такія дыскрымінацыйныя законы».

А два іншыя пікеты актывістаў партыі левых «Справядлівы сьвет», заяўкі на якія падаваліся ў цэнтры Берасьця, гарвыканкам забараніў. Чыноўнікі спаслаліся на тое, што пікеты плянуюцца ня ў вызначаных месцах. Людміла Дзенісенка кажа, што такога рашэньня не разумее:

«Але ж гэта плянаваліся адзіночныя пікеты. Які сэнс іх выносіць за горад, хто там іх пабачыць?»

Адзін з забароненых пікетаў меркавалася правесьці супраць таго, што «міліцыя і суды фабрыкуюць справы супраць дэмакратычных актывістаў». А другі — супраць таго, што мясцовыя ўлады не даюць магчымасьці мець юрыдычны адрас гарадзкой і абласной арганізацыям партыі. Абодва пікеты таксама плянавалася правесьці 28 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG