Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Курс абсалютна непрадказальны»


Беларускі рубель працягвае ўмацоўвацца адносна замежных валют.

Дзяржаўныя чыноўнікі пераконваюць, што гэта — сьведчаньне стабілізацыі на фінансавым рынку, у зьвязку з чым можна прагназаваць і істотнае зьніжэньне інфляцыі, якая па выніках 2011-га перавысіла 108%. Між тым, падвышэньне вартасьці нацыянальнай валюты ніяк не ўплывае на кошты, дынаміка росту якіх — самая значная ў рэгіёне.

Незалежныя экспэрты лічаць, што справаздачы пра посьпехі ў эканоміцы — ня больш чым спроба супакоіць грамадзтва, якое дагэтуль не акрыяла ад мінулагодняга шоку з амаль трохразовым абясцэньваньнем беларускага рубля. Эканаміст Сяргей Балыкін лічыць, што нейкі час улады здолеюць утрымліваць сытуацыю ў патрэбным рэчышчы, аднак намеры падвысіць узровень прыбыткаў насельніцтва і ўтрымліваць пры гэтым інфляцыю — з катэгорыі несумяшчальных:

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін
«Я не рабіў бы нейкіх прагнозаў наконт інфляцыі, таму што гэта залежыць ад шмат якіх чыньнікаў. Мы ня ведаем многіх абставінаў, ня ведаем усіх фактараў, і шмат будзе залежаць ад таго, як сябе будуць паводзіць улады. Калі яны будуць праводзіць адносна пісьменную эканамічную палітыку, то інфляцыя будзе меншая. А калі будуць праводзіць тую ж эканамічную лінію, як і дагэтуль, то інфляцыя будзе вышэйшая. Ну хто ж дакладна ведае, што наступным разам вырашыць спадар Лукашэнка са сваімі паплечнікамі? А калі гэтыя захады непрадказальныя, калі самы істотны фактар невядомы, то якія прагнозы можна рабіць? Бо абсалютна невядома, што яшчэ надумае спадар Лукашэнка: сёньня ён гаворыць адно, а заўтра можа зрабіць зусім іншае. Якія ў такой сытуацыі могуць быць прагнозы, шаноўныя?»

Аналітыкі кажуць, што нежаданьне ўладаў адпусьціць рубель у вольнае плаваньне ўрэшце прывяло да паралічу на рынку крэдытаваньня, што нэгатыўна адбілася на ўсёй эканоміцы. Цяперашняя стаўка рэфінансаваньня на ўзроўні 45% не дазваляе пазычаць сродкі на разьвіцьцё прадпрыемстваў, бо ўзяць грошы пад такія працэнты — значыць трапіць у доўгатэрміновую кабалу. На думку намесьніка дырэктара па навуковай працы Цэнтру сыстэмнага аналізу Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра Гатоўскага, стаўка павінна быць перагледжаная ў бок зьніжэньня:

«За сьнежань у нас інфляцыя склалася на ўзроўні 2,3%. Толькі ўсяго, бо раней гэта было і 8%, і 10%. У сваю чаргу, стаўкі па дэпазытах, стаўка рэфінансаваньня павінны забясьпечваць станоўчую рэальную стаўку, то бок яны павінны быць
калі стаўкі нашмат вышэйшыя за інфляцыю, выходзіць, што гэта ўжо нейкія звышпрыбыткі, нейкі перакос у эканоміцы ...

вышэйшыя за інфляцыю. Але калі стаўкі нашмат вышэйшыя за інфляцыю, выходзіць, што гэта ўжо нейкія звышпрыбыткі, нейкі перакос у эканоміцы. Па сутнасьці, калі мы сёньня маем стаўку рэфінансаваньня 45% — іншымі словамі, дадатковую маржу банка — то гэта выходзіць пад 50% гадавых. У нас проста няма такіх праектаў, якія праз год могуць аддаць аб’ём грошай у паўтара раза большы, праз два гады — у два разы большы. Бо нармальны праект рэалізуецца гадоў 5–7».

Эканамісты не выключаюць, што з сур’ёзнымі праблемамі эканоміцы давядзецца сутыкнуцца ў другой палове 2012 году. Найперш, блізу 3 мільярдаў (ад амаль 8 мільярдаў у золатавалютным рэзэрве) давядзецца выдаткаваць на абслугоўваньне і выплату дзяржаўнага доўгу. Дзеля параўнаньня, летась на гэтыя мэты было патрачана крыху больш за 600 мільёнаў даляраў. Такое істотнае скарачэньне рэзэрваў на тле напампоўваньня эканомікі грашовай масай можа прывесьці да далейшага абясцэньваньня рубля і чарговай дэвальвацыі.

Апроч таго, няздольнасьць уладаў нарасьціць экспарт прадукцыі з тым, каб урэшце выйсьці на станоўчае сальда зьнешняга гандлю, будзе патрабаваць новых крэдытных рэсурсаў, якія замежныя донары даюць Менску ўсё зь меншай ахвотай. Пры такім раскладзе, як кажа фінансавы аналітык Ала Горына, рабіць аптымістычныя прагнозы адносна курсу беларускага рубля не выпадае:

«Шчыра кажучы, я пакуль падставаў да аптымізму няшмат бачу. Курс абсалютна
Чымсьці ўрэшце давядзецца ахвяраваць ...

непрадказальны, хоць нам зараз і спрабуюць давесьці, што ўсё пад кантролем. Ну хто зараз можа нешта прагназаваць? Гэта ж залежыць нават ня столькі ад рынку, колькі ад эмісійнай палітыкі Нацбанку і ўсялякіх іншых палітык. Бо вельмі важна, як надалей будуць сябе паводзіць урад, Нацбанк у сытуацыі, калі трэба і інфляцыю стрымаць, і даходы насельніцтва забясьпечыць. Чымсьці ўрэшце давядзецца ахвяраваць. Таксама немалаважны фактар, ці ўдасца атрымаць нейкія пазыкі для падтрыманьня курсу рубля на патрэбным узроўні».

І хоць па выніках біржавых таргоў рубель ад пачатку году дэманструе тэндэнцыю на ўмацаваньне, у цэнавым выражэньні тавараў і паслуг дынаміка адваротная. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, індэкс спажывецкіх цэнаў вырас ад пачатку студзеня ў сярэднім на 1% да сярэдніх коштаў сьнежня 2011-га.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG