Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: абласны суд адмяніў вырак у справе дактыляскапіі


Берасьцейскі абласны суд адмяніў рашэньне Маскоўскага суду Берасьця ў справе Віталя Казака, пакаранага за адмову ад дактыляскапіі. Справу накіравалі на пераразгляд.

Спадар Казак адмаўляўся ад дактыляскапіі з рэлігійных перакананьняў. Ён нават падаў вынікі ДНК-аналізу, але міліцыянтаў гэта не задаволіла і яны ўсё роўна патрабавалі, каб ён здаў адбіткі пальцаў. У выніку на Віталя Казака склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, і Маскоўскі суд прысудзіў яму 1 мільён 50 тысяч штрафу.

Праваабаронца Ўладзімер Малей, які аказваў юрыдычную дапамогу Віталю Казаку, кажа, што ранейшае абвінавачваньне ў абласным судзе развалілася:

«У гэтай справе падчас суду першай інстанцыі былі дапушчаныя шматлікія парушэньні: судзьдзя Маскоўскага суду ня выклікаў работнікаў міліцыі, якія ўзбудзілі адміністрацыйную вытворчасьць. Судзьдзя кіраваўся толькі тымі дакумэнтамі, якія знаходзіліся ў матэрыялах справы — тлумачэньнямі супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго, згодна з законам аб дактыляскапіі, яе павінны праходзіць асобы, якія зьяўляюцца ваеннаабавязанымі. У Маскоўскім судзе не было ўстаноўлена, ці зьяўляецца Казак ваеннаабавязаным. Таму абласны суд прыняў справядлівае рашэньне — адмяніў вырак Маскоўскага суду і накіраваў справу на новы разгляд», — тлумачыць праваабаронца Ўладзімер Малей.

Праваабаронца кажа, што адмова ад дактыляскапіі ўвогуле не нясе за сабой нейкіх санкцый.

«Таму і быў прыдуманы такі варыянт — непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Гэта, як я лічу, неправамерна», — кажа Ўладзімер Малей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG