Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распрацавана прылада хуткага аналізу ДНК


Амэрыканская кампанія біятэхналёгіяў пачала прымаць заказы на прыладу, якая дапаможа зрабіць своеасаблівую генэтычную мапу для чалавека за адзін дзень. Але ў той час, як дасьледчыкі вітаюць патэнцыял прылады, здольнай паскорыць мэдычныя дасьледаваньні, іншыя адначасна зьвяртаюць увагу на праблемы, датычныя прыватнага жыцьця.

Што можна даведацца пра чалавека за адзін дзень? Вы можаце адзначыць колер вачэй і рост, даведацца, ці ёсьць у чалавека браты і сёстры і, магчыма, што ён любіць рабіць у вольны час. Але як наконт магчымасьці высьветліць, што чалавек генэтычна схільны да разьвіцьця раку тоўстай кішкі ці, хутчэй за ўсё, ніколі не аблысее?

Дзень, калі такая інфармацыя будзе лёгка дасягальная, магчыма, не за гарамі — дзякуючы новым прыладам, як Ion Proton Sequencer. Гэта першы з новага пакаленьня дэкодэраў геному, якія могуць чытаць усе 3000000000 літараў ДНК чалавека — унікальнай генэтычнай інфармацыі, якая вызначае, як жывы арганізм разьвіваецца і функцыянуе — чытаць у больш кароткія тэрміны і за меншыя грошы, чым раней.

Ён дзейнічае на аснове тэхналёгіі, аналягічнай тым, якія ёсьць у лічбавых камэрах для назіраньня і запісаў бітаў генэтычных зьвестак.

Пакуль што апарат прызначаны выключна для дасьледчых мэтаў, а не для лячэньня. Поўнае дасьледаваньне ДНК каштуе каля $ 1000 і займае менш як адзін дзень, тады як папярэднія распрацоўкі займалі тыдзень і каштавалі ў 10 разоў болей. Кампанія пачала прымаць заказы на 10 студзеня.

Манэш Джэйн, віцэ-прэзыдэнт Life Technologies па маркетынгу, кажа, што скарачэньне часу і выдаткаў будзе спрыяць разьвіцьцю сучаснай навукі генэтычных дасьледаваньняў — пачынаючы ад мутацыі клетак, здольнай выклікаць рак.

Рычард Гібс, дырэктар дасьледчага цэнтру Бэйлэраўскага мэдычнага коледжу (ЗША) сказаў, што "дасьледаваньне геному за 1000 даляраў было нядасягальнай марай усяго некалькі гадоў таму".

Экспэрты кажуць, што такія апараты і іх менш дарагія варыянты калі-небудзь будуць даступныя ў бальніцах і мэдычных кабінэтах.

Але адначасна ўзьнікае і шэраг этычных праблемаў.

Артур Каплан, дырэктар Цэнтру біяэтыкі пры ўнівэрсытэце Пэнсылваніі, зьвяртае ўвагу на аспэкты, зьвязаныя з асабістым жыцьцём:

"Ня трэба прыкладаць шмат намаганьняў, каб атрымаць фрагмэнт ДНК каго-небудзь (вы можаце атрымаць яго з тканіны або з шкла), і ўзьнікае рызыка таемных тэставаньняў. Хтосьці вывучыць вас бяз вашага ведама ці бяз вашай згоды".

На думку Каплана, прававыя аспэкты недатыкальнасьці асабістага жыцьця павінны распаўсюджвацца і на сфэру генэтычнай інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG