Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: адлічанаму асьпіранту адмаўляюць у дапамозе па беспрацоўі


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі

Адлічанаму з інстытуту фізіялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі асьпіранту Аляксею Паўлоўскаму Магілёўскі рэгіянальны цэнтар занятасьці адмаўляецца выплачваць дапамогу па беспрацоўі.

Паводле Паўлоўскага, у ягонай працоўнай кніжцы не пазначана прычына адлічэньня, чаго патрабуе працэдура такіх выплат. На ўлік яго ўсё ж паставілі, але пасьля скандалу.

"Я пайшоў у цэнтар занятасьці. Падаў сваю працоўную кніжку. Яны пачыталі запіс, што рашэньнем навуковай рады і прэзыдыюму акадэміі мяне адлічылі. Мне заявілі, што ў працоўнай кніжцы так ня пішацца, бо не пазначана прычына. Я зь імі спрачаўся, каб мяне зарэгістравалі беспрацоўным хаця б. Свайго дамогся, але дапамогі выплачваць мне ня будуць, пакуль не даведаюцца пра прычыну адлічэньня. Адправілі, наколькі я ведаю, факс у акадэмію. Сытуацыя для мяне вытлумачальная. Калі мяне адлічылі, то не было падставаў для гэтага, і таму было вырашана, відаць, запісаць так, як ім думалася, каб галоўнае незразумела было. А потым праз пэўны час заднім чыслом чаго выдумаюць", кажа Аляксей Паўлоўскі.

Аляксей Паўлоўскі адлічэньне з навучальнай установы лічыць неабгрунтаваным. Заяўляе, што адміністрацыя гэтак адпомсьціла яму за актыўнасьць у адстойваньні сваіх правоў і правоў іншагародніх студэнтаў. Паўлоўскі дамагаўся, каб студэнтам выдзелілі пакоі ў інтэрнаце. Пагражаў адміністрацыі правядзеньнем акцыі-мітынгу "За квітнеючую Беларусь з койка-месцамі для ўсіх". Як заяўляе Паўлоўскі, ён падаваў у суд скаргу на кіраўніцтва інстытуту фізіялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Разгледзець скаргу маюць у лютым. Аляксей Паўлоўскі скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова, потым два гады адпрацаваў у сельскай школе. Скончыў магістратуру ў тым жа ўнівэрсытэце зь сярэднім балам – 9. Ён сябра незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG