Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады — «за», людзі — «супраць»


Жыхары Слуцку пратэстуюць супраць рашэньня мясцовай улады пабудаваць у межах гораду сьмецьцеперапрацоўчы завод.

На апошніх адкрытых грамадзкіх слуханьнях, падчас якіх абмяркоўваліся ацэнкі ўзьдзеяньня гэтага прадпрыемства на навакольнае асяродзьдзе, людзі выказалі сваю нязгоду з рашэньнем улады.

Для новага заводу адвялі будаўнічую пляцоўку побач зь мясакамбінатам і цукровым заводам. Гэтыя прадпрыемствы таксама забруджваюць сваімі выкідамі паветра і ваду. Мясцовыя жыхары супраць новага аб’екта, які яшчэ больш пагоршыць экалягічную сітуацыю.

Жыхар Слуцку Леанід Васільеў удзельнічаў у апошніх адкрытых грамадзкіх слуханьнях:

«Людзі там жывуць даўно, і ім надакучылі экалягічныя праблемы. Жыхары кажуць,
Там жа тры дзіцячыя садкі, школа, каледж ...

што для ўлады іхныя інтарэсы — на другім пляне. Чыноўнікі перадусім дамагаюцца эканамічнай мэтазгоднасьці. Яны маюць намер збудаваць яшчэ адзін завод як мага бліжэй да інжынэрных камунікацыяў, каб затраты былі найменшыя. Народ жа кажа, што жыць тут стане яшчэ больш небясьпечна для здароўя. Там жа тры дзіцячыя садкі, школа, каледж...»

У Слуцкім райвыканкаме паведамілі, што новы праект нібыта дазволіць прыцягнуць каля 40 мільёнаў эўра замежных інвэстыцыяў і стварыць больш як 30 працоўных месцаў.

У людзей — іншыя аргумэнты. Гаворыць Анатоль Паплаўны:

​«Само прадпрыемства, калі верыць цяперашнім абяцаньням, можа быць экалягічна чыстым. Але ж тое самае сьмецьце, што будуць вазіць, абавязкова будзе вывальвацца на дарогу ў мікрараёне. Дарогі і пад’езды да заводу стануць забруджанымі. Таму мясцовыя жыхары ня вераць абяцаньням. Зь іншага боку, яны і ня супраць, каб такі завод у Слуцку быў, але не пад іх вокнамі...»

Інвэстар новага прадпрыемства ў Слуцку — менскае таварыства з абмежаванай адказнасьцю. Кошт меркаванага будаўніцтва — 160 мільярдаў беларускіх рублёў. Юрыдычную назву выканаўца заказу не называе, апасаючыся, што дамова ў выніку пратэсту случакоў можа быць скасавана. Пра гэта кажа і наш наступны суразмоўца — прадстаўнік Цэнтру экалягічных рашэньняў Анатоль Калач:

«Мы незадаволеныя абранай тэхналёгіяй, бо лічым, што ёсьць больш сучасныя і лепшыя. Хоць інвэстар і зьбіраецца выкарыстоўваць замежнае абсталяваньне, але, як мы лічым, яно будзе не найлепшым чынам працаваць у беларускіх умовах.
У такім выпадку абавязкова адбудзецца выкід дыяксыну, атрутнага рэчыва, у атмасфэру ...

Бо за мяжой сартаваньне адкідаў і сьмецьця ідзе паасобку, а ў нашых умовах невядома што туды трапіць. Тым больш, што прапануецца піроліз — гэта адна з тэхналёгіяў, якая спальвае адкіды, і тым самым вынішчаецца пэўная частка рэсурсаў.

Па-другое, на першым этапе сьмецьце спальваецца пры тэмпэратуры каля +600 градусаў, а пасьля — другая ступень спальваньня, +1100, прычым з доступам кіслароду. У такім выпадку абавязкова адбудзецца выкід дыяксыну, атрутнага рэчыва, у атмасфэру».

У эколяга Анатоля Калача ёсьць і асабістая ацэнка таго пратэсту, які адбываецца ў Слуцку:

«Я вельмі рады, што людзі выказваюць актыўна сваю грамадзкую пазыцыю. Яшчэ адзін аргумэнт на карысьць гэтага: Слуцкі райвыканкам хацеў пабудаваць завод, які будзе перапрацоўваць 160 тысяч тон адкідаў у год. У той жа час непасрэдна ў Слуцку набіраецца крыху больш за 42 тысячы тон. Значыць, гэта таксама падлягае пратэсту, бо сьмецьце будуць звозіць з суседніх тэрыторый...

Улады павінны прыслухоўвацца да людзей, а не чыніць экалягічныя перашкоды для іх жыцьця».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG