Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь ратуе кальварыйскія магілы


7 студзеня на менскіх Кальварыйскіх могілках моладзевыя актывісты прыбіралі старыя магілы, аб магчымым зносе якіх папярэдзіла адміністрацыя «Спэцкамбінату», адказная за гарадзкія могілкі.

Адміністрацыя зьмясьціла на агароджы пахаваньняў цэнтральнай алеі папярэджаньне аб ліквідацыі магіл XIX стагодзьдзя, калі яны застануцца непрыбранымі і недагледжанымі.

«Чаму тут зьявіліся гэтыя аб’явы, нам пакуль не вядома. Магчыма, гэта проста тыповая працэдура, і кіраўніцтва камбіната не падумала, які рэзананс гэта можа выклікаць у грамадзтве», — адзначыла старшыня моладзевага аб’яднаньня «Гісторыка» Тацяна Міхайлоўская.

Паводле яе слоў, зьдзіўленьне выклікае той факт, што аб’явы зьявіліся на пахаваньнях менавіта XIX стагодзьдзя, а канцэнтрацыя аб’яваў самая вялікая на цэнтральнай алеі.

«Нас бянтэжыць, што магілы могуць зьнесьці, і на месцах пахаваньняў XIX стагодзьдзя ўздоўж цэнтральнай алеі могуць быць пахаваныя іншыя людзі. Кальварыйскія могілкі ўнесеныя ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, паводле заканадаўства тут забаронена рабіць якія-небудзь працы або зьмяняць выгляд гэтага могілак» , — сказала Міхайлоўская.

Сёньня Кальварыйскія могілкі зьяўляюцца адзіным месцам ў Менску, дзе захаваліся надмагільныя помнікі пачатку XIX стагодзьдзя.

«Тут знаходзіцца некалькі пахаваньняў, якія шануюцца беларусамі, напрыклад тут ляжыць бацька братоў Луцкевічаў, у яго вельмі цікавы помнік, нават з фатаграфіяй. Сучасныя фатаграфіі на могілках не вытрымліваюць і 10 гадоў, а гэтая фатаграфія нават выглядае даволі новай. Тут знаходзіцца пахаваньне Вацлава Іваноўскага », — распавяла БелаПАН Міхайлоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG