Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воўчак патрабуе ад КДБ вярнуць рэчы і наладзіць кампутар


Алег Волчак
Алег Волчак

Праваабаронца Алег Воўчак патрабуе ад КДБ выбачэньняў за маральную і матэрыяльную шкоду.

З прэтэнзіямі Воўчак зьвярнуўся да начальніка ўпраўленьня КДБ па Менску і Менскай вобласьці палкоўніка юстыцыі Ўладзімера Калача.

У сваёй заяве праваабаронца адзначае, што вымушаны зьвярнуцца па тлумачэньні пра лёс ягоных і чужых рэчаў, якія былі канфіскаваныя падчас ператрусу 25 сьнежня 2010 году ў межах крымінальнай справы па падзеях 19 сьнежня 2010 году.

Воўчак: «Старшы сьледчы КДБ Дарашэвіч (ён жа і праводзіў ператрус) мне вярнуў рэчы: сыстэмны блёк кампутара, дыктафон і радыёперагаворныя прылады. У асабістай гутарцы ён сказаў, што іншыя рэчы, а менавіта CD і DVD у колькасьці 11 штук, дзьве кнігі „Хроніка дзяржаўнай подласьці. Што, як і чаму здарылася з генэралам Юрыем Захаранкам?“ і паляўнічая стрэльба, якая належыць гаспадару кватэры, дзе я часова пражываю, будуць вернутыя пазьней. Прайшло больш за пяць месяцаў, а я да гэтага часу не атрымаў названыя рэчы».

Ён таксама напісаў Калачу, што сыстэмны блёк кампутара, які да канфіскацыі быў у працоўным стане, цяпер няспраўны. «Тое, што ён быў у працоўным стане, можа пацьвердзіць старшы опэрупаўнаважаны КДБ Радзівончык, які асабіста правяраў на ім інфармацыю ў прысутнасьці сваіх калегаў Кукеля, Шымкевіча і сьледчага Дарашэвіча».

Воўчак нагадаў, што гэтыя рэчы канфіскаваліся па крымінальнай справе, якая ўжо даўно разгледжаная ў судзе і прысуд уступіў у законную сілу. «А таму мне не зразумела, чаму вы іх утрымліваеце да гэтага часу», — цытуе ліст Воўчака БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG