Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cтаршыня Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША выступіў з заявай да гадавіны Плошчы


Крыстафэр Сьміт
Крыстафэр Сьміт

Cтаршыня Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША Крыстафэр Сьміт выступіў з заявай да гадавіны падзей 19 сьнежня. Ён назваў гэтыя падзеі «трагічнымі і крывавымі», а мінулы год — «жахлівым» для беларусаў.

Паводле кангрэсмэна, тактыка, ужытая 19 сьнежня 2010 году і пазьней, пацьвердзіла прыроду лукашэнкаўскага рэжыму — дыктатуры, якая насаджае паўсюдную атмасфэру страху й душыць іншадумства. Рэпрэсій такіх маштабаў і жорсткасьці Эўропа ня ведала больш за дзесяцігодзьдзе, адзначае палітык. Увесь мінулы год чыніўся неаслабны ціск на грамадзкую супольнасьць і незалежныя СМІ, адначасова пагаршалася эканамічная сытуацыя.

Крыстафэр Сьміт заклікае прыцягнуць Лукашэнку і яго памагатых да адказнасьці за перасьлед тых, хто абараняе правы чалавека і змагаецца за свабоду сваёй краіны.

«У гэтую сумную гадавіну мы пацьвярджаем нашае патрабаваньне неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча, Зьмітра Бандарэнкі, Зьмітра Дашкевіча, Алеся Бяляцкага і іншых палітвязьняў».

Кангрэсмэн таксама заклікаў Лукашэнку неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праваабаронцаў, адвакатаў і незалежных журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG